Пасмактаў люлечку, загаварыў без смеху, з павагай:
— Ганна, братко, — дзеўка! Ето не тое, што твая Маня! Я, брат, збоку бачу!.. — Нібы разважаў уголас, шчыра: — A i ты ж упадабаўся нечым! Бач — жыла, жыла з етым, з Корчыкам, а не ўжыла! Да цябе пацягнуло!.. Знайшла нешто ў табе, чаго ў Яўхіма няма! Нечым болей упадабаўся! І пажыўшы столькі з Карчом, не забылася! І — скажы ты — рук яго не пабаялася! Нічого не пабаялася, от баба! Наравістая, з харакцерам!.. Бабы, яны ўсе, чэрці, разбіраюць — хто ды што. У кожнай свой смак! A толькі ж — церпяць! І знаку не падаюць, што не даўпадобы! А ета ж — твая — не ўцерпела! І перад кім, перад Яўхімам! Наравістая!.. Упадабаўся, значыць, вельмі!.. Б’е яе дурань еты па чым папало! Уся ў сіняках! А не поўзае перад ім, не гнецца!.. — Зайчык зірнуў востра: — Што ето будзе ў вас цяпер? Сам поп, мабуць, не разбярэ. — Васіль не таіў, што гаварыць не хоча, але Зайчык не адступаўся: — Што ты ето рабіць думаеш? Праўда ето, што пабрацца згаварыліся? — Васіль так зірнуў, што Зайчык быццам павінаваціўся: — Я — нічого. Я толькі так — гавораць усе. Як, скажы ты, знаюць канешне!.. Не хочаш казаць, не кажы, я хіба застаўляю цябе!.. — Пыхнуў люлькаю i зноў павёў сваё: — Чаўпуць усе, на ўсіх падворках. Як знаюць канешне!.. А чаго ж — калi на тое — яно можно i — пабрацца!.. Баба — не кабыла, сказаць, a i яна ж нешто значыць!.. І без добрай бабы — у хаце як не хапае нечаго! Так што i баба людская — трэба!
Васіль амаль не глядзеў на яго i стараўся не слухаць, але ўсё, што ні казаў Зайчык, чула адгукалася ў душы^ вярэдзіла, трывожыла. "Як знарок прыпёрся — штоб дадзець яшчэ! Мало без яго думання було!.." Саскочыў раптам са сценкі застаронка, узяў мятлу, стаў, не зважаючы на Зайчыка, падмятаць на таку.
— Ат, як там ні е, не жалей, братко! — параіў раптам Зайчык. Саскочыў таксама з застаронка: сабраўся, мабыць, ісці. Цыркнуў весела: — Калі на тое: пажывіўся — i рад будзь! Друпя ето — з зайздрасці! Асабліво— жанкі! З зайздрасці i плятуць!.. Нашто мая — i то з’ела б, — як угледзіць, што на каторую зірну! А раней було!.. — ён зайшоўся смехам.
За ім прыйшоў Андрэй Руды, у крамнай сарочцы, картовых у пасачкі штанах, апорках, чыста паголены. Запытаў, колькі намалаціў, але Васіль няветліва адно буркнуў, што не мераў. Руды, нібы не заўважыў Васілёвай няветлівасці, пахваліў, што жыта ўрадзіла непаганае, калі раўняць з іншымі куранёўцамі. Канешне, у другіх краінах збіраюць больш, але з тымі нам пакуль што няма чаго раўняцца. Скруціў папяросу, адмысловую, тоненькую з аднаго боку, шырэйшую да другога, — увесь час нешта гаварыў пра кіслую глебу, пра тое, што ёй раіць даваць навука.
— У нас ето бы дзіво якое, — загаварыў павучальна i нібы звысака, — бы сабыціе несусветнае, — што чалавек завёў сабе, так сказаць, маладзіцу. — Васіль, хоць пачуў спачуванне, насцярожыўся адразу, з падазронасцю зірнуў спадылба. Руды спакойна слініў, склейваў папяросу, пераламіў, як люлечку. — У горадзе, асабліво ў некаторых странах, дак ето i не замецілі б. А на таго, хто здзівіўся б, папіядзелі б, так сказаць, як на дзікара. Там кажны, хто хоча i хто не хоча, мае абязацельно жанчыну, шчэ акрамя жонкі. Любоўніцу, называецца. І ніхто не дзівіцца, а наабарот. Там ето, так сказаць, як правіло. Так заведзено: кажны павінен мець! — Васіль зіркнуў: Руды спакойна мяў у пальцах сваю люлечку. Быццам папракнуў: — Цемната ўсё наша!.. — Узяў люлечку тонкім краем у рот, але не закурыў, паклаў раптам за вуха. — А то шчэ ў Расіі бувае такое дзело, — тлумачыў Васілю, — жывуць, не распісуючыся. He распісуюцца, а жывуць, як муж з жонкаю. Жывуць, пакуль, значыць, даўпадобы. Свабодныя атнашэнія. А патом, як нажывуцца, — так сказаць, да свіданія! Благадару, дарагая! Ето так завецца — гражданскі брак! — Васіль — хоць не выказваў асаблівай прыхільнасці госцю, глядзеў найбольш кудысьці ў кут гумна слухаў ужо з ахвотаю: лягчэй станавілася на душы. Нібы не такое страшнае было тое, што гняло. — А то шчэ е парадкі,— жвавеў, чуючы Васілёву ўвагу, Руды. — Ето найболей у цёплых странах, як, напрымер, — Турцыя ці Персія. Ето за Каўказам е такія страны. Дак там заведзено, што мужчына можа мець па некалькі жонак. Па закону іхняму паложано. Там некаторыя маюць, пра ето ў кнігах е сведзенія, па трыццаць, а то i пяцьдзесят жонак. І старэйшых, i маладзейшых, i саўсім маладых. І чорных, i белых! Называецца — гарэм… У аднаго було, навука падлічыла, — сто семдзесят тры жонкі!..
— Нашто ето яму? — не паверыў Васіль.
— Як ето нашто! Штоб, так сказаць, усякай уцехі пробуваць! То з адной, то з другой!
— Рабіць яму, мабуць, няма чаго. Багацей, пэўне…
— Багацей… Па-іхняму называецца — хан. Па-іхняму — хан, а па-нашаму — пан. Тое ж самае. У сачыненні Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна апісан адзін такі случай.