Выбрать главу

Гарматы-трохдзюймоўкі цягнуць далей не здолелі — закапалі на пясчаным узгорку, каля дуба, — каб адшукаць, калі што… Засталіся адны стральцы й кулямётчыкі.

Дапялі й на другі бераг Лані, абселіся па цёмных хатах, абагрэліся. Хтось бегуноў выслаць падказаў у выведку, — і як у ваду глядзеў…

Бягуць яны праз хвілін дваццаць:

― Чырво-оныя!!!

Усе з хатаў. У ланцуг за вёскай — якраз на зручным узвышку — залеглі. Кулямётчык з «максімам» заняў правы фланг, двое з «люісам» — левы.

Зноў ціша, як перад навальніцай. А тады й перуны над галовамі ляснулі — загрукатала артылерыя.

А як чырвоныя набеглі, кулямёт толькі справа сакатаў. Вось тады Алесь з Антосем да «люіса» і кінуліся (бліжэй за ўсіх былі). Аднаго з кулямётчыкаў прыкідала шэрхлымі грудамі, другі стагнаў, скурчыўшыся — заціскаў рукою акрываўлены жывот…

Антось хутка адкінуў забяспечнік — і ўжо ў іх затарахцела. Алесь сачыў за стужкай, а калі за спіною ўбачыў постаць у расхрыстаным шынялі — позна нават крыкнуць было. Выбух ледзь не ў кроку ад іх, неба скаланулася раптам — і знікаць, як плавіцца, пачало…

Асвядоміўся толькі за рэчкай: наспех перабінтаваная голаў, насілкі… А з чатырох соцень шарагоўцаў на дарозе — толькі дзесяткі. Бальшавікі ўсіх, каго ў палон паспелі захапіць, адразу ж на могілках на другім ускрайку вёскі і пастралялі. Дабілі б і яго, каб не Борык. На плечы ўзваліў і аснежанымі садамі — да леса.

Мароз браўся. Чуў, як пад нагамі выратоўца снег храбусцеў — бадзёра, жыва. Нібыта — адчулася — і ягоныя пяткі казытаў, ― патрэскваў, як наэлектрызаваны… І так роспачна стала, так горычна… Так жыць захацелася!..

І быў апошні прывал, і на ім Сокал-Кутылоўскі раскрыліў сцяг брыгады, пакляўся зберагчы яго. Тады ж ацалелая група падзялілася — частка вырашыла вяртацца. У ёй — і Рыгор Пашкевіч, які, моцна абняўшы Борыка, мовіў (і словы тыя прароча й балюча доўгія гады на чужой зямлі абуджаліся-звінелі ў Алесю):

― Не, дружа дарагі… Паспытаў я ўжо чужыны ўдосталь. Дамоў рушу, а там — Бог бацькам. — І ўжо бадзёрай: — Я ж нават і кабылку сваю адшукаў! І як тут апынулася?! Яшчэ палякі адабралі, а яна, калі да лесу беглі, ― за мною… Пазнала мяне, ты верыш?.. — і павёў паказваць Каштанку…

«Сокал-Кутылоўскі ажно да 1931 года перахоўваў сьцяг Слуцкай брыгады, пакуль падчас вобыску яго не адабрала польская паліцыя. У 1921 - 1939 гадах жыў у Заходняй Беларусі. Служыў у царкве і настаўнічаў. Працаваў на будоўлі ў Баранавічах. У чэрвені 1941 года арыштаваны НКУС. Сямью рэпрэсавалі. Пачалася вайна з Нямеччынай — яго вызвалілі. Бярэ ўдзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе (дзе мы з ім і сустрэліся). Падчас Другой Сусветнай Вайны меў напачатку званьне маёра і камандаваў ІІІ-м батальёнам Беларускай краёвай абароны. У яго батальён запісалі і мяне.

З авангардам беларускіх злучэньняў прарываліся ў амэрыканскую зону Нямеччыны. Прарыў зьдзейснілі пасьпяхова, ды амэрыканцы Сокала-Кутылоўскага і некаторых іншых беларускіх вайскоўцаў выдалі Чырвонай арміі, пераапрануўшы іх у «нейтральную» форму. Палкоўнік (на той час атрымау новае званьне) Сокал-Кутылоўскі зьняць з сябе форму беларускага афіцэра адмовіўся. Яго арыштаваў «Смерш». Амаль праз тры гады допытаў палкоўніка асудзілі на 25 гадоў зняволеньня. Паклёпнікі пачалі нагаворваць пра створанае яму райскае жыцьцё…

У лістападзе 1957-га амніставаны. Хворым (балелі ногі) прыязджае напачатку ў Ганцавічы да стрыечнай сястры Веры. Затым некаторы час жыве ў Наваградку ў сына. Дамагаецца выезду ў Польшчу, да жонкі Аляксандры Канстанцінаўны і дачкі Тані. У 1959 годзе зьяўляецца ліст, нібыта напісаны Сокал-Кутылоўскім, пра тое, што ніякага антыбальшавіцкага паўстаньня на Случчыне не было. Выходзіць некалькі артыкулаў на той жа тэмат, падпісаных тым жа прозьвішчам…

Апошнія гады Кутылоўскія жылі ў нястачы (грошы ад сына Леаніда з СССР не даходзілі). У 1980-м правёў у апошні шлях жонку, а праз тры восені на 91-м годзе жыцьця памёр і сам — ад «рака» і незалечнага болю па Радзіме. Пахаваны ў польскім горадзе Шчэцін.»

(З запісаў Алеся Ваяра).

* * *

Калі брыгада пачала разыходзіцца, каваль Жалязовіч, не зважаючы на перасцярогі, падаўся ў Слуцак. Зіму ў кузні ў Лучніках адстукаў, выкоўваў вялікі крыж — за самога большы… Карункамі рознымі — як мог — уаздобіў. А як снег растаў, вясна ў шыбку кузні святлом пастукала — павесіў скураную торбу на шыю (сякерка, малаток, пілка, струганак у ёй), на плечы крыж той жалезны ўзваліў — і пайшоў, пайшоў у лес за Прошчыцамі, расшукаў прошчу, паказаную старцам Вярхоўскім. На паляне, на ўзвышку, дзе крынічка выбівалася йшчэ, — крыж укапаў. А праз тыдзень там і каплічка вырасла — сваімі рукамі склаў.