Выбрать главу

Нагаварыўшы ўсялякіх цудаў, у якія Васілю i верылася i не верылася, Руды, як старэйшы, мудрэйшы, узяўся навучаць, як выбрацца з бяды.

— Калі будзеш расходзіцца з бабаю сваёй, глядзі востро, штоб не абдурылі. Штоб усё, як паложано па Гражданскаму, а такжа, так сказаць, Працэсувальнаму кодзексу. Па кодзексу паложано палавіну імушчаства — табе, палавіну ёй. Яжэлі ёй, скажам, карова, то табе — конь. Яжэлі хату дзяліць, то такжа трэбуй: палавіна — мне. Або калі, дапусцім, хату ўсю ёй, то ты імееш право трэбуваць факцічаскую замену. У відзе, прымерам, каровы, свіней, хлява i таму падобнаго. Штоб усе па закону було, а не так, як Лесуну захочацца!..

Руды згадаў пра сваю папяросу-люлечку толькі на прыгуменні. Закурыў, падаўся лёгкаю, давольнаю хадою па загуменні дадому; Васіль жа, вярнуўшыся ў гумно, згадваючы яго парады, пачуў сябе яшчэ горш заблытана. "Напалавіну ўсё! Палавіну табе, палавіну — ёй! Легко табе дзяліць! Рэзаць чужое!.."

Ён веяў намалочанае, калі заўважыў, што ў вароты, за спіною, хтосьці ўвайшоў. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, як стаяў на карачках, азірнуўся: увайшоў сусед Міканор, у зрэбным, у лапцях, у расхрыстанай сарочцы, з асцюком у бялявых калматых валасах.

— Ну, дак як будзем? — сказаў голасна, весела, пасля таго як паздароваўся, пагаварыў для прыліку пра розныя дробязі.

— Што? — не зразумеў Васіль.

— Надумаў ужэ, можа?

— Што?

— У калгас надумаў, пытаюся?.. Пара ўжэ падаваць заяву. Чакаеш, што спіцыяльно запросяць? Ну, дак от я прыйшоў, спіцыяльно. Падавай заяву i — канец з канцом! Трэба канчаць ету валынку, на новую дарогу станавіцца. Бяры от, калі на тое, Ганну — i давай! Зразу рассякай вузел!.. А не, дак, калі на тое, — давай з дзвюма! — Міканор засмяяўся. — Абагульнім!

Васіль толькі ўнурыўся на яго смех.

— Mo — памагці табе? — Міканор не смяяўся, але глядзеў весела.

— Чаго?

— Напісаць заяву.

— Абыдуся покуль.

— Дурны ты! — незласліва, з папрокам сказаў Міканор. — Улез у кучу гною i бачыць не хочаш нічого! Яму добрага хочуць, на свет цягнуць, а ён улез у кучу гною i толькі адно: абыдуся! Сядзіць — i вылазіць не хоча! Жук i той выходзіць, а яго дак i выцягнуць не можно!

— Не можно, дак i не цягні!

— От, шчэ i прчаць пачынае, калі спробуюць цягнуць! Ты што ж, думаеш — ето табе жартачкі! Ты што ж думаеш — парція, увесь народ ето так сабе — з калгасамі! Пагавораць, пагавораць i — перастануць! Ці мо думаеш — круцяльня тут якая-небудзь? Абмануць хочуць, ці што?

— Нічого я не думаю! І думаць не хочу! Надумаўся ўжэ, што ў вачах зелено!..

— От, от — шчэ не зрабіў нічого, a ўжэ ў вачах зелено! Зелено, бо не тое думаеш, што трэба! Не тых слухаеш! Табе ўсякае кулацкае гадаўё голаву ачмурыла, дак табе i зелено! І м нятрудно ето, бо ты цёмны, за старое сваё гніллё дзержышся! А нас слухаць не хочаш! Не хочаш слухаць тых, што адны цябе могуць выцягнуць з гною! — Міканор доўга, цярпліва, таварыскім тонам тлумачыў радасці калгаснага жыццятлумачыў, хоць Васіль слухаў неахвотна i недаверліва Нарэшце цярплівасць яго кончылася.

— Ну, дак — напішаш? — прамовіў нядобра, строга.

— Падажду.

— Глядзі, штоб не було позно!

— Што ты прыліп з етым калгасам! — загарэўся Васіль. — Наравіцца — дак жыві! Што ты — сілуеш мяне!..

— Я не сілую, я — раз’ясняю табе! І папярэджую — штоб не позно було!

— А! — Васіль плюнуў з адчаем. — Позно, не позно— усе адно!

— Унь як!.. — Міканор глядзеў на Васіля так, быццам бачыў першы раз. Быццам стаяў перад непрыяцелем. — Кулацкая ж ты душа! З беднякоў выграбся, а ўжэ — чысты кулак! Стопрацэнтны кулак! Шчэ, можа, горай за кулака! Акапаўся — не падыходзь блізко! Не гавары яму, яму не наравіцца слухаць пра калгасы!.. Не наравіцца па-такому — загаворым іначай! Возьмемся i за вас!

— Бярыцеся!

— Возьмемся скора! Так возьмемся, што — пачуеш! Прывыклі, што цацкаюцца з вамі!..

Ён цвёрда пайшоў у вароты, пакінуў пад рудою з пачарнелымі кроквамі, з радамі старых лат, з павуцінай i пылам дзесяткаў гадоў страхою даўкі подых пагрозы. Але пагроза гэта толькі распальвала Васіля: "Возьмемся, грозіцца! Бярыцеся! Найшоў, чым пужаць! — Стомлены яшчэ тым неразвязным думаннем, што было да Міканора, рашыў горача — Усе адно!.. Як так ірвацца!.."

Ён абыякава ўзяў цэп. Проста таму, што трэба ж было штосьці рабіць. Доўга біў па снапах, не мог супакоіцца. Стаміўшыся, сеў на сценку застаронка; сядзеў, перадыхваў, астываў. Злосці не было ўжо, была толькі важкая, салодкая стома. У паспакайнелую галаву раптам увайшло: "А мо i праўда — пайсці? Забраць Ганну i — пайсці.— "Прыміце…" Як так ірвацца!.." Ён пабачыў сябе з Ганнаю ўжо ў кал гace, пабачыў з ціхай радасцю i палёгкай. Апе пазней, калі пачаў цвяроза абдумваць усё, на змену лёгкасці зноў прыйшла блытанасць пачуццяў, разваг: пайсці, кінуць усё, што нажываў гадамі! Улезці самому ў гэтую выдумку, якая можа аказацца пасткаю, пелькаю! У пельку ўлезці, толькі што — удваіх з Ганнаю!..