Валодзька ездзіў з дзедам не так сабе, не з пустой ахвоты. Памагаў ставіць драбіну да дрэваў — яна была важкая i доўгая! — трымаў драбіну, калi дзед асцярожна лез з папярэчыны на папярэчыну; памагаў дзеду несці яе на воз.
Ехаць было добра, а стаяць, трымаць драбіну — брала нуда i стыл i рукі. Але Валодзя не скардзіўся — ці ўпершыню было цярпець яму нудоту i нядобрае: не адно ж ужо лета з дня на дзень пасвіў свіней, каня нават пасвіў, i мок, i стыў у полі, сцярог — як прывязаны быў пры ix. Спярша цярпець нуду гэту была пакута страшная, а потым — прыцярпеўся, звык: нічога не зробіш, памагаць трэба, зарабляць на хлеб. Не малы ж ужо — не век жа есці хлеб дармовы, сядзець на чужой шыі!
Словам, цяпер гэта быў не той бесклапотны малы, які адно ведаў: хачу гуляць, хачу есці; ведаў Валодзя цяпер, што, акрамя гэтага спакуслівага — хачу, ёсць у чалавека непрыемнае, але неадменнае, абавязковае — трэба. Не заўсёды "трэба" перамагала "хачу", але ён ужо добра чуу, што "трэба" — важнейшае, што не лічыцца з ім няможна…
Так, на выганах i на пашах зазнаў малы чалавек вялікую супярэчнасць чалавечага жыцця. Зазнаў ён i складанасць свету, складанасць становішча чалавека ў ім. Запісаны ў Алешніцкую школу, за тры месяцы ён пасядзеў на лаўцы ў першым класе толькі якіх дзесятак дзён: іншыя дні то памагаў на гаспадарцы, то — у слату, у дождж — сядзеў у хаце (не было ў чым ісці), то гуляў дзе-небудзь з прыяцелямі, аддаўшыся свайму спакусліваму "хачу"…
За тры гады ён вельмі падрос i стаў больш падобны на матку. Як i ў маткі, валасы ў яго былі бялявыя; аднаго колеру — шэра-сіняватага — былі i вочы, не такія, як у Васіля, не хмурныя, падсцярожлівыя, a даверлівыя, лагодныя, з дачаснай задуменнасцю. Гэтая задуменнасць неяк асабліва прыкметна была ў малым, была як знак таго, што чалавек глядзеў на свет сур’ёзна, стала, разважна…
— Дзед, — сказаў ён, калываючыся разам з калёсамі на ямках i купінах, — а ў Жалудка — у настаўніка — вуллі, як хаткі. І — проста па зямлі стаяць, у садку…
— У калодах ім лепей. Зацішней. Не так трывожно…
Валодзя, што кіраваў канём, аб’ехаў яму, памаўчаў, падумаў аб нечым сваім, запытаў ціха:
— Яны — вельмі трывожныя? Болей за людзей?
— Болей!.. — Вочы дзеда бліснулі жвава, весела. — Шчэ якія трывожныя! У ix нутро, тым часам, хоць маленькае, а — чуткае, страх! Далікатнае нутро!.. Усё чуюць! Любіш ты ці не, рады ты ці смутны! Усё, зразу!..
Валодзя не сказаў нічога, адно задуменна пазіраў з-пад раскіслага, падобнага на сабачае вуха казырка.
Дзед памаўчаў трохі, прамовіў, давольны:
— Еты год пчолам зіма не страшная будзе. У калодах цёпло, што ў добрай хаце! Хай ім хоць які холад — баяцца нечаго! І яды, тым часам, хваціць! Да самага лета мёду аставіў — той раз!..
Ехалі ўжо к апошняму — сёмаму — вуллю, калі на дарозе трапіўся Андрэй Руды, які таксама кіраваў некуды на калёсах. Хацелі размінуцца, але Руды спыніў каня, саскочыў, гукнуў дзеда. Падышоў, спытаў, ці даўно ў полі.
— Вы ж, следавацельно, i не знаеце, што ў вас учынілася! — сказаў, нібы радуючыся таму, што выпала паведаміць.
Дзед кінуў позірк з-пад белых броў:
— Што, тым часам, учынілася?
— Учынілася, Дзяніс Ігнатавіч, у вас — та-скаць — асобеннае праісшэствія! — Руды зацягнуўся самакруткай, пусціў носам далікатны дымок. — Праісшэствія — та-скаць — на ўвесь сельскі маштаб! Усё сяло гудзе: раскол у сямЧ Дзятлаў! — Ён перахапіў нецярплівы дзедаў pyx i сказаў: — Маня ідзе да сваіх, a Васіль — ёсць сведзенія — бярэ Ганну Чарнушкаву!
— Як ето — бярэ?..
— Та-скаць, згаварыліся тайно!
Дзед адразу ўзяў ад Валодзі лейцы i, не гаворачы больш нічога, павярнуў каня ў Курані.
Валодзя бачыў, што навіна, пачутая ад Рудога, вельмі ўстрывожыла дзеда: пра пчол нават адразу забыў! Валодзька ж спачатку ўзяў вестку са сталай i спакойнай разважнасцю: ідзе Маня, ну i няхай ідзе! Ён нібы ўбачыў, як яна ідзе на вуліцы, тоўстая, павольная, падумаў ясна: Васіль усё роўна не любіць яе, калі з Ганнай жыць хочацца! А так i Васілю добра будзе, i Ганне, i Мані — бо што ёй за цікавасць з Васілём, як яму другая болей падабаецца! Яна i так колькі наплакалася адтаго, што ён вечна хмурны, недавольны. Цяпер хоць пажыве ціха каля сваіх!.. І ёй добра будзе, i Васілю з Ганнай. Ён тут жа з трывогай падумаў: а з кім жа цяпер астанецца хлопчык — з Васілём ці з Маняю, — i пачуў, што жыццё зноў нагадала пра сваю складанасць. Ён рашыў усё ж, што i гэты вузел развязаць можна так, каб усім добра было: няхай жыве яно трохі ў адных, трохі—у другіх. Яму так яшчэ лепей будзе! За гэтымi клопатамі Валодзю раптам узяла радасць: яны цяпер з Хведзькам — сваякі! Ганна ж — Хведзькава сястра!