— Не знаеш?
Вочы яго праціналі Ганну. Рот крывіўся злосцю, нянавісцю, лютасцю. "Звер! — мільганула ў галаве Ганны. — Заб’е! Насмерць!.." Чула сябе кволаю, бездапаможнаю, але стрымлівала страх, старалася, каб не бачыў, што яна баіцца… Яна i не баіцца! Няхай — што будзе, тое будзе!.. Усё адно — рана ці позна!..
Адзначыла мімаволі: за дзвярамі свякруха не бразгала посудам, ліпла, мусіць, да шчылін. Стары не падаваў голасу — прыслухоўваліся, чакалі…
— Не знаеш?
— Скажаш, мабуць!..
Яўхіма прарвала:
— С-сука!
Не ўправілася адхіліцца: Яўхімаў кулак ударыў у сківіцу — нібы пра. І ойкнуць не паспела, як упала. Затулипа адно твар рукамі. Яўхім люта, колькі сілы, ударыў ботам раз, другі — ёй зацяло дыхаць. "Заб’е!.. Ну, i няхай!.. Усе адно!.."
Яўхім i забіў бы, можа. Б’ючы, ён не толькі не спатольваўся, a шалеў яшчэ больш. Шалеў асабліва таму, што жонка-блудніца хоць бы голас падала, хоць бы застагнала! Не толькі не прасіла літасці, a i болю не паказвала!.. Апантаны злосцю, Яўхім не заўважыў, што дзверы з сенцаў расчыніліся i ў ix паявіўся Сцяпан, якога трымала, цягнула назад Глушачыха.
— Сцяпанко, не твае… Не чапайся…
Але Сцяпан вырваўся, кінуўся к Яўхіму, хацеў адпіхнуць ад Ганны, толькі дзе там — Яўхім таўхануў так, што ён паляцеў патыліцай да печы:
— Не лезь!!!
Тут на падмогу Сцяпану падскочыў ужо ўстрывожаны стары Глушак, каршаком кінуўся наперад Яўхіму, стукнуў сына ў грудзі:
— Стой! Стой, кажу!!.
— Тато, сыдзіце, — на момант запыніўся, прахрыпеў чырвоны, з дзікім позіркам Яўхім, гатовы кінуцца, здаецца, на бацьку; але Глушак зноў стукнуў яго, прасіпеў злосна:
— Дурань! Абоўдзіла!
Не даючы сыну апамятацца, адпіхнуў яго. Ужо калі Яўхім, яшчэ ўвесь трасучыся ад неперажытай лютасці, адышоў, сеў на лаўку, Глушак сярдзіта папракнуў, як малога:
— Бі — да знай меру!
Поўны крыўды за сябе i гневу, да Яўхіма падступіў Сцяпан:
— Ето, ето… За ето, знаеш, што можа буць!!.
— Не сунь носа!
— Другі раз — у міліцыю заяўлю! — закрычаў Сцяпан. — Пад суд пойдзеш! У цюрму!
— Не лезь! — ускіпеў Яўхім, аж узняўся на лаве. — А не — дак!..
Халімон зіркнуў на Сцяпана, на Яўхіма, загадаў малодшаму:
— Ідзі адсюль! Не твае дзело!
Глушак павёў позіркам: нявестка ўжо стаяла, спіной да ўсіх — трохі сагнуўшыся, трымалася за бок. Разпораз ускідвалася ад нейкага нутранога болю, аж захліпалася, але маўчала. Яўхім таксама маўчаў, яшчэ ўзрушаны, — нерухомыя, лютыя вочы нічога, здаецца, не бачылі. Стары адчуваў, што ў любы момант ён можа кінуцца на Ганну зноў.
Глушак вывеў Яўхіма на сваю палавіну…
Штосьці ў баку рэзала Ганну так, што зацінала дыханне. Як касой рэзала бок. Боль быў такі, што трываць, здаецца, не было як. Але трывала, супакойвала: ну, от усё, самае страшнае перабыла! Дайшло ўжо, дазнаўся, папомсціўся! Няма чаго таіцца — i баяцца няма чаго.
У суседнім пакоі стары Глушак, хоць бачыў, што Яўхім слухаць нічога не хоча, не ўцерпеў, упікнуў:
— Казаў я табе, казаў, калi табе жонкі захацелася! Не туды шлеш, казаў! Не паслухаў!.. Разумнейшы за бацьку буў! Бацько — нічога не петрыць! Бацько — дурань!.. Дак от — паспытай! Сам хацеў етаго!
Памаўчаў, дадаў павучальна:
— A толькі — вучы асцярожно! У меру! Калі хочаш буць цэлы!..
Яўхім не сказаў нічога.
5
З гэтага дня ў Глушакоў зноў узгарэлася вайна.
Не мінала дня, каб Яўхім не лаяў, не біў Ганну, злосна, бязлітасна. Як заўсёды, яна цярпела гэтае біццё моўчкі — толькі вішнёвыя вочы гарэлі ўпартым, нядобрым агнём. Разам рабілі Ганна i Яўхім у гаспадарцы, разам сядзелі за сталом, ляжалі ў ложку, a былі як бы аддзелены непераходнай мяжой. Былі як ворагі скаваныя адным путам.
Цяпер вечарамі Яўхім часта прападаў у Ларывона. Яна тым часам упоцемку клалася спаць, але сон не браў — з цягучай, няўціхнай тугою, як пакуты, чакала, калі затупаюць на ганку яго боты. Не адзін раз паўтаралася адно i тое ж: загадзя ведала, што будзе, калі ён, п’яны, пануры, прыцягнецца.
Яўхім вобмацкам сунуўся да ложка, важка садзіўся, соп, сцягваў боты. Боты не слухаліся, ён нецярпліва мацюкаўся, сцягнуўшы, кідаў водмаш, грымотна, лез пад коўдру.
Ганна чула едкі, дурнотны пах самагонкі — яго цяпер звычайны пах, чула натужнае, злое сапенне, ляжала нерухома, паказвала, нібы спіць. Але яго гэта не толькі не стрымлівала, а злавала больш.
— Сука! — кляў ён. — Гадзіна! — у розныя вечары словы былі розныя, але сэнс ix быў звычайна адзін. — І знайшла каго! Прамяняла на каго! На ету гніду!..