— Не чапай! Ідзі к етай! Ідзі!.. Не дам!
Васіль, таксама ашалелы, ужо не мог адступіць. Невядома, чым скончылася б, каб не ўбегла маці. Ухапіла Васіля за локаць, замалілася:
— Васілько! Сынко! Саступі!..
Ён не адразу i неахвотна адышоў. Стаў шукаць нешта ў прыпечку: сам не ведаў што. Краем увагі адзначыў, што Маня стала гушкаць дзіця. Калі малое прыціхла, загаварыла спакойней:
— Не плач!.. Не пачуе ён!.. Яму абы самому цешыцца!.. — напрарочыла малому, стараючыся ўкалоць Васіля: —Наплачашся шчэ, накрычышся! Такога бацьку маючы!.. Сіратою ходзячы! Пры жывым бацьку!.. Покуль ён будзе цешыцца!..
Матка перахапіла Васілёў позірк, дала знак вачыма: не чапляйся, саступі! Ён выбег на двор, доўга тупаў у хляве, у павеці — не мог супакоіцца.
Васіль ніколі раней не думаў, што можа быць да некага такая жаласнасць. Ён i раней не вельмі песціў сынка, цяпер i зусім не падыходзіў, як бы не было яму нейкага неадменнага права; a ў душы заўсёды — асабліва пасля той сутычкі — чуў незвычайную, чулую жаласнасць да малога. З ёй амаль кожны раз ажывала нешта сарамлівае, вінаватае; асабліва калі выпадала сустрэцца з круглымі, цікаўнымі вачыма; калі малы паказваў усмешкаю першыя зубкі…
Як i ўсё кволае, пяшчотнае, Васіль хаваў сваю жаласнасць; але Маня добра разумела, чым яму можна мацней дадзець. Аб’яўляючы, што пойдзе да бацькоў, н i кол i не забывала сказаць, што возьме сына; не дасць на згубу гэтай "душагубцы". Хліпала ўсё над малым, вярэдзіла Васіля: "Сірата, пры жывым бацьку!"
Такі ж зменлівы, як у думках, быў Васіль у гаспадарчым клопаце. Хвіліны весялосці, жвавасці ўсё часцей змяняліся хмурнай марудлівасцю, нават абыякавасцю. Ён часта зранку хадзіў стомлены, з важкай галавою, з нязвыклай млявасцю ў нагах, руках. Тады i зносіў на ток снапы, i малаціў, i падмятаў вяла, як бы хворы. Апусціўшы цэп, раптам спыняўся, згорблена стаяў, нібы слухаў сябе. Кідаў цэп, садзіўся на агароджу застаронка, доўга ўнурана сядзеў. Хоць бы зварухнуўся.
Не раз падоўгу стаяў як здранцвелы, калі карміў каня. Стоячы пры кані, Васіль цяпер іншы раз не бачыў як ён цягне галаву к сену, як знаёма туліць чуйныя вушы к грыве, не чуў, як ён шчыра хрустае сенам. Не заўважаў таго, што, бывала, век цешыла. Іншы раз конь, здзіўлены такой няўважнасцю гаспадара, пераставаў жаваць, паварочваў мяккую храпу, спачувальна ўглядваўся вілы отнымі вачыма, дыхаў цёпла ў самы Васілёў твар. Васіль, здаралася, ажываў, гладзіў Канчаку шыю, але весялеў рэдка. Валокся старэча з хлява.
Як i не было нядаўніх запалу, напорлівасці, нястомнай працавітасці. За ўсе гэтыя дні Васіль толькі раз зайшоў у новую хату, што, як i раней, выстаўляла голыя рабрыны крокваў. Паплёт з аднаго боку так i быў прыбіты толькі да паловы. Столь таксама была недаложана: у пройму між бэлек шарэла нізкае, каламутнае неба.
Васіль прывёў Валодзю. Паспрабаваў рабіць: мераючы алехавай меркаю, адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Загадаўшы брату астацца, палез на гару, пачаў усцягваць дошкі. Хацеў залажыць пройму. Рукі, усё цела пагана слухаліся: цягнучы адну дошку, ён няўдала павярнуўся, ледзь утрымаўся, каб не зваліцца долу, — дошка, ужо высока ўзнятая, крутнулася i паляцела ўніз. Рабром тарца коса прайшла паўз Валодзю, грукнула аб падваліну.
— Трохі не па плячы! — азваўся хлопец дзіўна весела.
Васіля ўзяла злосць. Гонячы мімалётны страх за Валодзю, кінуў няласкава:
— А ты не стой там!
— Дак яна ж не выцяла!
— Не стой! — узвысіў голас Васіль.
Ён сеў, згарнуў цыгарку. Закурваючы, хмурна загадаў:
— Ідзі дадому.
— Саўсім?
— Сказано… Саўсім.
— Болей рэзаць не будзем?
— Ідзі!
Васіль дакурыў, пасядзеў яшчэ моўчкі, стомлена плюнуў раптам злосна i стаў злазіць. Больш у хату ён ужо не заходзіў.
3
Часам заходзілі суседзі, знаёмыя. Першы зазірнуў Зайчык. Спачатку плёў нібы так сабе — пра жыта, пра малацьбу; Васіль слухаў моўчкі, не глядзеў на яго: чуў, што ўсё гэта — подступ адно, што прыпёрся не дзеля гэтага.
— Плятуць, — як бы адказаў Зайчык. Параіў весела — А ты, братко, не глядзі! Не слухай! Не век аглядувацца ды слухаць усіх!.. — Васіль зіркнуў спадылба: Зайчык, здалося, глядзеў шчыра. — Калі ето i пажыць, як не ззамаладу. Пакуль спрыт малады ды сіла!.. Я, братко, — дробна, па-сяброўску захіхікаў,— у сваю пару таксамо буў! Не мінаў, дзе ўхапіць можна було! Не мінаў! Любіў, братко, салодкаго мяса ўхапіць! Смак знаў у етым! — Зноў захіхікаў: — І цяпер рад бы, дак — няма чым!