Яна не гаварыла нічога, не толькі таму, што ён не любіў, каб пярэчыла. Не хацела, не магла вінаваціцца, апраўдвацца, не шукала сцежкі да прымірэння. Нават калі ён, звярэючы ад яе маўчання, непадатнасці, пачынаў шалёна гнуць ёй плечы, круціць рукі, трывала боль, не прасіла літасці. Толькі часам, калі цярпення не ставала больш, гразілася, што пойдзе ў раён скардзіцца ці ўцячэ…
— Ткніся толькі туды, у раён! — сіпеў Яўхім. — Толькі папробуй, дак — пабачыш!.. Папробуй уцекці! На вяроўцы прывяду! Як суку паганую!.. — Не адзін раз, як бы ўжо цвёрда надумаў, гразіўся — Заб’ю! Зарэжу, калi што якое!.. Няхай арыштуюць, засудзяць, хоць у Салаўкі сашлюць! Пляваць! A ўсе адно не жыць табе, калi што якое!..
Бачыла, што не пляце попусту, што, калі прыйдзецца, спраўдзіць сваю гразьбу, — то таіла страх у сабе, аж ляжаць спакойна не магла побач, то чула лёгкасць, бясстрашнасць: чаго ёй дрыжаць за такое жыццё, няхай яно прападзе пропадам! Адно не мянялася ў Ганны: хоць ведала, што не толькі злосць i лютасць жывуць у ім да яе, ні на міг не иашкадавала Яўхіма, не зжалілася над яго дурным каханнем. Бы агнём выпаліла ў Ганнінай душы спагаду, шкадаванне да яго.
Чуючы, як ныюць плечы, баліць усё цела ад Яўхімавай "ласкі", цешылася ўспамінамі пра спатканні з Васілём, радасцю сустрэч, i такіх яшчэ блізкіх, чутных, i тых, якія, здавалася, даўно ўжо нібы забыліся.
І весела, горка было ад тых згадак. Што б яна аддала цяпер за тое, каб зноў вярнуць бесклапотнае, неразумнае шчасце, якое некалі само ішло да яе! Каб не Яўхім, a Васіль от так быў побач — няхай маўклівы, хмурны, недавольны якою няўдачай, часам няхай — несправядлівы, недаверлівы да яе, але ўсё ж — жаданы, любы, родны. Адзін — любы, адзін — родны, адзін на ўсім свеце.
У цёмнай, душнай цішыні бяссонных начэй упарта, учэпліва церабілі Ганну думкі-мары: як бы зноў спаткацца, хоць на момант, хоць адным словам перамовіцца! У гарачай, растрывожанай галаве, як сон увачавідкі, узнікалі добрыя, шчаслівыя малюнкі: сустрэліся раптам, калі ішла па загуменню да сваіх. Нікога навокал, толькі ён ды яна; Васіль так рады ёй, што відаць — чакаў, не мог дачакацца. Стаіць, маўчыць, толькі цісне руку, так балюча цісне, што трываць, здаецца, няможна. Але ёй як бы i не баліць, няхай цісне, няхай!.. А вось — на вячорках яна, прадзе з жанкамі кудзелю. Зайшло некалькі мужчын пагаманіць, i ён сярод усіх. Сядзіць, маўчыць, слова ёй не кажа. І яна маўчыць, не зірне нават на міг — ведае, што жанкі сочаць. Не глядзіць на Васіля, а сама ўсё бачыць. Усё разумее, як бы думкі яго чуе. І ён як бы чуе… Узяла прасніцу, пайшла нібы дадому… Ён неўзабаве за ёй… Зноў — удваіх, як калісьці каля плота… Цемра, дождж імжыць, a ім добра-добра…
Думкі-мары раз-пораз спыняў, цверазіў одум — разважная, разумная, ведала: пустыя яе спадзяванні, хваравітыя сны. Пустыя — не таму, што за ёй сочаць, што ў няволі яна, а больш таму — што не вольны ён.
У такія хвіліны здавалася сабе страшэнна, безнадзейна адзінокай. Душу паліла роспач, i з крыўдамі, што поўнілі Ганну, усё часцей упаўзалі, апаноўвалі, трывожылі ліхаманкавыя думкі: кончыць усё разам, у адзін момант! Трохі страху, нядоўга болю — i ні Карчоў, ні пакуты ніякай не будзе! Чортава вока на глінішчанскім возеры супакоіць ураз!..
За хвілінамі безнадзейнасці i адчаю прыходзілі вера i рашучасць: не ўсё яшчэ прапала! Усё можна яшчэ паправіць: свет вялікі, ёсць у свеце месца для яе i Васілёвага шчасця! Ці ж не бачыць яна, што не любіць Васіль сваю Маню!
Пазваць, пайсці з ім хоць на край свету, к шчасцю свайму!..
Як ніколі, нямілая была ёй цяпер Глушакова дамоўка. Як у няволі, у палоне, акружанай з усіх бакоў ворагамі чула сябе Ганна дзень пры дні. Як i раней, рабіла яна, што трэба было, але рабіла нібы заведзеная, поўная ў душы непрыхільнасці i нянавісці да ўсяго, што было Глушаковым дабром, Глушаковай уцехай. Не раз, не два кляла яна ў думках Глушаковы хлявы, Глушакова гумно, Глушаковых свіней, авечак, Глушаковых сабак. Кляла, звала з маўклівага неба пагібель на усё.
Цэлымі днямі, было, не перамаўлялася яна ні з кім хоць бы словам, не глядзела ні на кога. Не спрабавалі загаворваць з ёй i яны, толькі адзін Сцяпан немаведама чаму хіліўся да яе, ліп адданымі вачмі — але яна як бы i не заўважала ні яго прыхільнасці, ні самога яго.
Так i жылі: маўчалі, калі пораліся ў хаце, калі рабілі ў хлявах, у гумне, маўчалі за сталом. Усюды i заўсёды былі чужыя, нядобразычлівыя — непрыяцелі, якіх лёс, нібы на здзек, звёў у адной хаце.
6
У той самы дзень, калі чутка пра сустрэчы Васіля i Ганны ўлезла ў Глушакову хату, прыйшла яна i да Дзятлікаў. Першая даведалася пра гэта Васілёва маці, якой перадала нядобрую навіну Нібыта-Ігнаціха. Занепакоеная, устрывожаная вельмі, Дзятліха i знаку не падала таго, якім важкім каменем легла ёй на сэрца небяспечная бяда.