— Не навучылі, дак я навучу!
— Навучы! Навучы, Яўхімко!
— Позна мяне вучыць! І не вам!
Яўхім, здзіўлены, паглядзеў на жонку. Штосьці новае, незвычайнае было ў ёй, у яе голасе, у позірку. Ён прывык да тупой, нярадаснай пакорлівасці яе, i тое, як Ганна цяпер абыходзілася з ім i маці — смела, незалежна, нават задзірыста, — было незразумелым.
— Не мне, кажаш, вучыць?! — Яўхім густа пачырванеў. Рукі яго задрыжалі. Ён раптам крыкнуў: — Не мне?!
Яўхім раз’юшана ўскінуў аброць. Апярэджваючы яго, Ганна затуліла твар далонямі, уціснула галаву ў плечы.
Удар упаў на рукі, на сківіцы.
— Не мне?!
Яўхім ударыў другі раз.
Не думаў, што Ганна кінецца ў ногі, стане прасіць літасці, ведаў ужо яе, але чакаў, што загалосіць. Плакала ж раней, бывала. Цяпер не заплакала. Калі адняла ад твару далоні, убачыў: вочы зусім сухія. Глянула на яго з такой нянавісцю, што яму на момант стала няёмка. Яўхім, аднак, прыгразіўся:
— Я цябе навучу!
— Дзякуй!.. Навучыў ужэ!.. — Голас у Ганны быў хрыплы, жорсткі.— Не забуду!..
З рассечанай цуглямі Ганнінай далоні цякла кроў, кроплямі падала на падлогу.
Старая маўчала, гледзячы то на нявестку, то на сына.
— Помні! — Яўхім важка павярнуўся, моцна бразнуў дзвярыма; затупаў у сенцах, на ганку.
Пасля таго як ён выйшаў, Ганна i свякруха не перамовіліся ніводным словам. Неўзабаве ён прасхаў паўз вокны, прарынеў, адчыняючы i зачыняючы, варотамі. Старая стаяла каля акна, сачыла за ім, пакуль ён не схаваўся з канём на вуліцы.
Ганна сабралася ісці да сваіх. Глушачыха праводзіла яе позіркам непрыхільным, ненавідным, але нічога не сказала.
Вуліца з краю ў край блішчала цягучай, як дзёгаць, граззю, якая ў гэтыя дні не высыхала. Пасярэдзіне вуліцы гразь была перамешана конскімі нагамі, калёсамі, было яе там столыгі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Каля плота ішла i Ганна. Гразь была ўжо халодная, i босыя ногі моцна стылі. Яна не чула гэтага.
Дзень быў такі ж ясны — рэдкі, незвычайны ў гэтую познюю асеннюю пару, але Ганна не заўважала ўжо святочнай яго яснасці. Трапляліся сустрэчныя, віталіся з ёю, яна адказвала нібы спакойна. Хавала ў сабе свой смутак. Хто-ніхто азіраўся ўслед ёй: чулі ўсё ж, што бяду нейкую тоіць. Не здзіўляліся амаль, ведалі, як ёй з Глушакамі жывецца…
Бацька i Хведзька былі на прыгуменні, ладзілі капец. Ганна стала памагаць ім перабіраць бульбу. Рупячыся гэтым, сярод сваіх, яна паспакайнела, i думкі пайшлі цвярозыя, рашучыя. "Не буду, не буду я цярпець!.. Нашто i жыць, калі так… Кіну ўсё, кіну!.."
Між гэтых думак яна ўспамінала сустрэчу з Васілём, успамінала зноў з любасцю ўсё, што ён казаў, слова за словам, думала пра вечар, які набліжаўся. Ганне было радасна i трывожна. Ці будзе ён, гэты вечар, ці будзе ўсё так, як хочацца: ці прыйдзе Васіль? А што, калі якая неспадзеўка перашкодзіць ім? А што, калі ён перадумае?
Гэта было б такое няшчасце! У яе ж цяпер уся радасць, уся надзея на яго. Прыйдзе, прыйдзе — супакойвала сябе, старалася заглушыць трывогу.
Ледзь павячэрала ўпоцемках са сваімі, выйшла на двор. З двара агародам на прыгуменне, на дарогу за гумнамі. Яшчэ не дайшоўшы да Васілёвага гумна, стала; трэба было аддыхацца: сэрца моцна, няўціхна калацілася. Чаго яно так калоціцца? Такое неспакойнае, узрушанае, трывожнае…
Ногі стылі. Было холадна. Ад няласкавага ветру, што находзіў моцнымі хвалямі, біў у твар, поўз за каўнер, вечар здаваўся проста сцюдзёным. Ганна ледзь стрымлівала дрыжыкі. Неба звісала вельмі нізка, толькі недзе далека за балотам цьмяна тлела тоненькая паска. Гумны, платы, дрэвы чарніла макраватая цемра. Дайшла да Васілёвага прыгумення. Паслухала, ціха адчыніла вароты. Тут за вуглом гумна павінна быць яблыня. Вось яна. Ганна стала, агледзелася. Дзе Васіль? Яго не было. Ганна прытулілася да яблыні, пачула, як сіратліва гайдаецца-шуміць голае голле…
Яшчэ здалёк пачула шарганне крокаў. Хтосьці ішоў да прыгумення. Ён ці не ён? Kani пройдзе па сцежцы, значыцца, не Васіль; зверне сюды — ён. Насцярожана чакала. Чалавек звярнуў да яе, наблізіўся; стала відна ў змроку цёмная постаць.
— Ты? — прашаптала яна.
— Я.
— Запазніўся…
— Прыехаў позно…
Стаялі, маўчалі, але самі поўніліся пачуццямі, чаканнем. Не радасныя, не бесклапотныя былі гэтыя пачуцці, не лёгкае — чаканне; зусім інакшае было ўсё, я к тады, тры гады назад, калi ён быў нежанаты, а яна не замужам. І не чалавек яе, i не жонка яго адны былі гэтаму віною. Hi ён, ні яна не думалі пра ix, i Васіль i Ганна жылі ў гэты момант толькі сустрэчай, адчуваннем таго, што, як калісьці,— яны зноў у цемры адны. A ўсё ж радасці i блізкасці ранейшай не было. Штосьці i радніла ix, i прыцягвала аднаго да адной, i стрымлівала, аддзяляла.