Выбрать главу

На гэты раз случакі пачалі страляць ледзь не з тылу. І зноў Алесь не мог ажывіць свой палец, хоць перад ім усё бліжэй і бліжэй торкаліся ў прамерзлую зямлю гарачыя кулі. Застагнаў праваруч шараговец і прыпаў тварам да сшэрхлай травы, сціх. Алесь крануў яго рукою — маўчыць. Паспрабаваў перакуліць — і ўскрыкнуў у сполаху… Лоб чалавека быў разбіты, сподзіў і пакута на скрываўленым твары…

І тады ўнутры яго як штось абарвалася, лопнула. Ён схапіў вінтоўку, злавіў у проразі цэліка наступоўца, роўнага гадамі з забітым суседам, і паспрабаваў сцішыць дыханне. А сэрца, як на тое, моцна штурхала-білася ў грудзі, перашкаджала цэліцца. І ён наноў адшукаў таго ж чырвонаармейца, да болю прыкусіў губу — і стрэліў… Чырвонаармеец як натыркнуўся на штось нябачнае, паспрабаваў зрабіць яшчэ крок — і ўпаў на самым схоне дарогі…

Гэта была першая перамога. Ён нават не ўсвядоміў, як аціх бой. Узняў да неба заледзянелыя вочы: цяжкія плыты-хмары зніклі, усё роўна як панеслі ў свет убачаную бяду. І неба ўраз паглыбела, павышэла, як хтосьці зняў з яго даўкую хмарную запавесу. І раптам зацерушыў снег, мяккі, бялюткі — невядома адкуль…

Акрыленыя першым поспехам, случакі нешырокім фронтам — Грозаўскі полк злева, Слуцкі справа — пайшлі ў наступ. Значныя баі прагрымелі каля вёсак Садавічы, Быстрыца, Дошнава, Вызна, Лютавічы. Раслі не толькі страты, але й уменне, і мужнасць, і вера.

Яна і прывяла брыгаду зноў да Слуцка, дзе адбыўся жорсткі бой. Бальшавіцкі батальён быў разбіты, і абаронцы занялі горад. На іхні бок дзесяткамі пачалі пераходзіць чырвонаармейцы-беларусы — перад гэтым па іхніх частках распаўсюдзілі ўлёткі-агіткі.

Праз дзень у Слуцку сустрэліся з узводам, адкамандзіраваным БВК. Узначальваў яго Макар Краўцоў.

Уся гісторыя чыну — ад спісаў добраахвотнікаў да апісання баёў — адлюстроўвалася ў штодзённых загадах па штабе брыгады й палкавых паведамленнях. Але ж дзе цяпер тыя архівы?.. А вось з самых далёкіх закуткоў памяці не-не, дый выплывае ці то згадка, ці то цэлая карціна — і ажывае перад вачыма…

Антон Сокал-Кутылоўскі

Як і чакаць можна было, Юрка Лістапад не забыў на пакінутую чырвонаармейскую «капыльскую» роту, насядаў на Жаўрыда:

― Там жа столькі зброі, а ў нас тры вінтоўкі на пяцёх, а яшчэ ж людзі збіраюцца…

― Дык што, яны табе так задарам і выкладуць усё? — толькі ўсміхаўся Жаўрыд.

― Урэшце ж, і сілаю адабраць можна, — не адступаў Юрка.

― Урэшце-зрэшце… Ты упэўнены, што там і запраўдна рота тая стаіць? — Жаўрыд быў непадступным.

― Якая размова тут… Фронт жа трэба пераходзіць, — занепакоіўся быў і капітан Чайка, камандзір Слуцкага палка.

На тым на колькі дзён разышліся. І раптам — перанімае каля складоў Жаўрыд:

― Ну, браце, выслалі выведку. Пацвердзяць звесткі твае — збірайся ў паход…

Не схлусіў тады Марылін прымак — стаяла ў Капылі рота чырвонаармейцаў, стомленых, адарваных ад сваіх злучэнняў.

Сталі рыхтаваць напад, ды напачатку — неспадзеўка. Капітан Павел Чайка аказаўся здраднікам. Праз знаёмага селяніна — дзеда гадоў пад семдзесят, выправіў ліст да «маскоўцаў» на той бок фронту, а ў лісце — апісаў пабудову і ўсе недахопы Слуцкай брыгады, апісаў падрабязна, дакладна (каму ж, як не яму, знаць было пра тыя недахопы?). Калі ж Рада прызначала камандзірам Чайку, капітан Сокал-Кутылоўскі выказваўся супраць, бо добра ведаў гэтага чалавека… Яшчэ напачатку 1919 года два месяцы папрацаваў Сокал-Кутылоўскі ў Слуцку пры Ваенным камісарыяце павятовым інструктарам агульнага вайсковага навучання. Чайка ж пры тым камісарыяце ваенным кіраўніком быў і выдаваў сябе за прыхільніка савецкай улады. І калі Сокал-Кутылоўскі прапанаваў яму кідаць бальшавіцкі камісарыят і падавацца за мяжу, Чайка падазрона адмовіўся, а пазней з падтрымкі слуцкага ваеннага камісара Лебедзя яго, Сокал-Кутылоўскага, злавіць і пад суд аддаць меціў.

Загад Рады Сокал-Кутылоўскі выконваць мусіў — ехаць у вёску Лютавічы па Чайку і выклікаць яго ў Слуцак. Алесь тады разам выбрацца падахвоціўся (усё ж не дужа блізкая дарога — ледзь не пад самую Вызну). Мінулі, помніцца, работніцкую Івань, пракаветнае Селішча, языкатыя Прыдзіркі, балацяное Жабчава, прысадзістыя Садовічы, а ў Лютовічах (стаіліся адразу ж за глыбакаватай Волкай) Алесь і высмеліўся:

― Бачыце, як назва выбіваецца… Не слуцкая яна нейкая… Лютая!

Прамаўчыць на гэта Сокал-Кутылоўскі, усміхнецца толькі журботна, затоена…

А здрядніцкі ліст Чайка колішняму начальніку — Лебедзю — перадаваў. І прыпісы пачуццёвыя зрабіў пра сваё «расчарованне» слуцкім супрацівам. Прапаноўваў Лебедзю тэрмінова выступіць супраць случакоў… Ды, дзякаваць Богу, прыфрантавы патруль дзеда-пасланца затрымаў і ліст той ад Чайкі перахапіў. Здрадніка арыштавалі й перадалі ў контрвыведку. Па палку погалас прабег. Жаўнеры нядаўняму камандзіру смяротнага пакарання вымагалі. Бачачы гэта, начальнік контрвыведкі паручнік Мірановіч (добры сябар Чайкі) дапамог арыштанту збегчы.