Выбрать главу

— Вырас пад жаніха, а цэпам выцяць не можаш!

— От зараз, глядзі! — загарэўся Валодзя.

Ён, чырвоны ад натугі, ударыў бічом штосілы: канешне, як сам Васіль; але Васіль быццам i не заўважыў, строга загадаў адцаць цэп. Стаў моўчкі малаціць, як бы Валодзі тут i не было…

Дзятліха i дзед Дзяніс найбольш гаспадарылі на двары, у хляве: паілі жывёлу, кармілі, падкідвалі падсцілку. У хаце дзед то лез на печ, то рэзаў на лаўцы тытунь. Маці паліла ў печы, Маня гушкала дзіця, памагала свякрусе; тая, акрамя ўсяго, пільна сачыла за меншым, прымушала садзіцца за стол, чытаць i пісаць урокі, што зададзены на дом… Усё нібы ішло як заўссды, але пад усім гэтым заўсёдным няўціхна жыло, не знікала ні ўдзень, ні ўночы іншае, якое, хоць яго i стараліся не паказваць, не заўважаць, было пры тым самым чутным, самым вярэдлівым кожнаму. Тая нягода, якая неспадзеўкі для ўсіх, акрамя Васіля, укацілася ў хату, калі Бугай на ўсё сяло раскрычаў пра тайныя Васілёвы ды Ганніны спатканні, не забывалася, не ціхла ніколі; яна была, чулася, турбавала ўвесь час. Нікому не было вядома, чым яна гразілася. Усе адчувалі гэта, i ўсе жылі ўжо не так, як жылі яшчэ нядаўна.

І раней невялікі весялун, Васіль цяпер ледзь не цэлымі днямі хмурна маўчаў. Сам ён амаль не пачынаў гаворкі i адказваў неахвотна, рэзка, коратка. Асабліва маўклівы, нелагодны быў ён з Маняю: здаралася, што за суткі не перамаўляўся з ёю словам. Ён не таіў, што не хоча сустракацца з ёю, стараўся да ночы не заходзіць у хату. Калі даводзілася сысціся за сталом, аберагаючыся яе позіркаў, хутчэй сёрбаў боршч i глытаў гарачыя камы — хутчэй вырываўся на волю.

Удзень i яна гаварыла мала: толькі слязілася часам ды смаркалася. Яна нібы чакала ночы. Цяпер, у цемры, пад адной коўдрай, яна ўжо не хліпала моўчкі, як першыя ночы; з кожным разам да слёз дадавала ўсё больш папрокаў. Васіль, як бы адгароджваючыся, лажыўся спіною да яе; за спіною чуў, нудна, назольна гугніла: "Пайшла, дурная… За такого… Казалі: "Не ідзі"… "Hi кала ні двара"… "Чаго ты пойдзеш?"… Пайшла. Не паслухалася, дурная… Пашкадавала. Думала: бедны ды няшчасны, любіць болей будзе… А бяду агораем: прынясу сёе-тое. Скрыню поўную, карову… Хату бацько паможа… Дак от, аддзячыў… Аддзячыў за мае добрае… Адцзячыў. Загубіў жызню маю маладую!.. Асарамаціў на ўвесь свет!.. На вуліцу паказацца не можно!.." Яна доўга хліпала, смаркалася, потым зноў вяла, цягуча, паныла, нейкім сырым голасам: "Казалі: "Не ідзі за яго"… "Hi кала ні двара"… "Чарнушкава ета, голая, i то адвярнулася"… "А ў цябе дабра столькі", казалі. "Любы возьме"… Не паслухалас я, дурная!.. Сама ў пельку налезла…" Зноў за Васілёвай Спіною хліпала, смаркалася. Сапла важка. "Хведар з Алешнікаў наказуваў бацьку: "Аддай за Аўсея…" Не захацела, кручаная… Лепшага трэба було!.. Ад шчасця свайго сама адказалася!.. Сама… Пайшла б за Аўсея — жыла б прыпяваючы! На ўсе Алешнікі гаспадары, не тое што!.. Дак не ж, не паслухалася! "Кульгавы, крывы — Аўсей, не даўпадобы!.." Сама сабе загубіла жызню!.. Знайшла шчасце! На вуліцу хоць не вытыркайся!.." Зноў слязліва сцепалася, смаркалася. "Дабра столькі бацькаваго перабраў… Азалаціўся бацькавым дабром… Карову, землю такую забраў. Хату паставілі… Усе мало! Усе забуў, толькі пазвала ета… — яна памаўчала, шукаючы вартага слова, але не знайшла. — Я тут кручуся ўвесь дзень, корпаюся ў егым гнаі, свету не бачачы. А ён, — у голасе яе штосьці забулькала, крыўднае, злое, — а ён — па разорах качаецца з етаю!.. Ёй захацелася свежаго, яна крутнула хвастом, дак ён i пабег да яе! Па разорах качацца, покуль жонка корпаецца ў гнаі!.. Жарабец, кныр паганы!"

Маня быццам бачыла, з кім ён думкамі, душою, хоць i ляжыць пры ёй. Адтаго, што ён на ўсё маўчаў, яна ўсё больш злавала; усё больш чула, як бы ні хацела, не зможа нічога зрабіць, каб адхіліць бяду. Не раз i не два штоночы згадвала яна Ганну з такой нянавісцю, што не магла вымавіць яе імя; не знаходзіла, здавалася, вартых слоў. Тoe, што яна ўсё больш разумела, што змяніць нічога не здолее, што бяссільная, яшчэ распальвала яе нянавісць. "Знайшоў каго!.. Ету с-сучку!.. Якая шчэ ў дзеўках лезла пад усякаго!.. Якой толькі адно наўме!.. Толькі адно — штоб склешчыцца!.. Абы з кім! Абы — жарабец!.. Абы — кныр!.. Абы — склешчыцца!.. Ету… ету… Якая век па завуголлях бегае!.. Суку завугольную!.. Якая ля кожнага вугла! Ля кожнага плоту!.. Абы з кім!.. Абы — кныр!.."

— Маўчы ты! — не вытрываў Васіль. Ён сказаў з такім гневам, што яна ад неспадзеўкі анямела.

Азвалася са злой радасцю:

— А, не даўпадобы!.. Шкода стало!..

Васіль павярнуўся да яе так раз’ятрана, што яна замерла. Ведала гэтыя раптоўныя прылівы гневу. Ён i праўда гатоў быў учапіцца ў горла ёй. Колькі хвілін ледзь утрымліваў дыханне.