Выбрать главу

У зале там-сям шумелі, раз-пораз выляталі крыкі: абураліся Галенчыкавай гаворкай, радаваліся ёй; Апейка не дзівіўся, проста адзначаў сабе: былі i такія, што радаваліся. Але большасць, прыкмячаў ён, маўчала; маўчала i чакала, што будзе яшчэ. Было штосьці i ў саміх прыкладах, i ў тым, як гаварыў Галенчык, нешта такое, што прымушала людзей слухаць, маўчаць, чакаць. Рукі Апейкі дрыжалі; важкае, тлумнае ўсё поўніла галаву, нецяргіліва ўздымала з табурэткі. "Няхай гаворыць, няхай выкладвае ўсё!.. — як бы загадваў ён сабе. — Спакайней, спакайней слухай! Трымайся з годнасцю: людзі глядзяць на цябе! Няхай бачаць, ты ведаеш: праўда твая! Трэба слухаць усё, запамінаць! Каб не прапусціць потым чаго-небудзь, адказваючы!.."

— Што гэта такое? Як гэта назваць? — уядаўся ў Апейку галасок. — Ёсць людзі, якія называюць гэта "дабратою". — Галасок быў поўны іроніі.— Вы, таварыш Кудравец, называеце гэта дабратою, a бальшавікі, сапраўдныя бальшавікі, называюць гэта інакш. Сапраўдныя бальшавікі называюць гэта — патураннем класава чуждаму ворагу. Змычкай з класава чуждым ворагам! Па сапраўднаму бальшавіцкаму азначэнню — гэта не што іншае, як скрыўленне класавай лініі бальшавіцкай партыі! IIa бальшавіцкаму азначэнню гэта не што іншае як правы ўхіл. Вот што гэта такое, калі глядзець глыбока i адкрыта!.. Правы ўхіл, з якім бальшавіцкая партыя пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна вяла i будзе весці бязлітасную барацьбу! — Галенчык ледзь не сарваў голас, але прымусіў замерці ўсю залу. Ён кіпеў гневам, у ім чулася вялікая сіла. Апейку раптам узяла кволасць: "А што, калi i Белы ці Беразоўскі так жа?!. Калі яны паддадуцца гэтаму?!." — ён хацеў знайсці слова, як назваць Галенчыка, але не знайшоў. Пачуў раптам ва ўсім целе нядобрую млоснасць. "Спакайней, спакайней трэба!" — нагадаў сабе. Але спакою не было…

— У чым прычына ўсяго гэтага? — гаварыў цішэй, хрыпавата, але з цвёрдасцю, настойлівасцю Галенчык. — Чаму Апенька такі "добры" — ці, па нашаму азначэнню, — такі няўстойлівы? Прычына тут простая. Шукаць доўга не трэба. Толькі сляпыя могуць не бачыць яе! Тут невыпадкова, i ў матэрыялах камісіі i ў некаторых выступленнях, касаліся асобы некаторых сваякоў Апенькі, у прыватнасці асобы яго брата Апенькі Савасцея! Падабаецца ці не падабаецца некаторым, мы не можам заплюшчыць вочы на тое, што сам Апенька, сам састаіць у родственнай сувязі з класава чуждымі элементамі! Ён звязаны з імі адным ланцугом. Таму ён i абараняе ix, сплош i радам служыць ім! Служыць i тайна i адкрыта!.. Яблыка падае не толькі блізка ад яблыні, але i блізка ад другога яблыка! Яны ляжаць радам! У гэтым i ўся прычына Апенькавай "дабраты"! І калі тут, у матэрыяле, які паступіў у камісію, пытаюць, ці можа такі чалавек займаць адказны савецкі пост, то я на гэта магу заявіць: не можа! — Галенчык адужаў гоман у зале, яшчэ цвярдзей заявіў: — Не можа!.. Я лічу, што камісія павінна таксама сур’ёзна узважыць усе даныя i зрабіць свае сур’ёзныя вывады пра тое, ці дастойны такі чалавек быць у бальшавіцкай партыі. Партыі, якая павінна быць у абстаноўцы бязлітаснай класавай барацьбы згуртаванай, як адзін чалавек, i непахіснай!.. Я асабіста лічу, што Апеньку ў такі адказны момант астаўляць у парты i не трэба! І, — заявіў ён праз гоман i крыкі,— галасаваць буду супроць!

У Апейкі грымела ў скронях. Цяпер, калі трэба была яснасць у думках, ён пачуў, што галава яшчэ налілася тым гарачым, важкім: абвалакло, заняволіла думкі. Толькі грыміць у скронях. Ды лезе непаваротлівае, упартае, нястрыманае: "Няўжо? Няўжо можа быць?.."

Астатняе было недзе за думкамі, апе ён чуў яго ўсёй істотай: няўжо могуць вычысціць? Усё раптам страціла рэальнасць, даходзіла да яго як штосьці незразумелае, недасяжнае розуму.

"Спакайней, спакайней трэба!.." — загадаў ён, але спакой не прыходзіў. Праз гарачую завалоку чуу ён гоман у зале, бачыў, як ускочыў нехта. Здзіўлена, голасна кінуў:

— Людзі, што ж ето ён плёў! Усё ж ето… Брахня ўсё ето! — ад стала — Белы, мабыць, — пачуўся звон алоўка аб графін. — Якое ж тут скрыўленне лініі!.. Поп прыходзіў, кулацкі сын! Ахвіцэр! Дак к яму ж усе прыходзяць! Усе к яму ідуць! Я пяць разоў была! Чаму ён не ўпамянуў! Дак якое ж тут скрыўленне!.. Па-мойму, савецкая ўлада такая i павінна быць! Як Іван Анісімавіч!.. Выгнаць з парціі! Вы чулі! Ды яму "дзякуй" трэба сказаць! Сказаць, штоб у парціі ўсе былі, як ён!