Яна адсунулася да сцяны, ляжала моўчкі, прыслухоўвалася. Калі ён паспакайнеў, захліпала:
— І не скажы нічого!.. Слова не скажы!.. Сама вытварае такое!.. А не скажы!..
Васіль мацюкнуўся. Адкінуў коўдру, поцемкі стаў шукаць апоркі. Сарваўшы світу з крука, накінуў на плечы, стукнуў дзвярыма. Доўга сядзеў на халодным ганку, не мог астыць.
З гэтага вечара Маня пабоивалася клясці каля яго Ганну Сцепалася толькі ў плачы, упікала, гразілася пайсці; ён, як i раней, ляжаў, адвярнуўшыся ад яе, маўчаў, думаў сваё. За ўсе ночы ні адным словам не павінаваціўся ён жонцы. Слухаючы яе, нанава ўспамінаючы ўсё, што было з Ганнай, Васіль не адчуваў ні сораму, ні вінаватасці перад Маняй. Не трывожылі Васіля яе пагрозы: "Пайду! Кіну ўсё. Як так мучыцца… Жыві, цешся з етай сваёй!.. Пайду! Лепей ужэ адной! Як такое…" Часам было i так, што Васіль, лежачы побач, не чуў ні скарг яе, ні пагроз; тады, калі яна хліпала, гразілася, ён думкамі, успамінамі як бы вырываўся з цемры, з хатняй задухі на волю, бачыў поле, прыгуменне, Ганну. Чуў Ганнін голас, бачыў Ганніна аблічча; цешыўся, ладзіў удваіх з ёю нязнанае шчасце…
Яму было шкода маткі, няёмка было перад дзедам; хата адна, ведаў: яны не спяць, чуюць усё. Нярэдка лавіў слыхам, як матка стрымлівае невясёлы ўздых, як дзед варочаецца на печы. Павяртаўся да жонкі тварам у твар, жорсткім, лютым шэптам загадваў:
— Сціхні!.. Зараз жа!..
Яго нелагоднасць да жонкі пераходзіла ў жорсткасць: ні разу не памкнуўся Васіль супакоіць Маню хоць словам; не толькі таму, што не ўмеў, a i таму, што не хацеў Аднойчы ноччу яна прытулілася да яго спіны, пяшчотна пагладзіла. Потым нават пацалавала. Васіль, які i раней не любіў "лізання", непрыхільна варухнуў плячом, як бы загадваючы адкаснуцца. "Выдумала! Знайшла час!.." — падумаў як пра недарэчнае. Але яна не адхінулася, зноў стала туліцца да спіны, лашчыць яго. "Не було нічого, — пачуў ён неспадзеўкі гарачы, дзіўна вясёлы шэпт. — Не було! Матка его праўду кажа!.. Выдумал i ўсё, нагаварылі!.. Бугай сам выдумаў i пусціў па сялу. Пусціў, a друпя — ухапіліся!.. Ім даўно хацелася етаго!.. Завідно було, што хату такую ставім! Што разжываемся! Не тое што некаторыя!.. От Бугай i выдумаў! A ўсе ўхапіліся! Ca зла, з зайздрасці!.." Яна раптам абхапіла яго рукою за грудзі, прыціснула так, што яму цяжка стала дыхаць; ён, можа, упершыню адчуў, што яна такая дужая. Яна павярнула яго да сябе: "Васілько, харошы! Ніхто нас не разлучыць!.. Я цябе буду шанаваць, штоб там ні казалі!.. Не буду слухаць нікого!.. Аднаго цябе!.. Аднаго!.. — Яна стала лашчыць яго, цалаваць так хапатліва, ашалела, што ён нібы не пазнаваў яе. Што раптам здзеелася з ёй, такой лянівай, няўклюднай, якая, здавалася, часта на хаду драмала!
— Ну чаго! Чаго ето ты! — недавольна адвёў Васіль яе руку.
Маня прыціхла. "Ты не зліся! — папрасіла яна паслухмяна, лагодна. — Я ето з радасці… Думала ўжэ, што — канец. Ісці ўжэ думала дадому…" Акурат заплакала малое, яна устала, забрала яго, лежачы, стала карміць. "Ссе, як п’яўка!.. — прамовіла давольна. — Покуль усё не выцягне, не адарвеш!.. Здаровы, як бык!.." Накарміўшы хлопца, палажыла між сабой i Васілём. "Паляжы от тут, з бацькам!.. Пацешся!.. Даўно не ляжалі разам! — Сказала Васілю — Думаеш, — ён, малы, не чуе, з кім ляжыць! Бацько ці хто другі. Чуе ўсё, разумее…"
Калі хлопец заснуў, палажыла яго ў калыску, зноў пачала лашчыць Васіля. Васіль не адводзіў яе рукі, не гаварыў ёй нядобрага, але на пяшчоты, як i раней, не адгукаўся. Яна хутка перастала песціць яго i ляжала ўжо моўчкі; таксама думала пра нешта.
Што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага цельца дзіцяці. Васіль чуў, як у хмурную непрыхільнасць яго ўвайшлі, зашчымелі жаласць да малога i вінаватасць. Паявілася ў душы штосьці чулае, кволае; з-за гэтага прыслухоўваўся ўжо да Мані, прыйшло ў галаву раптам: пра што яна думае? Яна доўга маўчала. "Не було нічого?.. Праўда? — прамовіла яна ціха i ўжо з сумненнем, як бы разгублена. — Не було?.. Матка праўду казала?.. Не було?.. Праўда?.."
Ён ведаў, што яна рада была б i хлусні яго, але маўчаў. Яна чакала, спадзявалася, а ён маўчаў; быццам гаварыў: што было, тое было, чаго тут хаваць.
Яна сама адсунулася, уткнула галаву ў падушку. Васіль улавіў, як матка на палацях пры печы важка ўздыхнула…
2
У тым прытоеным, няпэўным жыцці, якое хавалася пад звыклай, зманлівай абыдзённасцю клопатаў, што ўздымалі яшчэ поцемкі ўсіх у хаце, найбольш няпэўнасці, нязлагаднасці было ў Васіля.
Ішлі дзень за днём, a Васіль усё не мог дайсці да якой-небудзь цвёрдасці. Усё нібы круціўся на раздарожжы.
Былі, праўда, i цяпер хвіліны, калі сэрца поўніла адвага. Калi чулася незвычайная, узнёслая лёгкасць. Усё важкае, блытанае рвалася. Былі толькі дзівосная лёгкасць i шчасце. Ён нібы зноў быў з Ганнай, i Ганна была — яго. І нікога не было між ix, i нікога навокал. Былі, бачылася ўжо, чалавекам i жонкай. Не збягаліся потай, крадком, a жылі разам, у адной хаце. Ішлі разам у поле, разам дбалі пра гаспадарку. Васіль проста ўвачавідкі бачыў, як яна нясе зелле парасятам, як доіць карову. У поцемку душных начэй мроілася, як яна падыходзіць да ложка, кладзецца побач. Як ляжыць, дакранаючыся да яго грудзямі. Як ён пальцамі абцінае гарачую кругласць яе пляча; як рука бяжыць за спіну ёй — як ён туліць яе. Ён чуў, што ў яго — ад адных думак — усё ўсярэдзіне гарэла пякучым, нецярплівым полымем. Тады помсліва, зларадна ўспамінаў: "Праўду казала: якое ето жыццё, калi не любячы мучышся! Нашто i жыць так! Хто мяне прывязаў канешне — хадзіць век пры етай, не любячы! Жаніўся, дак можно i разжаніцца! Не тыя, не старыя часы. Цяпер — не тое, што ў старыя часы!.."