Выбрать главу

― Ты, снайпер хренов! — нарэшце азваўся Дзёмін. — Чё палишь? Я те шо… немчура аль поляк какой?! — спакойна прыставіў да студні вінтоўку, з якой так і не стрэліў сёння (рукі моцныя яшчэ, вялікія, як капачы) — і ва ўвесь рост узняўся…

Пасля гэтага і здалася «капыльская» рота. Зброю ўсю сабралі — каля сотні ствалоў; амуніцыю, канцылярыю ворагі нядаўнія нават разам на падводы грузілі.

― …А мне на ухо командир орет всё… Стреляй да стреляй! А я то вижу — не немцы, не поляки… Как стрелять то, — вуркатаў Дзёмін, — ведь свои почти!

Плішка, якога Дзёмін (амаль роўня па гадах) ахрысціў нядаўна «снайперам», пачаў таксама апраўдвацца:

― А я ж то, думаеш, прыцэльна? Ды я каб ты сам не высунуўся і не падпёк каго… — Закурыў — і да Дзёміна: ― Сам то скуль будзеш?

― Омский я, с Коноплянки… А тут думаю, — зноў на сваё перакінуўся, — как стрелять то в вас… Да и в такую земельку кровь лить грешно даже! Жирнющая то какая! Чай сами от хат недавно оторвались? И как стрелять?..

Як у яблычка пацэліў Дзёмін з Канаплянкі — адрываліся сяляне ад хатаў, і першы з іх — «снайпер» Ціма Плішка. Яшчэ з месяц назад каб хто сказаў яму, што ў свае шэсцьдзесят будзе ваяваць — у вочы б плюнуў. Жыў сабе невылазна ў недалёкім ад Слуцку Набушаве, пчол (яшчэ ад дзеда засталіся) разводзіў — Алесь з Лістападам колісь падчас «інспекцыі» сваёй да настаўніка Пашкевіча бачылі ў садзе ягоныя вуллі: не якія там калоды, а «шляхетныя» вуллі з рамамі (іх даданаўскімі звалі).

Характар Плішка меў адметны… Днямі на пчол глядзець мог. Кульне, бывала, чарку, жонку вакол хаты паганяе — і да вуллёў, зноў аціхае, на пчол вызарыцца. Але суседзі перш не гэтаму дзівіліся (дзяцей, маўляў, няма, дык іншую забаву знайшоў), — а як гэта ён, невысокі, высахлы, сваю Люську адольвае — аж, бывае, енькачыць тая. Каб не ленавалася жонка, не тое што сама паганяць гаспадара свайго змагла б — за пояс завязала б! А пчолы і таго больш паважалі Ціму — дзіўна, але ўжо і забыўся ён, калі ўпякеліла хоць адна. Рой абіраюць ці латкі дастаюць удвох з жонкай — хоць і сеткай тая прыкрываецца, так зрэжуць, што тыдзень азызлая, як порхаўка, ходзіць. А Ціму і без сетак хоць бы хны, голымі рукамі пчол зграбае…

І ніколі Ціма не пускаў жонку на торг мёдам. Сам выбіраўся ў Слуцак — як на свята якое. І апратку чысцейшую падбіраў, вынядзельваўся (Толькі кабаціка свайго на аўчынцы ні зімою, ні летам не знімаў.

«Ад цяплосці не баляць косці!», — на кепікі «Можа й спіш у ім, і ў лазню ходзіш?» адказваў). Нібы падрастаў, нахвальваючы на кірмашы свой мёд.

«Гэта ж вам не рэдзьку вырасціць! Тут прыродным трэба быць…»

І бралі мёд той, і таксама хвалілі — дзіва што: не проста ж быў мёд-зборніца; кожны гатунак — у асобнасці (у залежнасці ад пары года): ліповы, верасковы, грэчны…

А потым не да мёду людзям стала. Не ўсім, канечне… Пацягнуліся вёскай чырвоныя адступленцы — і патрава за патравай у гаспадарцы Цімавай. Жаўнеры польскія аб'явіліся — і яны ад салодкага адмовіцца не маглі. Напачатку Ціма нават спаў у садзе, каб смялей было — напашэве стрэльбу (таксама дзедаву) трымаў. Скарыстаць яе — не скарыстаў, канечне… А начаваў каля вулляў чаго? Ды каб набрыдзі соты не трушчылі, пчол не душылі. Скокне хто крадма ў сад, а ў Цімы (ведама ж — не адкруцішся) стары мёд пад рукою, зацвярдзелы: «На, чалавеча, не турбуй пчол, не кратай вулей…»

А то паспрабаваў вуллі ў лес вывозіць, хаваць — ды і там дапікалі…

На тыдзень стала зацішна. Прамінула, падумаў Ціма, ліха — і вуллі зноў у сад пазвозіў. А гэта, як аказалася, акурат па іхняй вёсцы лінія фронту прайшла. І аднойчы, як палякі паспрабавалі пасунуцца крыху наперад, завухкала за вясковымі агародамі, загрукатала, а пазней за Цімавай хатай як лясне перуном!.. Выскачыў зляканы гаспадар — і ледзь не самлеў: пылу хмара зверху, а пад ёй, пасярод саду, — аграмадная яміна, раструшчаныя камлі яблынь з яе тырчаць, ад большасці вуллёў і следу нават не засталося… Так і асеў Ціма, быццам сам снарадам заблудным падбіты…

І як падмянілі пасля гэтага Ціму, куды былая схільнасць да адзіноцтва дзелася? Завітаў да Пашкевічаў (па суседстве жылі), Рыгора, малодшага Янкавага брата, выклікаў:

— Помніцца, неяк з гарадскога камітэту да нас начальнік нейкі прыязджаў, у войска слуцкае запісваў… Дык мо падкажаш, як цяперака туды залічыцца? — І, ловячы суседава здзіўленне, дадаў: — Ты ж, пагаворвалі, сябар тога начальніка. То й падкажаш мо?..

«Начальнікам» тым быў Антон Борык, а пасябраваць адным з малодшых Пашкевічаў давялося яму ў 1919 годзе — на нямецкай зямлі. Борык — былы капітан царскай арміі — быў кіраўніком ваеннай місіі БНР у Берліне, а Пашкевіч… ваеннапалонным у лагеры «Зольтау» ў Гановеры, каля самага мора (беларусы яго, афіцэра, старэйшым усяе зямляцкай грамады абралі).