Выбрать главу

Доўга, крыкліва тлумачыў значэнне працы Харчава Галенчык, які, аказалася, мог быць i шчодры на хвальбу. Горача маляваў ён тым, якія сядзелі ў зале, воблік адданага, строгага, але справядлівага бальшавіка, якому выпала на долю такая цяжкая i слаўная праца. Апейка бачыў, як Харчаў, па-свойму праўдзівы, непрыхільны да напышлівых слоў, няёмка крывіўся ды адварочваўся ад Гапенчыка…

Выйшлі на вуліцу пад раніцу. Неба шарэла. Было вельмі холадна: гразь узялася храпаю. Апейка разы тры спатыкаўся. "Пара б ужэ снегу быць… Штоб не пашкодзіла азімыя…" Ішло спачатку побач некалькі чалавек, потым асталіся ўдваіх. Харчаў, які таксама маўчаў, раптам плюнуў:

— Ну i гніда ж гэты крыкун! Ці ганіць, ці хваліць — бляваць хочацца…

Апейка не сказаў нічога. Разам дайшлі да хаты, разышліся кожны на свой ганак.

Па тым, як хутка адчыніла дзверы жонка, Апейка зразумеў, што яна не спала. Можа, таксама была на сходзе…

— Была? — стомлена зірнуў ён на яе, навячэраўшы.

— Была… Усё, як трэба было чакаць… — здагадалася яна.

Калі лёг, пачуў, як стаміўся. Пачуў, якую небяспеку перажыў. "А што, калі б — не Белы, не Беразоўскі?.. Хто-небудзь яшчэ… пад Галенчыка… ці — без характару… Ды i так — ці ўсё яшчэ кончылася?.. Гразіўся — у "вышэйстаячыя інстанцыі"!.. Гніда, праўда!.. Прыпомнілася: "Ці можа займаць адказны савецкі пост чалавек, які звязаны з кулакамі?.." Хто гэта пісаў? Ці мала ix, мала каму ён насаліў!.. І вось жа, таксама ўзяў удзел у чыстцы!.. A Гайліс! Гайліс! Упарты латыш!.."

Разам — дужасцю — адагнаў думкі. Што б ні было i што ні будзе — трэба працаваць! Працаваць, працаваць!.. Час пакажа, чыя праўда! Праўда скажа сваё!..

Раздзел пяты

1

Збоку паглядзець: звычайнае жыццё ішло ў хаце. Яшчэ далека да золаку саскоўзвала з ложка матка, пачынала корпацца пры печы. У водсвеце чырвонага полымя з печы мыла картоплю, ссыпала ў чыгун, налівала вады. Лупіла картоплю на дранікі, спраўна, мерна чыркала па тарцы. Дзед таксама не спаў; доўга, душачыся, кашляў на печы, спусціўшы ногі, курыў люльку, думаў нейкую вечную сваю думу. Пакурыўшы, даставаў падсохлыя, цвёрдыя лапці, цёплыя анучы, з крэктам абуваўся. Стукалі дзверы, i дзед надоўга прападаў на двары: Васілю можна было паляжаць трохі, калi дзед уставаў

Але Васіль не залежваўся. Не так клопат, як звычка i сумленне ўздымалі — таксама абуваўся i выходзіў у сцюдзёную ранішнюю цемрадзь глядзець гаспадарку. Рыпеў журавель, плёскалася ядраная вада ў вядры, i хроп цяплом конь, радуючыся сустрэчы. Пачынаў нязменна з каня, потым ужо ішоў у загарадкі да каровы, да авечак, паіў, падкідваў сена, саломы. Часта вядро свежай вады прыносіў у хату, зачэрпваў першы карцом, плюхаў на рукі, апалоскваў твар… Рана, яшчэ поцемку, будзіла матка Валодзю: дарога чакала няблізкая, пакуль дападзе да тых Алешнікаў, да школы. Калі яна катурхала, Валодзя найчасцей толькі скурчваўся ды залазіў глыбей пад коўдру; тады матцы памагаў нецярплівы i строгі Васілёў загад:

— Ну, гультай! Цацкаюцца, як з малым!

У хісткім святле лучыны Валодзя санліва глытаў бульбу, надзяваў торбу з кніжкаю i сшыткам, сунуўся на вуліцу, з якой нярэдка ўжо зваў яго гоман таварышаў.

— Не забуў хоць чаго, глядзі! — вечна ішла ўслед матка.

Пазней за ўсіх, калі не будзіла дзіця, уставала Маня. Седзячы на ложку, доўга спала, пазяхала ўголас, чухалася — ніяк не магла прачнуцца. Матка ледзь не кожны раз пры гэтым пачынала яшчэ больш завіхацца; лагодным голасам раіла паляжаць яшчэ: няма чаго ўставаць ні свет ні зара, адна тут управіцца. Зноў жа — малое не давала паспаць па-людску. Маня сапла, крывілася недавольна i часта лажылася зноў. Здаралася, што Васіль i не бачыў, калі яна ўставала…

Удзень Васіль найбольш быў у гумне: малаціў. Зняўшы з шула цэп, размахваўся, біў i біў па разасланым жыце, па ячменю, пад якімі чулася цвёрдасць тока; зграбаў салому, падмятаў зерне; зноў зносіў, рассцілаў снапы, мерна, звыкла цупаў бічом. Часам прыходзіў дзед: памагаў веяць збожжа. Заходзіла матка: ці звала абедаць, ці прыносіла чаго-небудзь пад’есці; памагала адграбаць салому. Вярнуўшыся са школы, зазіраў Валодзя; калі аднойчы Васіль, спатнелы, зморана варушачы плячыма, выйшаў з гумна, малы ўзяў важкі, доўгі цэп, натужваючыся, размахнуўся. Біч мала не зачапіў галавы, a калі Валодзя выцяў па снапах, балюча рванула рукі; але Валодзя не адступіўся. Сапучы, падняў цэп другі раз, трэці… Васіль хутка вярнуўся, хмурна папракнуў: