Назаўтра тэрмінова сабралася Рада Случчыны і пастанавіла арыштаваць камандзіра брыгады капітана Анцыповіча — «за халодныя адносіны да вайсковых тайнаў» — і паручніка Мірановіча.
А праз паўтара месяца асобы адзьдзел ЧК пры Рэўваенсавеце 16-й арміі па пастанове бальшавіцкай тройкі асобага адзьдзела ад 7 студзеня 1921 года прыгаварыў Чайку да расстрэлу — «за измену Советской власти»…
Рада Случчыны прызначыла камандзірам брыгады Антона Сокал-Кутылоўскага, беларуса-двараніна, былога царскага афіцэра, за храбрасць узнагароджанага салдацкім Георгіеўскім Крыжам.
Ледзь не жывою легендаю быў для слуцкіх шарагоўцаў Сокал-капітан (так звалі яны між сабою Антона Андрэевіча). Паважалі як роднага бацьку, і слова грубага ад яго ніколі не чулі. Добрым быў капітан, чуйным, мяккім нават, — усё роўна як зусім не для вайны народжаны. А войны, між тым, здаўна роду ягонаму чынілі пераслед.
Нарадзіўся Антон Андрэевіч у 1892 годзе ў маёнтку Чырвоная Горка над Ланню — у Лунінецкім павеце. Там і скончыў гімназію, семінарыю, вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце…
Вайна выпісала і лёсы Кутылоўскіх, па жывому, бывала, рэзала. Антону ж з усіх сямейнікаў найбольш ад яе дасталося…
Аднойчы, дабіраючыся з Лунінца ў Пецярбург, затрымаўся ён у Панявежы — горадзе свайго колішняга шкалярства. Прыехаў цёмначы, а назаўтра прачнуўся ў гасцініцы і здзіўлена стаў азіраць з акна другога паверха галоўную вуліцу горада: крамы ўсе зачынены, вокны дамоў занавешаны, на колькі можна было ахапіць позіркам — пуста, гарадчукі быццам усе раптам з'ехалі куды. Сышоў уніз, запытаў у намярнога, чаму гэта горад вымерлым выглядае…
— Халера ў горадзе. І вам нельга выбірацца адсюль, пакуль не знімуць каранціна…
Што ж, давялося вяртацца ў свой нумар. Пад абед людзі ў чорных масках пранеслі пакрытага чорным сукном нябожчыка. І зноў — нікога. А праз паўгадзіны — дзяўчына вуліцу перабегла і раптам, як спатыкнуўшыся, схапілася за жывот, упала — акурат перад уваходам у гатэль… Ужо колькі хвілінаў яна сціскалася ад болю, а ніхто не з'яўляўся. І тады да бедалагі збег Антон.
— Памажы…це… — праз стогн высіліла дзяўчына.
Як у морыўным сне: падхапіў яе на рукі і прынёс у свой нумар, паклаў на ложак. А далей — што? Прыпомніў, як чытаў колісь — пра тое, як адзін падарожнік у экватарыяльнай Афрыцы лячыў свайго сябра ад халеры. Зняў з дзяўчыны ўсё адзенне і абкруціў мокрым прасцірадлам. Мігам — у аптэку, па воцат. Нацёр ім гарачае цела дзяўчыны. Затым абрус воцатам змачыў і ўжо ім абгарнуў хворую. Два разы на дзень даваў выпіць моцнае гарачае гарбаты, змешанай з салодкім чырвоным віном.
Два дні і дзве ночы праседзеў каля дзяўчыны, а потым тая пачала папраўляцца, усміхацца нават…
На сёмы дзень пайшлі да яе бацькоў. Дзверы і вокны дома забіты дошкамі.
«Халера і маці, і бацьку забрала», — уздыхалі суседзі. А ў Ядзвігі Кіркілы — так звалі дзяўчыну — нікога са сваякоў у горадзе не было. Адзіны старэйшы брат Эдуард вучыўся ў Пецярбурзе ў ваенна-медыцынскай акадэміі.
Нічога не заставалася, як адвезці Ядзвігу ў Пецярбург да брата (пра яе далейшую вучобу ў Панявежскай жаночай гімназіі давялося забыць). Але без сродкаў на жыццё застаўся і брат Эдуард…
Антон пачаў сам рыхтаваць Ядзю, каб тая магла вытрымаць экзамены — хацела стаць настаўніцай. І грашыма памагаў.
Пра ўсё напісаў бацькам, і тыя наказалі прывезці Ядзю да іх, у Чырвоную Горку. Выбраліся на летнія вакацыі.
Сямейнікі адразу ж палюбілі прыгожую і сціплую дзяўчыну, увосень з жалем адпускалі яе ў Пецярбург.
Праз тры гады Ядзя паспяхова здала экзамены і атрымала пасаду настаўніцы ў літоўскім горадзе Папангене, куды і выехала ўлетку 1914-га. Праз колькі месяцаў Антон меўся дабрацца да Ядзі — каб разам вярнуцца да бацькоў і там справіць вяселле.
А ў ліпені пачалася вайна. Папанген захапілі немцы, Ядзя апынулася ў акупацыі, а Антона прызвалі ў рускае войска…
У палку іх было чацвёра — маладых афіцэраў-сябрукоў. Нельга сказаць, што ўсе яны мелі аднолькавыя рахункі з жыццём. Дваццацітрохгадовы паручнік Рудамёткін, сын купца-мільянера, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, а цяпер камандаваў першай ротай. Шчыры і жыццярадасны хлопец. Дваццацігадовы падпаручнік Верашчэцін, сын чыноўніка сярэдняй рукі, паспеў толькі скончыць гімназію. Бестурботны, праўдзівы, меў звычку захапляцца ўсім. Самым сталым з іхняй чацвёркі быў дваццацівасьмігадовы камандзір трэцяй роты штабс-капітан Мікалай Дзёмін.