Выбрать главу

"Вінаваты, век буду вінаваты! — падумаў Апейка. — Век будуць чапляць!" Узяло расчараванне: разумны чалавек, а гаворыць такое! Але Белы не цікавіўся яго пачуццямі, Белы спакойна, незласліва i бязлітасна вёў сваю гаворку, мераў усё сваёй меркай. Вось пачаў ужо новае: "А цяпер паглядзім, як праявіў сябе таварыш Апейка на рабоце. Работа — самая дакладная праверка бальшавіка…" Апейка не прапусціў слова да тых апошніх, якія сказаў Белы:

— І калі найлепш пра чалавека меркаваць па рабоце, па справах, то таварыш Апейка — наш, савецкі работнік. Бальшавік… Ca сваімі заслугамі перад партыяй… Такія людзі патрэбны партыі.

Калі Апейку далі слова, ён раптам пачуў, што не ведае, з чаго пачаць. У душы было яшчэ поўна трывогі, неастылага хвалявання. І разам з тым жыла надзея, адчуванне, што усё кончыцца добра. Адзін будзе супроць, але магло б быць i горш. Ён бачыў перад сабою твары: яснейшыя ў кругах святла, цьмяныя — далей. Твары, вочы, вочы, што чакалі. Што ж казаць? Можна гаварыць многа, але нашто? Беразоўскі i Белы сказалі… І трэба — падумаць, разабрацца ва ўсім. Але — гэта потым… Як цяжка гаварыць, капі столькі адразу асела ў галаве, столькі перажыта!.. Трэба коратка. Самае галоўнае…

— Жыццё — штука складаная… — Ён здзівіўся, які ў яго хрыплы голас. Загаварыў галасней: — Не заўсёды зразу можна знайсці правільнае рашэнне… Я, канешне, не раз памыляўся. Але я ніколі,— голас Апейкі пацвярдзеў,— не патураў ворагу. І тым больш не змыкаўся з ім, як тут стараўся пераканаць таварыш Галенчык. Такім жа безадказным лічу я i абвінавачванне мяне ў правым ухіле, якое таксама ж блізка да ісціны, як i іншыя. Калі я памагаў каму-небудзь з тых, у кім сумняваецца таварыш Галенчык, то таму, што лічыў, што гэтыя людзі могуць быць карысныя нам. І лічыў подлым таптаць людзей, якія хочуць жыць пановаму. Нават калі гэтая дарога была для ix не простая… Я ведаў, што знойдуцца дзеячы, якія прычэпяць адзін з тых ярлыкоў, якія тут начапілі, але лічыў трусасцю рабіць наперакор свайму партыйнаму сумленню… Я i далей буду рабіць так, як падказвае мне партыйнае сумленне. Не азіраючыся на выкрыкі тых, у каго кульгаюць ці разважнасць, ці, можа быць, сумленне…