Не паказвала яна трывогу i сваім; толькі з таго, як паглядвала час ад часу то на Васіля, то на Маню, як сачыла за імі, можна было б здагадацца, што гняце, паліць яе бяда. Тоячы страх свой, як ніколі лагодна хадзіла яна каля Мані, чым толькі магла, старалася памагчы, дагадзіць — нібы старалася пацешыць, парадаваць за крыўду, што зрабіў Васіль.
— Харошы які! — хілілася пры Мані над калыскаю з Васілёвым сынком. — Агу, агу!.. Разумны ж які!.. Такі малы, a ўжэ знае, што да чаго!.. Смяецца! Агу, агу!..
Маня, як заўсёды, паволі, быццам ляніва, рабіла сваё, паволі, быццам ляніва, насіла папаўнелае цела. Васілёва маці, што ўвагі не зводзіла з яе, гонячы трывогу, знарок супакойвала сябе: "Не знае нічого"; супакойвала сябе, але супакаенне не прыходзіла: чула. што блізка тая пара, калі да яе, да Мані, усё дойдзе. Дойдзе, не абміне — i да бацькі, i да яе прыйдзе. У Дзятліхі проста з рук усё валілася.
За цеснай халупай, у якой яны яшчэ туліліся, цюкалі сякеры, был i чуваць мірныя галасы працы: стаўлялі новую хату. Зруб быў ужо складзены, рабілі кроквы: глядзі ды радуйся, здаецца, — от-от можна будзе перабрацца! А тут раптам — такое! І каб стаўляў кроквы іншы хто, а то ж Пракоп сам, Манін бацька, з сынам Пятром — Маніным братам. І лес вазілі, i чысцілі бярвенні разам, разам складалі; i склалі ж — глядзі — не наглядзішся: відная, прасторная, на дзве палавіны, хата, якой век не было б у ix, Дзятлікаў, адных. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся свайго, дабіўся, чаго хацеў,— у людзі, лічы, выйшаў; сам выйшаў i сям’ю ўсю выцяг! І от — на табе!.. Забыў даўно, думала, Ганну тую, забыў — i ўспамінаць не ўспамінае; аж не, аказваецца — i не забыў i не астыў. Зноў загарэўся, зноў пацягнула да той — як на бяду! То-та смутны быў апошнім часам, усё таіў нешта, усё тупаў без ранейшай ахвоты, хмурыўся, бы ў нейкім одуме! Яна гадала, што за прычына, баялася: захварэў, можа, — аж от яна, тая хвароба!..
Даўно не было ў Дзятліхі такога неспакою, як у гэты дзень. То каля Мані хадзіла, то выбягала на двор паглядзець на Пракопа з Пятром, на Васіля: Пракоп з сынам рабілі, як раней, спакойна, нічога яшчэ не ведалі. Сачыла за вуліцай, за суседнімі дварамі: здавалася, хто ні ішоў міма, вельмі ж цікаўна, усмешліва зіркаў у вокны, на зруб, на якім рупіліся мужчыны.
Як ніколі багатага баршчу наварыла, хлеба наибольшую буханку дала, сала добры кавалак дастала, парэзала на скавародку. Калі ўнесла з каморкі потную бутэльку гарэлкі, абцёршы фартуком, паставіла на стол, Пракоп аж вочы з-пад чорных навісаў-броў упяў здзіўлена.
— Пагрэйцеся бо з холаду! — сказала чула, зычліва.
Пракоп прамаўчаў, a Пятро давольна пакруціў галавою, засмяяўся:
— Расшчадрыліся нешто вы, цётко! Ці не ўлазіны ето рабіць хочаце сягоння?
— Aгe, улазіны! — ледзь не вырваўся ў Дзятліхі сумны подых; яна адразу ж адагнала сум, пажартавала: — Баюся от, штоб гарэлка не усохла! — Дзятліха клапатлівай гаспадыняй захадзіла каля Пракопа i Пятра. — Пагрэйцеся бо, шчырыя вы нашы! Холадно ж нешто стало. І восені, можно сказаць, небагато, a ўжэ гак холадно!.. Ето ж i ўнізу, як дыхне вецер, дак бы працінае холадам!.. А там, угары, дак i скалець, мабуць, нядоўго?..
— Ды не, не вельмі. Няма калі мерзнуць! — весела адказаў Пятро.
— Усё-такі — пагрэцца не лішне!
— Ды, мабуць што, i не лішне…
Толькі ўзялі шклянкі ды кубачкі, як паўз акно праплыла постаць: ляснік Міця. Ляснік не затрымаўся ў цёмных сенцах, прайшоў упэўнена, як у сваіх; упэўнена, як у сваю хату, ускочыў перад ім жоўты абскубаны леснікоў сабака.
Міця ступіў, прыгінаючы галаву, ад парога сказаў: "Памагай Бог!" Не чакаючы запрашэння, паставіў стрэльбу ў сметніку, ахвоча крэкнуў:
— Як чуў! У самы раз!
— Aгe. Угадаў, Міцечко!
Васіль устаў, даў яму месца бліжэй да кута, падсунуў свой кубак. Спакойна, як дома, палез Міця за стол: ледзь не сваім чалавекам стаў з таго часу, калі пачаў нарыхтоўваць Васіль лес на хату.
Спакойна, важна ступаючы, падаўся пад стол i леснікоў сабака.
Другімі разамі Дзятліха, частуючы Міцю, адно дзівілася, як ён п" е — не п’янее, толькі што твар нібы цёмнай крывёю наліваецца; дзівілася, шкадавала потай, колькі гарэлкі, дабра нанішто прападае. Сёння ж яна i на яго глядзела інакш як заўсёды: язык у лесніка дурнаваты, паганы; так i глядзі, сп’яну плясне, чаго баішся!
— Скончыце ўжэ скора! — прамовіў Міця, перакуліўшы кубак, закусваючы хлебам з прэжаным сапам.
— Да ўжэ i небагато, сказаць! Толькі што халады падступаюць, бы на вараных! — адгукнулася жвава Дзятліха.