Выбрать главу

— Магіла то мая, Вася!

— Магіла?..

Неспадзявана i для Васіля, i для сябе Ганна горача з той жа рашучасцю запытала:

— Вася, табе не шкода, што ў нас так… няскладно?

У яго лягла хмурынка між броваў. Ёй нічога не трэба, ёй толькі ведаць хочацца. Толькі ведаць, не для якіх-небудзь думак, разлікаў, а так, для душы. Глядзела на яго, чакала, замёршы ўся:

— Не шкода, Вася?

— Чаго гаварыць!..

— Не шкадуеш, скажы?!

— Пустое ето!

Ён праўду кажа, не трэба пытацца. Пустое. Але ж ёй так хочацца ведаць!

— Скажы, Вася! Я хочу знаць!

— Што з таго — шкадуеш, не шкадуеш?!.

— Скажы! Я хочу, Вася, скажы!.. Не шкадуеш?

— Ну, от! — Ён нібы гаварыў: прыйдзе ж у галаву такая непагрэбшчына. — Кончано ж усе…

— Кончано?

— Ну, ты ж знаеш! Ты ж… — Васіль зазлаваў. Няхай злуе, так лягчэй, так лепш, чым гэты нядобры холад. — Ты ж начала усё…

Яна згадзілася — нібы з радасцю:

— Я… Я вінавата… Я…

Вочы яе хутка заслала слязамі. Ганна закрыла твар далонямі.

— Людзі ўбачаць.

— Няхай бачаць. Што мне, i паплакаць няможно ніколі?..

— Гаварыць будуць…

— Няхай гавораць! Ты — баішся?

— Я? Мне — што?

Ганне палягчэла: пра яе непакоіцца! Пра яе думае — значыцца, не зусім абыякавы.

Яна ціха, як бы не верачы сабе, сказала:

— Ты… ты не забуў саўсім, Вася?..

Ён не адказаў. Дзіўныя пытанні часам у гэтых жанчын бываюць. Абы запытацца.

Яна ўсё зразумела i без слоў.

— Не забуў, Вася!.. Вася, мне зараз так добра!.. Мне больш нічого i не трэба було. Толькі знаць ето, i ўсё!

Ганна са слязамі ў вачах усміхнулася:

— Е i ў мяне радасць!

Васіль аб нечым думаў.

— Пра што ты, Васіль?

— Ды от… Як нам цяпер?..

Да ix ішоў Хведзька. Убачыўшы гэта, Васіль недавольна нахмурыўся. Ганна здагадалася — не падабаецца, але прыйдзецца спыніць размову. Адчула, якое жаданне з’явілася ў ім, якія словы зараз сарвуцца з яго неспакойных губ, сказала сама:

— Вася, давай — пабачымся!

— Як?

— Ну, я… прыйду… Куды толькі?

— A калі?

— Хоць заўтра! Як сцямнее…

Ён зірнуў, як бы сам пытаўся:

— К гумну хіба? Дзе яблуня?..

— Добра.

Калі ішла назад, не чула пад сабой зямлі. На сваёй паласе раптам гарэзна абхапіла Хведзьку, сціснула. Хацелася смяяцца, крычаць: не забыў, не выкляў, любіць! Любіць!

3

Hi ў тую ноч, ні ўдзень потым нічога больш не было асаблівага, усё было, здавалася б, як i раней. Так жа божкала за дзвярыма свякруха, так жа хроп, разлёгшыся на ложку, Яўхім; так жа рана ўсхапілася, даіла карову, паліла ў печы, марнавалася з будзённымі, заўсёднымі клопатамі. Але ці ляжала, за ўсю ноч не счыніўшы вачэй, — ціха, нястрымна ўсміхалася ў цемру; ці хадзіла, завіхалася днём — ледзь магла ўтрымаць смех, шырокую радасць. Нагам было легка, рукі бегалі спрытна, весела: нібы i не заўсёднае, ненавіснае, рабіла. Што б ні рабіла, успамінала Васіля: кожную рысачку на твары, кожны знак пяшчоты, кожнае слова шчырай i труднай, поўнай вялікага значэння гаворкі. Вясёлая надзея ні на момант не ўціхала ў Ганне, трывожыла i трывожыла нецярплівым, радасным чаканнем.

"Сягоння. Сягоння, увечары!.. — нібы штосьці спявала ў ёй. — Сягоння!.. Хутчэй бы той вечар!.." Час ад часу ў спеў гэты ўрывалася неспакойнае: каб не перашкодзіла што-небудзь! — але не магло ўтрымаць радасць. Жыло, віравала ў думках, у грудзях адно: "Сягоння. Сягоння, увечары!.."

Раўнівая Глушачыха хутка заўважыла незразумелую перамену, паглядзела на яе з падазронасцю.

— Што ето носіць цябе, як нячыстая сіла… — прабурчала яна ўслед Ганне.

"Пачула, старая скнара! Носіць!.. Носіць! Толькі не нячыстая сіла! — падумала Ганна са злой радасцю, з помстай. Увайшла ў сваю палавіну, убачыла на лаве, на стале сонечныя паскі, засмяялася. — Дзень які! Як свято!.. A хіба ж не свято? Свято, мае свято!"

Пасля абеду, хаваючы нецярплівасць, знарок абыякава сказала, што пойдзе да сваіх, памагчы. Старая, што аказалася якраз у ix палавіне, упікнула:

— От гаспадынька, называецца! Гаспадынька! Толькі i думкі, што пра другіх, пра чужых! Чужыя ёй даражэй!

Ганна, не тоячы непрыхільнасці да яе, адрэзала:

— Яны мне не чужыя!

— Як ты гаворыш з маткаю? — умяшаўся Яўхім, здымаючы з кручка аброць: надумаў з’ездзіць у лес.

— Як гавару? Як трэба!

— Не навучылі, мабуць, цябе!

— Не навучылі! Цябе не папыталіся!..

— Яўхімко, як ты трываеш! Як ты пераносіш ето!.. От да чаго — дабрата твая!

Яўхім сказаў пагрозна: