— Вы каго маеце на ўвазе? — загарэўся Галенчык.
— Я сказаў усё, — зірнуў Апейка на Белага.
— Будзем галасаваць… — Белы ўстаў, як бы даючы зразумець важнасць хвіліны, памаўчаў.— Хто за тое, каб таварыша Апейку Івана Анісімавіча аставіць у партыі? — Ён сам, першы ж, падняў руку. За ім падняў руку Беразоўскі.— Двое… Хто — супроць?.. Адзін… Такім чынам, большасць — "за"…
Ледзь Белы аб’явіў рашэнне камісіі, не чакаючы, калі сціхнуць воплескі, Галенчык папрасіў слова:
— Я лічу гэтае рашэнне няправільным. Лічу, што камісія ў даным выпадку праявіла палітычную блізарукасць i апартунізм. Я пераканаўся ў гэтым яшчэ раз, слухаючы выступленне Апенькі,— у якім ён не толькі не прызнаў сур’ёзных палітычных памылак, a заявіў, што будзе так жа дзейнічаць i далей. І ў якім ён назваў усіх, хто ідзе прама, трусамі i дурнямі… І я далажу пра гэта вышэйстаячым інстанцыям. Для адпаведнага вываду. — Ён зноў абвёў залу, перш чым сесці. Ён быў упэўнены, што не ўсё кончылася.
4
Поўны хвалявання, думак, Апейка нібы праз завалоку бачыў, як чысцілі трэцяга, Харчава. Паўнацелы, шыракагруды — аж гімнасцёрка як не трашчала, ён стаяў прама, па-вайсковаму, гаварыў коратка, голасна, трымаўся вельмі спакойна. Спакой на яго бураватачырвоным твары, ва ўсёй моцнай постаці быў i тады, калі пачалі чытаць запіскі. Запісак было нямала, i большасцю — нядобрыя. Што п’е часта; што грубы з людзьмі; што без прычыны арыштоўвае людзей.
Харчаў гаварыў: "Што выпіваю часам — гэта праўда. Не адмаўляюся. Але ніякіх парушэнняў па службе з-за гэтай прычыны не было i не будзе. Я выпіваю ў свабодны ад службы час. Калі б я ні піў, я ніколі не прапіваў памяць. І тым больш — сумленне. Я заўсёды помню пра свой абавязак i заўсёды магу выканаць любое паручэнне… Я адмятаю, як паклёп, — голас яго падужэў, пацвярдзеў,— што я — грубы з людзьмі.— Ён перасіліў гоман у зале. — Я, канешне, рассусольваць не люблю, але з людзьмі невінаватымі я гавару вытрымана i ветліва. Я грубы з тымі, з кім трэба быць грубым. Са ўсякай контррэвалюцыйнай сволаччу i спекулянцкай нечысцю. У мяне такая работа… Мне даручана глядзець за ўсякай нечысцю, ахоўваць ад яе савецкую ўладу ў раёне. І савецкі парадак. І я ахоўваю. Не цырымонячыся з тымі, хто падкопваецца пад наш парадак. Я не цырымоніўся i цырымоніцца не буду!.."
"Ну, а што вы скажаце на тое, што вас абвінавачваюць у незаконных арыштах?" — нагадаў Белы.
"Я скажу так, што незаконных арыштаў не было. — Харчаў адужаў гоман у зале: — Гэта паклёп. Калі трэба, я гатоў хоць сягоння даць поўны адказ адпаведнай камісіі. На кожны факт арышту, на кожную меру Аб усіх мерах я дакладваю ў адпаведныя органы. Ніякага самаўпраўства я не дапускаю. — Мабыць, таму, што ў зале гаманілі нядобра, ён дадаў яшчэ цвярдзей: — Усе арышты былі таму, што былі контррэвалюцыйныя дзействія! І пакуль яны, такія дзействія, будуць, мы будзем прымаць неабходныя меры!.."
Гайліс дапёк Харчаву так, што бура-чырвоны твар Харчава стаў барвовы. Спачатку за выпіўку: "Піць на такім пасту ёсць самае вялікае злачынство!", "Чалавек, каторый п’ёт, не можэт не згубіць совесць! І не можэт заўсёды віконаць любое заданне!". Потым за грубасць: "Товарыш Харчэў не верыт іншы раз не толькі простый селянін, але i савецкі актыў, партыйцам не верыт. Сам сабе толькі верыт!.. Поэтому ў товарыш Харчэў ёсць памылкі! Незаконныя арышты! Ві жэ незаконно арыштовывалі грамадзянку Сарока з Курані! Bi выпусцілі скоро, но ві жэ — арыштавалі! Почэму жэ ві гаворыце: незаконных арыштаў не біло!"
За Гайлісам выскачыў ліслівы Зубрыч, заступіўся за Харчава: Харчаў выключна адданы справе, прынцыповы бальшавік!
Потым падтрымаў Харчава Башлыкоў, які зноў трымаўся з гаспадарскай упэўненасцю. Заявіў, што Харчаў працуе ў самым цесным кантакце з райкомам, ніякіх фактаў злоўжывання сваімі правамі не дапускаў. Пахваліў Харчава як члена бюро: справядлівага, сумленнага, актыўнага. У самых складаных i важных справах ніколі не быў убаку, удзельнічаў заўсёды адкрыта, прынцыпова, па-партыйнаму…