Выбрать главу

Калі перад іхняй хатай прыпынілася фурманка і з яе выйшаў Ігнатоўскі, Алесь аталапанеў. Заўважыўшы маладога знаёмца, Усевалад Макаравіч усміхнуўся:

― Дабрыдзень васпану! А ці дома бацька?

― З дзяжурства сягоння, дома… Заходзьце, калі ласка. — Алесь ніякавата прыгладзіў, засаромеўшыся, віхрысты чуб і прачыніў дзверы ў хату.

Яцкевічы збіраліся палуднаваць. Бацька сядзеў за сталом, чытаў газэту. Таксама здзівіўся госцю — свайму нядаўняму пацыенту, якога ратаваў пасля моцнага атручвання (бацька нядаўна перавёўся з валасной у павятовую бальніцу).

Ігнатоўскі быў адмовіўся ад пачастунку, але калі пачуў, што згатаваны вясковыя крышані — бульбяны суп — прыставіў да стала табурэтку:

― Што ж, калі крышані — дык паспытаю.

Маці хуценька выставіла талеркі.

― Я, Хведар Дарафеевіч, не з адной падзякай да вас, — Ігнатоўскі ўзварушыў сваю бародку, зірнуў на Алеся: «І падобныя ж яны — сын і бацька: тыя ж блакітна-шэрыя вочы, густыя — «у аглобельку» — бровы, выразны нос, абодва рослыя, дужыя, плячыстыя», — паспеў падумаць, а ў голас мовіў: — Хочам вашага Алеся ў Менск прасіць…

Алесю здалося тады, што ў хаце дзынкнулі шыбы — трываў, каб не папярхнуцца супам.

― Эх… — дзед Алеся, бацька ягонага бацькі, крактануў, пахітаў галавою: — Я ж даўно казаў: якое дзерава, такі й клін, якая мука — такі й блін. Хведар быў сарваўся за свет — у Піцер той, на лекара вучыцца… А тут… Ды і час які — вайна ж! Хай бы ўлазіў у сваю вячнінку, у бацькаўшчыну — пры зямлі б быў… Мадзеў бы, перабіваўся патроху…

― Ну, вайна, дзядзька Дарафей, не вечная, ды і не такі ўжо далёкі свет Менск! — абараніўся Ігнатоўскі.

― А што ж ён у тым Менску рабіцьме? — не да яды было і Алесеваму бацьку.

― Летам пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ўтворана Беларуская школьная рада Меншчыны. Работы шмат, а работнікаў… ― Ігнатоўскі развёў рукамі, ― мала.

― Ды відно, што сам люд вымелеў. Вось раней, — дзед, былы запарожскі казак, ад казацтва ў якога ў васьмідзесяцігадовым узросце засталіся толькі заліхвацкі чуб ды ўспаміны, тыцнуў пальцам некуды ў столь, цмокнуў бяззубым ротам, — раней, братка, мы і палякам маглі нос падцерці… кулаком! Як за тым Хмяльніцкім. Нашых хлопцаў сабраў тады Антон Нябаба. Да яго далучыліся і атаманы Хвэська, Галавацкі, Няпаліч. Сіла на той час — угу! Ажно трыццаць тышчаў!.. Усё Папрыпяцце ўзнялося. Простае сялянства казакоў харчам падтрымлівала… Па вёсках хадакі пайшлі — у войска заклікаць. Мужыкі сякеры бралі, косы, сахары й ішлі ў лясы. Польшча выправіла супраць іх войска… гэтага, як яго… Януша…

― Радзівіла? — спытаў-падтрымаў Ігнатоўскі.

― Во-во, Раздзявіла… — дзед кашлянуў. — Дык некалькі гадоў тузаліся, а не перамаглі. Паўстаў тады і наш Слуцак, і Бабруйск, і Мазыр… У-у!!! Лепш пра гэта наш іканапісец Вярхоўскі расказаць можа… Во-то памяць у чалавека! Усё ведае! — дзед пабарабаніў сухімі пальцамі па стале. — А цяпер? Адно балбатоніць навучыліся…

Праводзіць Ігнатоўскага выйшлі ўсе. Ажывіўся фурман — ужо зачакаўся.

Цароўка, як і заўсёды напрыканцы восені, прыціхла, нават сабакі паспакайнелі. Сонна сноўдалі па надворкам качкі — з доўгімі шыямі, шышакамі на галовах. Іх звалі ў вёсцы японкамі (надзіва ручныя, японкі маглі абыходзіцца без сажалак, неслі многа яек і амаль не «гергеталі» — не ў прыклад звычайным). Шырокая вуліца — са «шчарбінаю» на ўскрайку (яшчэ пры наступу немцаў згарэлі дзве хаты)… Скрай Цароўкі — магілкі з напаўсухімі бярозамі, а праз вярсту за імі віднеўся і Слуцак… Аблыселыя сады, пры дарозе — аграмадныя вязы з тоўстымі дыванамі апалага лісця пад кронамі. Задымлены хутар — так звалі не чыёсьці паселішча, а другую вулку, што няроўна ўцякала ў цэнтральную. Там — Глінішчы (гліну ўжо даўно не капалі), дзе летам у жоўтай вадзе пялёскалася цароўская дзятва, а зімою — гойсала па лёдзе. За агародамі — невялікія сенажаці, праз паўвярсты за імі — балота. У гэты лістападаўскі дзень яно рыхтавалася да маразоў…

Юрка Лістапад

Юрка Лістапад, «рэзідэнт» Беларускай школьнай рады, у першы дзень прыезду ў Слуцак паспеў наведаць начальніка павета і школьнага інспектара. Атрымаўшы ў канцылярыі «ахоўную грамату» — як жартаваў, ― якая дазваляла дзейнічаць «легітымна», Лістапад накіраваўся ў свае Варкавічы — адведаць бацькоў.

Ажно не верылася, што — у мінулым і Першыя менскія педагагічныя курсы, і студыйныя сходкі — так неўпрыкметку праляцеў час!

Дома не адседжваўся, дапамог тое-сёе па небагатай гаспадарцы, і праз тры дні зноў быў у Слуцку.

Пачынаўся лістапад — «ягоны» месяц. Хоць не ў лістападзе з'явіўся Юрка на свет, але любіў гэтую часіну — найболей. Любіў апалае залаціста-апечанае лісце, з якім шчодра развітваліся старыя каштаны на гарадскіх вуліцах (гультаяватыя дворнікі, знявераныя няпэўнасцю, прыграбалі іх толькі да краю тратуарчыкаў), любіў каралі доўгай павуты на голых гольках, любіў аціхлыя — пакрыўджаныя ветрам — восеньскія дрэвы, як, зрэшты, і саму старую і мудрую восень…