Выбрать главу

— Паглядзім, ці такі ён святы, таварыш Апенька, як тут стараліся некаторыя даказаць. Паглядзім, узважым усё строгай, бальшавіцкай меркай. — Галенчык акінуў вачыма залу. Непахісны, бязлітасны. — Узважым… Бальшавіцкай меркай! — Памаўчаў, загаварыў цішэй, мякчэй, паблажліва: — Таварыша Апеньку тут называлі добрым. Справядлівым. Чулым. Хвалілі, што таварыш Апенька ўсіх прымае. Усіх выслухоўвае. Памагае ўсім. — Галенчык нібы пахваліў таксама: — Памагае, правільна. Правільна!.. — Голас яго дзіўна зацяўся. У голасе штосьці таілася, абяцала: — Памагае. Але — давайце паглядзім, — Галенчыкаў голас падужэў,— як Апенька памагае i — каму памагае! Вот што давайце паглядзім!.. Адна справа — калі памагаюць працоўнаму чалавеку, бедняку, які шукае парады i падтрымкі ад роднай савецкай улады, які просіць, каб савецкая ўлада абараніла яго ад заклятага яго ворага i ворага савецкай улады — кулакаміраеда. Гэта адна справа. І тут мы можам цапкам ухваліць такога кіраўніка як сапраўднага прадстаўніка савецкай улады на месцы! Сапраўднага савецкага кіраўніка! — Галенчык зноў акінуў залу. Зала сачыла за кожным яго рухам, чакала. — А другая справа, — загаварыў ён з нейкай уедлівасцю, яхіднасцю, — калі ў кабінет старшыні савецкага выканкома прыходзіць лішэнец, цвёрдазаданец, былы царскі афіцэр! Калi яны размазваюць па твары кракадзілавыя слёзы толькі для таго, каб затуманіць нашу голаву, усыпіць нашу бальшавіцкую пільнасць! Гэта — другая справа!.. Адна справа — гэта наш друг, працоўны чалавек, а другая — вораг, класава чужды вораг, з якім трэба быць заўсёды напагатове, якому нельга даваць ніякага спуску! Па таму, як адносіцца чалавек да класава чуждага ворага, праяўляецца перш за ўсё бальшавіцкая стойкасць i загартоўка!.. — Галенчыкаў голас пацішэў, i зноў пачулася ў ім яхіднасць: — І вот тут адкрываюцца нашым вачам, проста сказаць, дзіўныя рэчы! Партыец з такім вялікім стажам, пастаўлены на адказны пост старшыні райвыканкома, сплош i радам губляе простую i чоткую класавую лінію! Замест таго каб цвёрда праводзіць генеральную лінію, ён сам сваёй рукою выцірае ворагу кракадзілавыя слёзы!..

Апейка чуў, як штосьці важкае, гарачае залівае ўсяго, б’е нецярпліва ў скроні, тлуміць галаву. "Унь куды гне!" Хацелася ўскочыць, перабіць, усёй зале сказаць, чаго варты гэтыя паганыя подступы, гэтыя брудныя закіды. Але ён стрымліваў сябе, падбадзёрваў: няхай гаворыць, няхай усё выказвае! Ён адкажа яму!..

У зале амаль не гаманілі. Амаль усе маўчалі, чакалі… У цішыні гэтай вельмі чутна вырвалася: "Што ён пляце, людзі!" Шчырае, здзіўленае, жаночае…

Галенчык не тое што не збянтэжыўся: па твары прайшла нават давольная, задзірыстая ўсмешачка. Ён упэўнена стаяў за сталом, член камісіі таварыш Галенчык, ён абводзіў залу позіркам, у якім былі i смеласць i разуменне ўсяго, недаступнага многім з тых, якія ў зале. Можа быць, нават усім недаступнага. Разуменне i цвёрдасць, яка я толькі мацнела ад розных выкрыкаў…

— Вам трэба факты? — сказаў ён, як бы радуючыся. Голас яго зноў дзіўна падужэў.— Калі ласка! Усе вывады, якія я зрабіў гут, аснованы на фактах. Усе факты — правераныя, дакладныя. Я пачну з таго, на што даволі асцярожна, намёкам нацэліў таварыш Кудравец. На факт заступніцтва таварышам Апенькам за былога афіцэра Гарошку. Падумайпа член партыі, старшыня райвыканкома сам дабіваецц?.. І каб аднавілі на рабоце настаўнікам былога афіцэра. Каб даверылі выхоўваць наша маладое савецкае пакаленне, нашу надзею, дзяцей — беламу афіцэру, заклятаму ворагу савецкай улады! Трэба дадаць: гэта таксама важны момант, вельмі важны! — сваёй цэлі Апенька дабіваецца пасля таго, калі партыйная ячэйка, райком камсамола i райана разаблачылі гэтага ворага i вырвалі яго, як шкодную траву, з асяроддзя нашых савецкіх дзяцей. Аб чым гэта гаворыць, падумайце, таварышы! Але гэты факт — не адзіночны. Такіх фактаў вельмі многа, ix можна прывесці дзесяткі, а можа, i сотні з дзейнасці Апенькі на пасту старшыні райвыканкома! Не далей як тыдзень таму, ужо тады, як работала камісія, таварыш Апенька ўзяў пад сваю апеку ашуканца цёмных нашых людзей — папа! Як i прыйшоў да яго ў райвыканком з казкамі, нібы ён усвядоміў шкоду рэлігіі, якой ён служыў усё жыццё! А цяпер рашыў астрыгціся! Захацеў быццам бы пачаць жыць сумленным жыццём! Таварыш Апенька, вопытны работнік, немалады партыец, "паверыў" на слова гэтаму прайдзісвету, Богаваму служку! Які прыкінуўся толькі для таго, каб замаскіравацца пад нашага савецкага чалавека! Каб уладзіць у наш савецкі інстытут свайго папоўскага сынка! Больш таго, Апенька — гэта факт, правераны факт! — даў указанне гэтаму папу, каб той вёў агітацыю супроць рэлігіі! І ўзяў слова, што той будзе агітаваць! Гэта — не выдумка! Факт!.. У той жа самы дзень Апенька ўзяў пад сваю апеку яшчэ аднаго пакрыўджанага савецкай уладай — сынка крыважэрнага кулака з вёскі Курані — Глушака Сцяпана! Гэты кулацкі выкармак устроіў Апеньку спектакль, нібы бацькаў кулацкі хлеб дзярэ яму горла i ён кінуў бацьку! І ён просіць, каб дал i яму месца працаваць у камуне! І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну!