А гэтая скампраметацыя ў габрэйскіх пагромах — таксама ці не ад Савінкава першага пачалася. Сам жа Балаховіч пра гэта адзначаў — у лісце да Пілсудскага пісаў аб тым, што Савінкаў і яго людзі здрадзілі яму, збеглі ў Польшчу ці да бальшавікоў, а цяпер палкоўнікі Паўлаў і Паўлоўскі пад ягоным — Балаховіча — імем зганяюць злосць на беларускіх габрэях…
Папсавалі Балаховічу рэпутацыю ў «жыдоўскім пытанні» і ўкраінскія «госці», — яшчэ ў 1919-м, калі бальшавікі абклалі армію Сымона Пятлюры, Балаховіч дазволіў некаторым яе сечавікам быць на сваёй палескай тэрыторыі. Калі ж дакаціліся погаласы пра гвалты і рабункі пятлюраўцаў, генерал загадаў Пятлюру вывесці свае аддзелы назад на Украіну. Толькі ценю на ўсё ўкраінскае войска кідаць праз тое аніяк нельга! Адданыя патрыёты Украіны палеглі пад Кіевам ці засталіся ваяваць, адыходзілі-хаваліся зазвычай «хістанцы», а ім адно б душа ў целе…
Самога ж Сымона Пятлюру і чыннікам беларускага руху назваць павінны.
«Беларусы ды іхняе нацыянальнае пытанне» — так, напрыклад, называлася адна з ягоных рэцэнзій.
Больш таго — сталым супрацоўнікам часопіса «Украинская жизнь», які да расійскіх рэвалюцый выдаваў у Маскве Пятлюра, быў Максім Багдановіч, яго артыкул «Краса і сіла» ды іншыя да друку… рыхтаваў Пятлюра!
…Але далёка аднесла ўзгадкі ягоныя пра «Зялёны Дуб»… Гэтае згуртаванне — яго афіцыйная назва Сялянская партыя Зялёнага Дуба — была для Балаховіча, як на сёння думаецца, адзіным злучвом з беларускім супрацівам, і ўзрастала не без «бацькавага» куратарства: «хрысцілі» ў свет зеленадубцаў лідэры Беларускага палітычнага камітэта, і партыйныя дакумэнты дапамагалі афармляць, і пячаткі рабілі, і склад штаба, і яго функцыі разам узгаднялі. Да ўсяго ж з «Зялёным Дубам» скрыжаваўся лёс і яшчэ аднаго случака — Радаслава Астроўскага. Займаючы на той час пасаду кіраўніка Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям, былы дырэктар Слуцкай гімназіі і ўжо таксама ў былым міністр асветы, «расстараўся» для партызанаў тытуню і хлеба.
…Зноў усё неяк блытана, спешна ўсплывае. Толькі ж напачатку не пра тое ўзгадаць мецілася, штось яркае… А, вось!
Гэта ўжо назаўтра, калі яны з Лістападам рыхтавалі да ад'езду коней, да штаба ліха прыгужаваў вершнік, кінуў ім павады — пакрыўдзіў, помніцца, за прыслужнікаў злічыў… І зноў штось знаёмае Алесю тады ў ім — у белым кажушку — убачылася, і зноў не адразу праяснілася. І калі абедалі затым разам — вачэй не зводзіў, штось непрыемнае ў душы шкрэблася. А той, у кажушку (не скінуў яго і за сталом), хутка ежу глытаў, жаваў моцнымі зубамі… Выцер вусны сурвэткай, як пра штось вырашанае ўжо сказаў:
― Значыць, суткі на дарогу. А там я з вынікам ганца дашлю — рошыце, што далей рабіць, купляць што перш…
― Дай то Бог, — Драч паківаў галавой. А Ядвігін Ш. перастрэў зацікаўлены Алесеў позірк, улучыў момант — і на вуха: ― Вось пана Асінскага да Варшавы пасылаем. Магдалена Радзівіл золатам падтрымаць вырашыла…
― А хто гэты пан? — нарэшце, думалася Алесю, ён разгадаецца.
― Скарбнік наш. Па фінансах… Ад Балаховіча прыехаў.
Ды толькі мацней штось няўлоўна-неспакойнае, турботнае застукала ў скроні. А калі пан Асінскі пашкроб бараду, Алесь паспрабаваў яго ўявіць паголеным — і ледзьва не ўскочыў! У вушах зашумела… Паспяшыў выбрацца з-за стала, а Асінскі — як учуў што — кальнуў вострымі зрэнкамі. І зноў загаварыў пра сваё. Алесь, прызнацца, усё ж разгубіўся напачатку. Доўга шукаў рукаў свайго паношанага кажушка, зашпільваць не стаў, на лаву — так з учарашняга каля грубкі і стаяла — асунуўся. І толькі калі адчуў пад рукою прыклад сваёй абразанкі, даведзенай да ладу Жалязовічам, крыху супакоіўся, выхопліваў назіркам Асінскага — і чакаў, як той рукі з-пад стала ўзніме (кабура ў тога — паспеў заўважыць — была на дзязе пад кажушком).
«Штось падазрона ён на мяне зіркае… Можа, дарма першым узняўся…»
Але марудзіць і адступацца было позна. Як толькі Асінскі зноў пашкроб бараду, Алесь і бухнуў:
― А вы, пан Асінскі, часам у нас у Слуцку не гасцявалі?
Усе зірнулі на Алеся, Мацэля нават схмурыўся — што гэта так запанібрацкі… Асінскі ж адхінуўся ад стала, скрывіў вусны. Алесь жа — сваё:
― Толькі тады, пры бальшавіках яшчэ, вы Красніцкім былі! І не на кані, а на аўто раз'язджалі… На ім і драпанулі.
І тады ўсе зніякавелі, і Лістапад («Юрка тады ў Менску быў, не можа гэтага ведаць…»), і Мацэля («І яго ў Слуцку на той час не было»). А Асінскага — добра ўбачыў! — як токам працяла, хоць праз вомірг намагаўся быць спакойным:
― Блытаеш, хлопча…