Выбрать главу

"Ганна ў етай хаце жыць будзе!.." — казаў Бугай. "Згаварыліся, што к Васілю пяройдзе!.." Набрахаў на ўсю вуліцу ды i падыбаў, бы праўду сказаўшы!.. Ca злосцю на Бугая — не першы раз за гэтыя ночы — любая, неадступная, увайшла, узяла Васіля думка-мара: калі б тое можна было, калі б праўда Ганна гаспадыняй стала! Усё было б тады ў яго, усё, чаго не хапае! Шчасце было б поўнае — не падман!.. Бы ўвачавідкі — не першы раз ужо — убачыў, як Ганна пораецца каля печы, як ходзіць па двары, — i ўсярэдзіне аж забалела!

Думкі перабіў плач малога, якое прачнулася ў калысцы ля ложка. Ён пачакаў, калі Маня, што была, як заўсёды, бліжэй да дзіцяці, возьме паўрозку ад калыскі, загушкае, але яна нібы i не чула. Дзіця ж не ўціхала, галасіла ўсё мацней.

— Вазьмі пагушкай! — не ўтрываў Васіль.

Яна хоць бы варухнулася.

Васіль зазлаваў:

— Не чуеш?!.

Яна была як нежывая, як калода. З палацяў злезла маці, узяла малога на рукі, пачала тупаць па хаце, прыгаворваць:

— А-а… а-а… Спі, маленькі… Спі, разумненькі!.. Курачкі ўсе спяць!.. Цяляткі, парасяткі!.. А-а, а-а…

Яна насіла, гушкала, пакуль малое не ўціхла, не заснула добра; паклала ў калыску, иагушкала яе. Потым яшчэ доўга стаяла ў цемры, як бы не цяміла, што рабіць; схамянулася, пасунулася к палацям сваім тады, калі штосьці загаварыў праз сон Валодзька.

— Пайду я! — раптам ціха, цвёрда сказала Маня. У голасе яе пачулася злосць: —Жыві з етай сваёй!.. — Яна не ўтрывала, захліпала: — Мало ёй аднаго… свайго!..

Васіль не сказаў нічога. Не абнадзеіў, не супакоіў. У галаву зноў лезла — што ж цяпер будзе з гаспадаркай, з канём, з зямлёй, якую даў цесць? Між гэтай клопатнай няпэўнасці ныла згадка пра Ганну, шкадаванне, што не пабачыліся сёння. Гэта дамашняя неспадзеўка не дала выйсці к назначанаму месцу, а яна ж — Ганна — пэўна, чакала!.. Чакала — i не дачакалася! А пабачыцца трэба было б, нават цяпер… Цяпер, дык асабліва трэба было б…

Ён не ведаў, што Ганна ў той вечар таксама шкадавала, што не можа выйсці…

9

Яны пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала чуццё. Першая прыйшла Ганна; ідучы загуменнай дарогай, азірнулася, стала ўпоцемку ля Васілёвага гумна, прытулілася да сцяны. Слухала, узіралася, поўнілася такім неспакоем, што дрыжала ўся.

Няўжо не прыйдзе, не пабачыцца — Ганна аж стаяць не магла на месцы ад думкі, што так можа i стацца. Як заўважыла цёмную постаць ад двара, як пазнала, што — ён, дрыготка ўзяла яшчэ мацней.

— Я ўжэ баялася! — сказала ціха, шчыра. — Не здагадаецца, думала!..

Ён памаўчаў момант. Не ўзяў яе рукі, не абняу

— Я i ўчора прыходзіў… Думаў: можа, будзе…

— Няможно було мне… Сягоння — як вырвалася да сваіх… Жывасілам, можно сказаць…

— І за мной — глядзяць… Не вераць…

У ix была тая ж шчырасць, як i ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці — дзіўна — не было ўжо. Ca шчырасцю, няпрошанае, неадступнае, чулася яшчэ нешта, што як бы — трэцяе — стаяла між ix, не давала ім быць блізкімі, роднымі. Асабліва гэта трэцяе стрымлівала Васіля — Ганна чула востра, крыўдна…

— Знаю ўжэ… Мачыха сказала… як у цябе було… — гаварыла яна, стараючыся не заўважаць яго стрыманасці.— Як Пракоп пайшоў…

— Пайшоў…— Васіль за тым, што яна сказала, чуў яшчэ пытанне — а як жа Маня будзе? — але не адказаў нічога. Не хацеў ні гаварыць, ні думаць пра гэта. Сам не ведаў.

Тое, што стаяла між ix, аддаляла, было няяснае, непадатнае, важкае. Яны стаялі, можа, хвіліну моўчкі — блізкія i далёкія разам.

Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася:

— От i няма чаго баяцца! Знаюць усе!

Васіль не засмяяўся.

— Знаюць…

— Не так яно страшно, як здавалася!..

Васіль прамаўчаў. Яго маўчанне не толькі не стрымала яе, а як бы дало большай рашучасці.

— Пацярплю шчэ трохі,— сказала яна аж дзіва легка. — А там!..

Васілю здалося: Ганна вось-вось засмяецца! Ён хмурна пацікавіўся:

— Што — там?..

— Кіну ўсё! Хай яно згарыць! — Як пра даўно абдуманае, сказала, ужо без смеху: — Пайду!

— Куды ето?

— Хоць куды! Куды вочы глядзяць!

— Сказала!..

— Надумалася — i пайду! Толькі таго i свету, што Курані. Як прападаць тут век, дак мо знайду што! — Яна гаварыла ўсё гарачэй, сур’ёзна: — У Мазыр пайду, а мо i далей! Абы — далей адсюль! Штоб Карчоў i духу не было! І не відно, i не чутно!.. — Ганна раптам дадала шчыра: — От кеб ты буў!

Яна не толькі хацела гэтага, яна быццам назвала: так гэта было сказана. Васіль чуў: сказала пра яго не так сабе, не выпадкова, думала пра гэта; яму стала хораша, радасна. Момант было адчуванне шчаслівай, вялікай блізкасці — у свеце было толькі яго i яе шчасце.