А пад раніцу і бацька прыехаў. Перадрамаў з гадзіну — і зноў у дарогу зазбіраўся. Пры брыгадзе дзейнічаў медыцынскі адзьдзел. Раненых большала, і патрэбна было клапаціцца пра шпіталь і абслугу. Непярэліўкі і з медыкаментамі…
Заспеўшы сына з Лістападам у мыцельніку, абняў абодвух — і агаломшыў:
― У медычкі да нас і Люда з Марыяй запісаліся… Як я ні ўгаворваў, не перадумалі. Што рабіць — я й ні ведаю нават…
На месцы гарадскога рынку яны чакалі агульнага збору, спрабавалі жартаваць, грэліся каля наспех скіданага агеньчыка — балазе дошак ад разбітых лаў і сталоў было ўдосталь. Хмурна наўкола, волка. Ужо колькі разоў спрабаваў зацерушыць снег.
І раптам:
― Дзядзька Антон, ці вы гэта?!
Трое мужчын — як па камандзе — сталі. Адзін з іх, ніжэйшы ростам, у густой барадзе, звёў бровы і прастуджана прахрыпеў:
― Жылка, убрыкні цябе кама-а-ар! І ты тут! Дай я цябе пацалую…
Бачна было, мужчыны (сярод іх Алесь пазнаў начштаба Борыка) некуды спяшаліся. Жылкаў знаёмец — Ядвігін Ш. ― разгублена агледзеў усіх хлопцаў, зніякавела пахітаў галавой:
— Трымайцеся… Бог дасць, пабачымся! — А ўжо адышоўшы ад вогнішча, хапіў Борыка за рукаво: — Паслухай, браце… Гэта ж паэт наш малады… Хворы ён. Ды і ўсе — дзеці яшчэ. Яны што — пад кулі йдуць? Памаракаваць трэба… — і азірнуўся змрочны, наструнены.
А брыгада ў той дзень рушыла наперад. Амаль не сустракаючы супраціву, за колькі дзён дайшлі да Урэчча. Тым шляхам — старадаўняй Варшаўкай, паўз Вясею, Набушава — і амаль такой жа парою год назад Алесь ужо ездзіў тут. Цяпер жа, здавалася, шлях нібыта пашырэў, прысады быццам расступіліся.
Ціма Плішка, якому пашэнціла апынуцца ў сваёй вёсцы, раздаў шарагоўцам увесь свой зберажоны мёд, а сам праз дзень, каля Урэчча патрапіўшы пад кулямётны агонь, загінуў у першым батальённым шэрагу.
Пасля адваёвы Урэчча палкі разышліся: Слуцкі лясамі кіраваў далей — на Пагост і Старобін, а грозаўцы падаліся на поўнач, у свой край — на Покаршаў і Вераб'ёва.
Там іх і стрэлі новыя бальшавіцкія сілы, спешна папоўненыя аддзеламі добраахвотнікаў і кітайцаў-наёмнікаў. На фронт супраць мяцежнага палка кінулі цэлую дывізію…
Толькі і Алесь, і Жылка, і Лістапад, і іншыя хлопцы ў тых баях удзелу не ўзялі (і, як ужо думалася пазней, спрычыніўся да гэтага начштаба Борык, а першым чынам — «дзядзька Антон», Ядвігін Ш.).
Пагоршылася забеспячэнне брыгады харчам. Запасаў на трохразовую «пачонстку» не хапала, і пастановаю рады стварылі штат інструктараў, абавязкам якіх і стала здабыццё прадуктаў. Хлопцаў, па праўдзе, «хапіла» ўсяго на два дні.
«Што мы, зломкі якія? Гэта ж і дзяды, і бабы здолеюць: ездзі па вёсках і ахвяраванні збірай».
А некаторым і ў вочы глядзець сорамна было, асабліва пасля таго, як выйшла «раскладка»: пэўным вёскам здаваць па 2-3 «галавы» жывёлы. І скуру назад варочаць, і рэквізіцыйныя квіткі выпісваць… На трэці дзень «на хлеб» выпрасіліся. У многіх пакінутых маёнтках пазаставалася збожжа. Вось і пачалі малаціць і муку здабываць. Малацілі палонныя і перабежчыкі (іх больш сотні назбіралася да гэтага часу). Налічылася б больш, ды беларусаў адразу ж на свабоду адпускалі. (Пазней палонных, па дамове з польскім ваенным ведамствам, накіроўвалі ў лагеры на захад). Частка палонных-беларусаў зноў прыбівалася да брыгады і, гуртуючыся самачынна і асобна, таксама брала ўдзел у баях. Камуністам і камісарам Чырвонай арміі пагражаў расстрэл — пасля выраку ваеннага суда (у складзе старшыні, пракурора, абаронцы і некалькіх прадстаўнікоў камсаставу й ніжніх чыноў) або загаду камандзіра брыгады.
Але й за здабыццём хлебу нудзіліся хлопцы і, пэўна, збеглі б у свой полк, каб не нечаканае новае даручэнне.
Пад Грозавам усчаліся жорсткія баі. Магутная бальшавіцкая 16-я армія вырашыла ачысціць «нейтральную зону» ад «нечаканых» абаронцаў. Польскія ўлады на тое пагадзіліся, груба парушыўшы свае дамовы з беларусамі.
Змену ў ваенна-палітычных варунках адразу ж адчуў Булак-Балаховіч. Случакі мусілі ці загінуць, ці шукаць падтрымкі ад Беларускага Палітычнага Камітэта. Фіктыўна інтэрнаваны, пазбаўлены сваёй «народнай арміі», Булак-Балаховіч меў багатыя ваенныя склады і ўсё яшчэ спадзяваўся стаць на чале Слуцкай брыгады. Дарэмна перадаць зброю ён адмовіўся. Тымчасам і ў радзе, і ў штабе брыгады пачаліся хістанні. Выспелі новыя перамовы, на якія напачатку выправіўся Мацэля, а за ардынарцаў запрасіў Алеся й Лістапада (пэўна, чуў, што яны ўжо «гасцявалі» ў «бацькі»).
…Тыя ўспаміны толькі слаба цепліліся ў ягонай памяці, як тумановым вэлюмам акрыты былі. Зрэшты, і насамрэч туман — халодны, зімны — наваліўся тога ранку на іх. І Лунінец, куды нарэшце дабраліся яны, як у малацэ патанаў, ― так і не разгледзелі места. А з Балаховічам таго разу не пабачыліся — быў у ад'ездзе.