…Хата ў цэнтры мястэчка, але неяк усё ж наводшыбе. Ціскануў мароз, і за дарогу — выбраліся ноччу — зледзянелі. Адразу ж, як прывязалі коней, іх запрасілі ў хату. Падскочыў асілкаваты хлопец і, як даведаўся, што госці са Слуцкай брыгады, забубніў:
― Я ад'ютант генерала Густалес. Дазвольце правяду…
Хата з прысенкам, на адзін вялікі пакой. Пэўна, некалі ўсё ж была падзелена на дзве часткі — падлога сшывалася на палове, і па ёй, відно, і йшла сцяна (бо навошта ж было такога рубца сярод хаты рабіць?). Тры нізкія акны. Круглы стол у куце… Канапы чорнай — няма…
― Слуцакі, рэж вас камары! — голас з прастуджанай хрыпцой, знаёмы ўжо.
«Дык гэта ж Ядвігін Ш.!»
Парукаліся.
― Атаман Дзяргач, — назваўся другі засядайца — у цёплым кабаціку ён выглядаў на карэннага палешука: чорная густая з кучаравінкай барада, цвёрдыя вусы, густыя бровы, цёмныя — але добрыя — вочы (якія адно выдавалі ў ім яшчэ маладога чалавека), бульбаваты нос, змуленыя вусны, абветраныя шчокі…
На стале — папера, алоўкі, скрэсленая карта.
― А па руках мо й кроў ня бегае! Сядайце да грубкі, грэйцеся, — гэта зноў Ядвігін Ш., прыставіў да грубкі — як снег белай — лаву, сам да стала вярнуўся. Пра што вялі гаворку Дзяргач з Мацэлем, Алесь не прыслухоўваўся і ўзгадаць не мог.
― А я атамана Дзергача ведаю ўжо, — абнечаканіў Лістапад. — У красавіку ў Слуцку ён пачынаў вербаваць у беларускае войска ад імя Беларускай вайсковай камісіі. Нацкам наш не падтрымаў тады яго. Але ягонымі пачынаннямі і быў адкрыты вербунковы пункт пад бел-чырвона-белым сцягам. Асвяцімскі рупіўся. Ну ты ж пра гэта ведаеш…
«І насамрэч знаёмы твар Дзергача… Ну, а я ж дзе мог яго бачыць?..» — няўрымсцілася і Алесю.
І толькі калі праз паўгадзіны ў хату яшчэ адзін чалавек увайшоў — высокі, прыгожа апрануты, з гальштукам, даўгаваты роўны нос, добрыя шэрыя вочы пад нізкімі брывамі; зняў шапку — валасы далікатна прычэсаны, маладая лысіна раз'ядала прабор, вусы доўгай хвалькай на канцах ускідваліся ўверх — Алесю як праяснілася…
― Сябар штабу Грач, — сам адрэкамендаваўся зайшла.
«Як Грач? Гэта ж Ксяневіч!..»
Яшчэ з Гаруном бачыў яго Алесь. «Ну пэўна!» А яшчэ й атамана гэтага… Адамовіч прозвішча ягонае…
«Ну дык гэта ж іхнія «псеўданімы» партызанскія!» — Алесю стала ніякавата за сваю нездагадлівасць.
«Канешне, бачыў іх — і Ксяневіча, і Адамовіча! Абодва ў рэзерве БВК ў Менску служылі!»
Адамовіч з падтрымкі бацькі — старшыні Беларускага палітычнага камітэта, таксама Вячаслава — і Ядвігіна Ш., сябра камітэта, заснаваў арганізацыю «Зялёны Дуб». Зрэшты, гэтая ідэя выспела яшчэ ў БВК — аб'яднаць дзейнасць партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. Адступленне Балаховіча толькі паскорыла згуртаванне «Зялёнага Дуба». У лістападзе быў створаны Галоўны штаб. У яго ўвайшлі разам з атаманам Дзергачом, Грачом таксама і Ядвігін Ш., старшы ад'ютант Корч (ён жа Мікола Крывашэін), капітан Фёдараў і яшчэ некалькі надзейных сяброў).
Дзяргач-Адамовіч патрапіў у партызаны наўпрост з БВК, Грач-Ксяневіч жа напачатку паслужыў у польскім войску, затым — у гусарскім палку Балаховіча, на браняпоездзе «Балаховец», які цяпер стаяў у Лунінцы.
А тым часам давяршаўся разгром войска генерала Балаховіча, «бацькавы» атрады, зразумела ж, не маглі супрацьстаяць Чырвонай арміі. 20 лістапада яна адбіла Балаховічаву «сталіцу» Мазыр і адціснула балахоўцаў на польскі бок.
На самога ж генерала ўсчаліся нападкі. Не хацеў дараваць яму служэння незалежнай Беларусі Савінкаў. Узлючаны «начальнік» Рускай добраахвотніцкай арміі кідаў у агонь кіпы дастаўленых яму агентурай балахоўскіх улётак, ледзь не пырскаў слінай:
― Батька выискался! Стенька Разин прямо… «Беларускі народзе! Пасля многапакутных вякоў няволі і здзеку збліжаецца найвялікшы гістарычны момант у нашым гаротным жыцці. Адбудова дарагой нашай Бацькаўшчыны, адраджэнне… Дык гей, беларускі народзе, пад штандар нашага правадыра бацькі Булак-Балаховіча. Адзавісь на магутны кліч сыноў сваёй Бацькаўшчыны. Ачнісь, Беларусь…» Будитель, мать твою…
Балаховіча сталі бэсціць і савецкія, і польскія, і расійскія эмігранцкія газэты. Супраць яго пачаліся судовыя працэсы… Збіў спанталыку польскі генштаб Савінкаў — знішчыў шэраг дакумэнтаў аб дзейнасці Балаховіча, нарабіў пасквіляў. А неўзабаве і сам будзе разбіты Тухачэўскім…