Перажытае паасобку — многія дні, месяцы — мяжою ляжалі між ix… І не чужыя быццам былі Ганна i Васіль, i — як бы чужыя…
Васіль пачуў, што Ганна дрыжыць.
— Холадно?
— Аг-ге…
— Хадзем у гумно. Зацішней там.
— Не трэба. Хутка дад-дому…
— Пакуль тoe.
Усё ж пайшла за Васілём. Паслухмяна праціснулася ў прачыненыя вароты. У гумне здалося цёпла — не хадзіў сцюдзёны вецер. Але ток быў — як лёд.
— Тут салома ў застаронку, — ціха сказаў Васіль.
Салома падатліва асела пад імі, атуліла з бакоў.
Ганна укапала ў салому ногі, адразу стала ўтульней i цяплей. Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Угары, недзе пад страхой, ціўкнуў спрасонку верабей.
Васіль нязграбна, як бы першы раз у жыцці, абняў Ганніны плечы.
Стаў лашчыць яе, туліць да сябе. Спачатку нясмела, няўпэўнена, але чым далей, то смялей, гарачэй. Гэта быў ужо не той сарамлівы, дзікаваты Васіль, але яна не думала пра гэта. Не тая была i яна. Ды што з таго: ім было так хораша. Яна не йрацівілася, сама тулілася да яго. Яна пацалавала яго, так, што ён як не задыхнуўся; i — тулілася, тулілася, дрыжучы ўся, як у ліхаманцы, ад агню, што поўніў яе, ад нецярплівасці, ад прагі — быць бліжэй, бліжэй з ім…
— Вася, мілы! Родны!.. Вася!..
Потым ляжалі ціхія, паспакайнелыя. Доўга не гаварылі. Раптам, з роспаччу, Ганна прызналася:
— Не вытрываю я, Вася!..
Васіль, адчула, зірнуў — нібы не зразумеў.
— Я, можа… утагілюся…
Ён насцярожыўся:
— Ну, ты… тое!..
— Табе аднаму кажу… Не пытайся болей! Не хачу пра яго!
Ганна парывіста, горача зашаптала:
— Родны ты мой!.. Буў ты ў мяне адзін!.. І адзін астаўся… хоць я цябе i не бачу… Ты — толькі адзін!.. І ўсё няпраўда, што гаварылі колісь — пра мяне i пра яго. Няпраўда. Не було ў нас да вяселля нічога! Як перад Богам кажу, як на споведзі! Няма мне чаго выдумляць. Усе плёткі тыя — няпраўда!.. Ты ў мяне буў адзін, адзін i астаўся. Я, можа, толькі i жыву цяпер, што ты е… Ты ў мяне i цяпер адзін, адна радасць. Я таму i прыйшла. Ты не думай нядобраго…
— Я i не думаю…
— Можа, не трэба було — набівацца на сустрэчу, але мне так хацелася хоць трохі пабуць удваіх! Хоць слово сказаць, хоць пачуць слово…
Яна раптам прызналася, шкадуючы:
— Злая була я тады на цябе. Не паверыў! Другім паверыў, а мне дак — не!..
— Гаварылі ж людзі…
— Гаварылі!.. І ўсе-такі мы памірыліся б, мабуць, кеб не мачыха. Вельмі ж ёй дабра Карчовага захацелася! Сваячкай Карчовай захацелася стаць!..
— Я дак зразу нейк прывыкнуць не мог, што ты пайшла…
— Я i сама думала патом: як я згадзілася! Як магла так зрабіць! Як магла!
— Не свая ахвота…
— A вінавата, выходзіць, сама. — Яна сказала цвёрда: — Сама вінавата! Самой — i бедаваць век!
4
Свет не без добрых людзей. Чутка пра Ганніны спатканні з Васілём вельмі хутка дайшла да Глушаковай хаты. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Неўзабаве даведаўся стары — слова не сказаў, але зірнуў тхарынымі вачыма так, што ўсярэдзіне ў Ганны заныла ад страху.
Яўхіма не было. Ён прыехаў з поля пад вечар. Адразу, як толькі ён уз’ехаў на двор, Халімоніха кінулася да яго, але стары Глушак вярнуў яе з двара. Стары i Яўхім разам падаліся з калёсамі к павеці. Потым вярнуліся ўдвух на бацькаву палавіну. Калі яны ўвайшлі, стары загадаў Халімонісе, каб дала есці,— Глушакі паселі вячэраць. Яўхім, мабыць, таксама сеў за стол; адразу не зайшоў у палавіну, дзе была, чакала бяды Ганна.
Яна здагадвалася: Яўхіму ўжо расказалі — ведае аб усім. Сядзіць, моўчкі жуе, кіпіць злосцю. Праз забітыя дзверы чула: усе маўчаць — хоць бы слова прамовілі; усе душацца злосцю, прагнуць пометы. Ганніна сэрца ныла нядобра — што ж гэта будзе? Трывога гнала з хаты — уцячы, выбавіцца! Але як ты ўцячэш i куды ты ўцячэш — мужава жонка!.. Пустое ўсё. Усё адно — рана ці позна не мінавала б! Усё адно… Чаго ж яна баіцца — хіба ж не ведала, што так будзе?.. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі — роўна, мерна. Завыў на двары сляпы сабака. Цягуча, доўга…
Вось пачалі ўставаць. Яўхім выйшаў. Зараз сюды ўвойдзе. Адчыніліся дзверы, цвёрда затупалі боты, бліжэй, бліжэй. Ганна сціснулася.
Ён стаў побач. Хвіліну маўчаў, адно con сярдзіта, важка. Але прамовіў як бы спакойна:
— Зноў — знюхалася?..
— Аб чым ето ты? — нібы не зразумела Ганна.