Летам 1917-га полк перакінулі на фронт. Ведаючы, што без ахвяраў не абыдзецца, Антон Сокал-Кутылоўскі зноў вырашыў кінуць выклік лёсу: насыпаў у фуражку жменю скручаных паперак, на некаторых напісаў «СМЕРЦЬ»… І сталі сябры гадаць, што каму выпадзе. Без жартаў, сцішана разабралі паперкі, моўчкі разгарнулі… «Смерць» аднаму Рудамёткіну дасталася. Напаўжартам адспявалі яму «вечную памяць» і разышліся. Але ў жарт не перарасло іхняе гаданне. Як падмянілі з таго часу Рудамёткіна: задуменным стаў, весялосці — ані знаку, ад сяброў адвярнуўся.
7 ліпеня пачалася артылерыйская падрыхтоўка да наступу. Іхні полк павінен быў прарываць першае ўмацаванне лініі праціўніка. Рудамёткін бег поруч з Антонам… Ціўкнула, як заблукалае птушанё, перад імі разрыўная куля, і Рудамёткін спыніўся, схапіўся за правы бок, зірнуў спакойна на Антона, усміхнуўся нацята — і ўпаў перад насыпам нямецкага акопа. Там навек і застаўся — нельга ніяк было вынесці таварыша з поля бою…
Пасля гэтага Антон нават у карты гуляць перастаў, пра «гаданне» і падумаць баяўся, — прэферанс толькі раскласці зрэдку дазваляў сабе. Праўда, аднаго разу чорт усё ж зблытаў яго — і рызыкнуў у «дзевятку», ці «жалезку», перакінуцца. Тады Антона ўжо ў сувязь перавялі. Ад'ютант палка даручыў адвезці ў штаб дывізіі пакет з загадам. Адказ чакалі раніцай. Зайшоў перабыць у афіцэрскі клуб — а там чалавек з чатырнаццаць рэжуцца ў карты, на грошы (акурат пенсіён атрымалі). Ну і падсеў да іх Антон. І — трэба ж! — якую б карту ні адкрываў — кожная выйгравала. Усе кішэні павыварочвалі, у ардынарцаў сваіх апошняе забралі… Сярод ночы гульня закончылася — усё да драбніцы прайгралі гаспадары. Развітваючыся, Антон увесь выйгрыш — штось каля дваццаці тысяч! — паклаў на стол, прапанаваў кожнаму забраць сваё. Аднак трэба ведаць афіцэрскі гонар! Пакрыўдзіліся на яго нават, хоць у саміх — сем'і без грошай засталіся. Перад ад'ездам Антон усе грошы штабному ад'ютанту перадаў пад паквітаванне і папрасіў раздаць усім начным «ахвярам». Ледзь не па ўсёй дывізіі чутка пра іхнюю гульбу пайшла…
Толькі восенню 1919-га дабраўся Антон у літоўскі Папанген. І радасна, і турботна сустрэла яго Ядзя:
― Каб жа на паўмесяца раней ты аб'явіўся… — і ледзь прашаптаць здолела: — Праз тыдзень мне пад шлюб ісці…
У той жа дзень Антон ад'язджаў у Вільню. Ядзя прыбегла развітвацца.
― Варочайся хутчэй з пярсцёнкамі заручальнымі! Тваёй буду…
Ды не вярнуўся Антон, не стаў у яе адбіраць новага шчасця. Вайну кленучы, праз колькі дзён ліст Ядзі напісаў, у якім жадаў ёй моцнага шчасця…
Праз год ажаніўся з Аляксандрай Ясінскай, бацькі якой мелі ў Менску тры каменныя дамы. І зноў яго вайна паклікала… І не мог без бою скарыцца Антон свайму лёсу, падаўся ў паўстанцы да суседзяў сваёй Лунінеччыны…
У Капыль выступілі звечара, каб за ноч паспець акружыць мястэчка і атакаваць ужо завідна. Першымі па вуліцах прагізавалі коннікі. З хатаў пачалі выскокваць чырвонаармейцы — у адных сподніках. Усчаліся няўцямныя стрэлы… Непаразуменне, гармідар вакол. Аніяк не маглі разабрацца, хто ж гэта на іх вырашыў напасці.
― Балаховцы, что ли? Чёрт их реж! — хаваючыся за сценку студні (стаяла пасярод вулкі), праціраў вочы мужчына з азызлым тварам.
― Да не… Те атамановцы ночью бы всех порезали… — уставіў шараговец (на выгляд ужо дзед), які залёг побач, з другога боку студні.
Усё роўна як пачуў іх камандзір слуцкі, капітан Сокал-Кутылоўскі, ― у пярэрве паміж стралянінай загадаў узняць сцяг брыгады.
І яшчэ больш зніякавелі бальшавікі — адкуль у слуцакоў вайсковыя адзінкі?!
Наступоўцы спакойна выпхнулі чырвоных з цэнтра, пачалі шчыльней акружаць. Двойка ад студні так нікуды і не перабегла — адчуваў камандзір, што пастка наўкол. Папстрыкваў з нагана, лаяўся на старога шарагоўца:
― Да стреляй ты, черт тебя!.. — злавіў у цэліку нязграбную постаць, зноў пстрыкнуў — і постаць, бачыў, віхнулася назад (твар чалавека разгледзець паспеў нават, загарэлы, маршчыністы)…
― Один… — Камандзір злосна дзмухнуў у рулю нагана, зноў крыкнуў на шарагоўца: — Дёмин, растуды твою мать! Чего ж… — і асёкся раптоўна, торкнуўся тварам у падмерзлую зямлю, — а на сподняй кашулі плямка — з далонь — зачырванела. І нечакана дзіўнае зацішша абрынулася на вулку, як і не здарылася там нічога. Потым адзіночны стрэл, яшчэ адзін — з боку наступоўцаў.