Выбрать главу

Але вось жа бяда, i лёгкасць, i яснасць неўзабаве кудысьці прападалі. І прападала рашучасць. З галавы як бы выходзіў, выветрываўся хмель. Лез халодны, нядобры роздум; усё зноў пачынала бачыцца хісткім, блытаным, цьмяным. Куды ні падайся — гушчар i гушчар: чапляецца за ногі, за рукі, коле твар. "Хто прывязаў канешне? A хіба — не прывязаны? Прывязаны, ды шчэ не адной вяроўкай!.. І прывязаны, i звязаны па руках i нагах!.." Чым далей адыходзілі тыя вечары, ночы, калі ўпершыню адчуў сябе на безвыходным раздарожжы, тым менш гаркаты было ў думках, менш пякло. Нібы прыцярпеўся к бядзе. Нявесела плёўся не раз ужо ходжанымі разорамі разваг, кожны раз спатыкаўся, аб адно i тое ж. І ўсё больш безнадзейна бачыў, што выхаду няма, што ўсё звязалася ў вузел, які не развязаць. Толькі — рэзаць: рэзаць па сваім сэрцы…

Днём амаль не было гарачкавых відовішчаў. І думкі бьші больш важкія, павольныя, i ўсё навокал малявалася яшчэ горш блытаным, неразвязным. Усё, куды б ні павёў вачыма, нагадвала пра тое, што жыве на зямлі, сярод людзей; щ бачыў дзеда, матку, дзіця, ці ішоў па двары, нёс вядро вады каню, ці з прыгумення бачыў, як ходзяць па згалелых агародах, едуць па пустым полі людзі, ці проста бачыў даўнія, замшэлыя стрэхі,— грудзі ціснула адчуванне няпростасці ўсяго ў свеце, трываласці векавечных парадкаў.

Ніколі яшчэ ён столькі не думаў, як у гэтыя дні, i ніколі не было ў яго думках столькі няроўнасці, супярэчлівасці. То ён гатоў быў ужо змірыцца з тым, што ёсць: "Як склалася, так склалася, не пераменіш. Позно мяняць. Раней трэба было думаць, пачынаючы…" Тады часам папракаў у думках Ганну: "Не захацела разам, калі можно було. Глушаковаго шчасця паспытаць захацелася. Спахвацілася цяпер, як усё так завязалася!.." То раптам з адчаем находзіла рашучасць: "Пайду! Кіну ўсё! Прападзі яно пропадам! Штоб век за яго мучыцца!.."

Ужо ішоў, каб аб’явіць усім. Ішоў рашуча, потым запавольваў хаду, зусім спыняўся. Як ён кіне ўсё: такую зямлю, хату, каня; лепшую долю таго, што нажыў! Лепшы свой набытак!

Ён нібы спрачаўся з сабою. Ледзь не ўвесь час, ледзь цверазеў ён, лезла да яго, гняло разуменне нейкай неправамернасці, недазволенасці гэтага шчасця. Нібы ніякага права не меў ужо ён на гэта — любоў, Ганну. Нібы ён хацеў браць тое, што ўжо не дазволена было браць. Нібы пераступаў закон. "Не вольны, не малады ўжэ!" — вярэдзіў заўсёды хтосьці разважны ў Васілёвых думках. Дадаваў нязменна, неадчэпліва:

"Ганна па душы?! Мало, што па душы! Мало, што хочацца! Прайшла пара, калі рабіў, як хацелася! Не хлопец ужэ! Чалавек сталы, гаспадар! Дак i рабі — як сталы, як гаспадар!.." Прызвычаены ўвесь век цярпець, перакананы, што жыццё — цярпенне, ён i тут адчуваў: трэба цярпець. Лес бы наканаваў: тое, што некалі вяло Ганну к Яўхіму, цяпер не пускала да яе Васіля!

І вось жа, бы знарок: Ганна, узлаваная, даўно не пільнавалася гэтага закону-абавязку, a Васіля ён трымаў, звязваў яго i ўчынкі i думкі. Глядзі гаспадарку, гаруй, цярпі. Любіць — не любі. Не хлопец… Толькі ж чаму так цяжка было адагнаць недазволенае гэтае? "Як жа я без яе? Як яна?.." — усё вярэдзіла яго.

Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. У тыя дні яно часта аж заходзілася з крыку: нечага балеў жывоцік. Ашалелая ад дзіцячага плачу, ад страху, роспачы, Маня раптам закалацілася:

— Крычы, крычы!.. Штоб табе немач! Як ты слухаць не хочаш нічого!.. Крычы, крычы! Покуль бацько твой цешыцца са ўсякімі!.. Крычы! Mo i ён пачуе, што табе баліць! Mo пабачыць, што не ўсім так соладко, як яму!.. Крычы, крычы! Штоб ты выпруцілася! Як ты не ў час выйшло, на маю бяду!..

Васіль ледзь не кінуўся на яе. Хацеў адабраць дзіця, але яна ўчапілася ў малое. Залямантавала яшчэ горш: