Выбрать главу

— Дазвольце мне слова!

К сталу ішоў Зубрыч. Ускочыў на адну ступеньку, на другую, зірнуў у залу, але гаварыць не стаў спяшацца. Пачакаў увагі.

— Я — беспартыйны, — сказаў ён спачатку да камісіі.— Але я таксама хачу сказаць. Паколькі думка беспартыйнай масы, як мне вядома, таксама не абыякавая для камісіі. Голас мой як чалавека непартыйнага, можа быць, i не так многа значыць, але я магу таксама ўнесці сваю долю для высвятлення ісціны. І такім чынам, па гэтай хоць бы прычыне, я адчуваю абавязак сказаць сваё слова. — Ён павярнуўся к зале, памаўчаў момант i загаварыў больш павольна, моцна. — Я павінен сказаць шчыра некалькі слоў. Перш за ўсё, не буду таіцца, таварыш Башлыкоў са мной таксама не цырымоніўся. Мне, наколькі я помню, ён таксама не толькі не падаваў рукі, але i, здаралася, гаварыў словы не менш вострыя, чым таварышу Гайлісу. Здаралася, было такое, таіцца няма чаго. Я буду гаварыць шчыра. — Ён кінуў позіркам на Башлыкова, які насцярожана сачыў, да чаго ўсё гэта.

Апейка таксама глядзеў з цікавасцю з залы, з першага рада; праўда, з цікавасцю асаблівай: непрыемны i не зусім зразумелы быў яму гэты чалавек, з якім даводзілася ўжо не адзін год рабіць блізка. І падхалім, i не падхалім, нешта горшае: брыдкае, нейкае слізкае. Для чаго ён вылез сюды, з якім намерам? Што яму трэба тут?

— Я — не друг таварышу Башлыкову. Hi ён да мяне, ні я да яго не мелі асаблівай сімпатыі. Будзем гаварыць шчыра. Але я люблю праўду. І вось гэтая праўда i прымушае мяне гаварыць, не маўчаць. Я з таварышам Башлыковым сустракаўся не раз, бачыў яго збоку, слухаў — i магу сказаць, што ведаю таварыша Башлыкова някепска. Ведаю як кіраўніка, ведаю як чалавека, як партыйца. Я ведаю таварыша Башлыкова. — Зубрычаў голас яшчэ падужэў, набыў як бы святочнасці.— І таму я, скажу шчыра, не магу згадзіцца з таварышам Гайлісам. — Зубрыч адолеў шум у зале. — Не магу! Таварыш Башлыкоў надзвычай энергічны, дзелавы кіраўнік! Вельмі чулы да людзей. — Ён зноў адужаў шум. — Так, вельмі чулы! Я згодзен, што ён — строгі, патрабавальны, але ён разам з тым i чулы. Тут няма ніякай супярэчнасці: яго строгая патрабавальнасць i ёсць не што іншае, як сапраўдная чуласць. Дзелавая. У наш час, калі класавая барацьба так абвастрылася, калі сам закон класавай барацьбы патрабуе быць заўсёды напагатове, заўсёды быць пільным, нельга быць чулым i не быць патрабавальным. Не разумеючы гэтага, нельга правільна зразумець таварыша Башлыкова. — Тут Зубрыч прымоўк i далей загаварыў ужо цішэй, мякчэй, але з той жа шчырасцю ў голасе: — Я павінен адказаць i яшчэ аднаму прамоўцу. От тут пыталіся, ці працаваў таварыш Башлыкоў у сельскай гаспадарцы. Маўляў, ці ведае сельскую гаспадарку. Магу сказаць: ведае! Як спецыяліст, які часта сустракаецца з ім іменна ў гэтай галіне, гавару: ведае. І што яшчэ больш важна: ведае душу селяніна, ведае, чым ён, селянін наш, як кажуць, дыхае! Я магу сказаць з поўнай адказнасцю, што паргыя не памылілася, прыслаўшы такога работніка ўмацаваць кіруючае партыйнае ядро! Добры кіраўнік, сапраўдны бальшавік! Такая мая, беспартыйная, думка!

Хтосьці крыкнуў: "Правільна!" — некалькі чалавек запляскалі, i Зубрыч сышоў як чалавек, які таксама сумленна зрабіў сваё. Зноў у зале гаманілі, i таму, хто выйшаў за ім, давялося чакаць, пакуль старшыня камісіі супакоіць залу. Звонкі, не па гадах важны, сталы тарогіячыся ў залу ўпартым позіркам, Косцік Кудравец ca ўсім сваім камсамольскім пылам рынуўся раскідаць усё, што сказаў Гайліс, што пакрыквалі з залы. Ён заявіў усім у зале, што прынцыпова згодны з усім тым, што гаварыў таварыш Зубрыч; што ён наогул не разумее, як можна сумнявацца ў тым, што таварыш Башлыкоў больш, як хто іншы, годны быць у бальшавіцкай партыі…

У зале зноў прыціхлі, калі старшыня камісіі загіытаў у тых, хто сядзеў побач, якія ёсць пытанні. Беразоўскі сказаў, што няма i ўсё ясна. Ясна яму, ведаў Апейка, было не толькі з таго, што ён пачуу гут, але i з таго, што яму вядома было яшчэ да сходу: камісія рабіла ў мястэчку ўжо больш за два тыдні. Неахвочы да лішняй гаворкі, ён, відаць, лічыў, што няма чаго пытацца попусту, дзе ўсё зразумела; калі, да ўсяго, уперадзе яшчэ столькі нялёгкай працы. Галенчык жа, строга перабіраючы нешта ў памяці, у роздуме, памаўчаў. Зала сачыла за ім, чакала. Пайшоў шумочак.

— Чаму ў вас такі малы працэнт рабочай праслойкі? — нацэліўся Галенчык на Башлыкова.

Башлыкоў адказаў, што ў раёне вельмі мала рабочых: толькі на млыне ды ў арцелях. Але Галенчыка гэта не супакоіла. Ён не тое што не таіў, ён усім паказваў, што недавольны адказам. Ніжняя губа яго была вельмі зразумела адтулена. Ён пакруціў галавою: як такое можна гаварыць? Мала рабочых! Адно за адным стаў кідаць пытанні: колькі арцеляў у раёне ўсяго; колькі ў раёне ўсяго рабочых; колькі ўсяго ў паргыі? Што далей, то больш: чаму ў партыі аказаліся элементы з заможнай праслойкі, элементы з цёмным прошлым; элементы, якія злучыліся з класава чуждымі элементамі? У той час, калі рабочая праслойка не расла. Башлыкоў гаварыў спачатку цяргіліва, потым, Апейка прыкмеціў, стаў злаваць, абурацца пытанням, што былі як несправядлівыя абвінавачванні.