«ПЕРШЫ СЛУЦКІ ПОЛК СТРАЛЬЦОЎ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ».
Пад гэты сцяг у Семежава і сабраўся Слуцкі полк. Узначаліў яго капітан Анцыповіч. Апошнія часткі пакідалі Слуцак 24 лістапада. І Стаўка, і Рада таксама прыехалі ў Семежава. За тры дні ў «Слуцкае войска» запісалася каля дзвюх тысячаў добраахвотнікаў, а люд усё збіраўся й збіраўся — хто верхам на сваім кані, хто на падводзе, хто — пешшу прыходзіў, каторыя стрэльбы мелі — дома іх не пакінулі… З хатулямі, па зімоваму апранутыя — у доўгіх кажухах, у цёплых паддзёўках. Пачалі фармаваць і кавалерыйскі атрад, і палкавы абоз.
Збірацца пад Семежавам збройныя часткі пачалі яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. Першыя аддзелы сыходзіліся ў Грозаве, дзе мабілізацыю абвясціў прапаршчык Пётра Бабарэка (родам са Старыцы, што непадалёк ад Грозава). За тыдзень сабралася амаль пяцьсот чалавек. Раніцай 10 кастрычніка выйшлі па загадзе з Грозава. Па дарозе да іх далучыліся паўтары сотні стральцоў з Грэскае воласці, сабраных афіцэрам царскага войска Міколам Віткам з вёскі Праходы. Начавалі ў Цімкавічах. Разышліся па хатах, па сенавалах — балазе йшчэ не дужа холадна было. Жылка з стрыечным братам (іхняе Падлессе за дзесяць кіламетраў ад Грозава ляжала), забраўшы дзядзькаву-бацькаву стрэльбу — адну на дваіх — таксама на мабілізацыю збеглі. Падчас запісу пазнаёміліся з Юркам Харытончыкам — іхнім аднагодкам. Разам трымацца дамовіліся (а стрэльба адна на траіх стала). Разам і ў цімкавіцкай хаце спаць палеглі — у гаспадароў Раманоўскіх. Павячэралі, што было: бульбы з груздамі смажанымі, а як спаць клаліся, у пакой да іх гаспадароў хлопец зайшоў, Мікола. Пра падзеі распытваў, лоб свой высокі моршчыў. Нейкую тужлівую зайздрасць у ягоных вачах лавілі госці, напятую турботу… І паснулі разам на падлозе, на матрацах разасланых…
«Ну і пераплёў сваім вязьмом год той жыціны-жыцці людскія! — дзівіўся Алесь. — Цяжка ж, пэўна, бачыць было Міколу Раманоўскаму, як аднагодкі ягоныя з ягонай хаты ваяваць ішлі, шчымліва таго ранку выпраўляць было іх, — а самому дома заставацца. Пагаварыць жа ён, Мікола Раманоўскі — Кузьма Чорны — з Жылкам ужо толькі праз шэсць гадоў зможа — у Менску, і разам літаратурнае згуртаванне «Узвышша» апекаваць стануць… І Адам Бабарэка з імі будзе. А вось тады… Але ж ці разыходзіліся шляхі іхнія? Не. Не! І былы настаўнік, сакратар валаснога рэўкома ў Цімкавічах, а затым справавод Слуцкага вайсковага камісарыяту — Кузьма Чорны папярэджваў «ухіленцаў» ад мабілізацыі ў Чырвонае войска пра карныя аблавы! І гэта ж ён выратаваў два дзесяткі параненых пад Цімкавічамі слуцакоў, сярод іх — і бацьку Алесевага, начальніка брыгаднага шпіталя, які не пакінуў параненых!.. Чырвоная конніца нечакана з тылу наляцела, і шпіталь, што на ўскрайку Цімкавіч месціўся, адбіла ад асноўных палкавых сілаў. А Чорны-Раманоўскі параненых лесам на колішнія касавіцы перавёў. У стагах нязвезеных і перахаваліся, пакуль Цімкавічы зноў ад бальшавікоў не адбілі… А з Жылкам не пайшоў тады ў Семежава — ці не таму, што цяжкія ўзгадкі пад ногі кідаліся, дарогу засцілі? Бацькі ж ягоныя ў маёнтку Боркі (пад Грэскам) парабкавалі, і не ў каго-небудзь, а ў Вайніловіча, у Слуцкім доме якога і Нацыянальны Камітэт, і Рада месціліся… І на палякаў, да ўсяго, крыўда закіпала — гэта ж яны Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю закрылі, у якую з такімі высілкамі ён быў паступіў… А цяпер іх вінтоўку — як чуў — браць? І Чорны тады дарогаю Ігнатоўскага і Бабарэкі пайсці вырашыў.»
Далейшы запіс у Слуцкую брыгаду вымушаны былі перапыніць: не хапала ўсім зброі («вольных» налічвалася каля трохсот вінтовак і два кулямёты, ды ўсе былі няспраўнымі).
І здарылася нечаканае… На семежаўскі мабілізацыйны пункт прыйшоў Міця Буба, паспакайнелы, рашучы (пра гэта пазней Васіль Русак, на той час куратар вербунковага адзьдзела, расказваў).
― Пішыце мяне ў войска!
― А што ты ў ім рабіць хочаш?
― Злыдняў біць!
― Якіх?
― Каторыя старца Вярхоўскага застрэлілі…
― А пра тое, што ў Семежаве запіс праводзіцца, ад каго дачуўся?
― У абвестцы ў Слуцку прачытаў.
― Дык ты й чытаць навучыўся?
― Старац Вярхоўскі літары паказаў… Яшчэ мы з ім разам прошчу аднаўлялі…
Зірнуў Русак на ягоныя магутныя далоні-капачы і ўраз ажывіўся.
― Пачакай крышку, братачка, — і да камандзіра палка пабег. Вярнуўся ўзрушаным, радасным, абняў Міцю і выпаліў: — Слухай, даручана нам майстэрню па наладзе сапсаванай зброі закласці… Ці возьмешся?
― Чаму б не.
― А накавальню пяленгаваць не развучыўся?