Выбрать главу

Думаў пра гэта i ўночы, i ў наступны дзень. І чым больш думаў, тым больш бачыў зноў: аблытаны ўвесь, па руках i нагах. І як ні падумай, каб разарваць, усё баліць нечым, усё нешта траціць трэба, — жывое адрываць ад сябе…

Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку — нарэзаў бярозавага вецця на мятлу, — сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Чарнушка ішоў нечага ў бярэзнік, у світцы, з сякераю за поясам. Сутыкнуліся пры самым канцы бярэзніку — праз рэдкае, голае галлё дрэваў праглядвала ўжо сяло. Убачыўшы блізка Чарнушку, Васіль разгубіўся, адвёў вочы, як бы баяўся сустрэцца з яго позіркам. Чуў сябе як малы, які ўлез у шкоду i трапіў на вочы гаспадару, добраму чапавеку, — як злодзей, якога злавілі, на якога глядзяць. Няёмка стуліўся, — не гледзячы, бачыў Васіль, — i Ганнін бацька, прыпыніўся, кльшаў гак, быццам думаў — ісці бліжэй ці не. Няцвёрда набліжаўся. Калі падышоў, неяк хрыпла йаздароваўся. Нібы не ведаў, як здаровацца. Васіль вінавата адказаў. Чарнушка ступіў ужо ісці далей, але стаў. Быццам хацеў загаварыць, а не мог. Не ведаў, як пачаць. Чырвоны ад няёмкасці, пільны, Васіль улавіў позірк ціхіх, добрых вачэй: у ix был i пакута i нейкая надзея. Васіля раптам узяў жаль да яго.

— От як яно… завязалася!.. — Штосьці булькнула ў горле, Чарнушка каўтнуў дрыготка. Паскардзіўся, быццам — роднаму: — От як!.. — Штосьці тарганулася ў Чарнушкавым твары, i вочы пачало завалокваць.

— Завязалася!.. — З адчаем павёў вачыма ўбок Васіль. Пачуў сябе як вельмі вінаваты.

Чарнушка стрымаў горнасць. Толькі боль прайшоў па твары. Васіль убачыў старэчыя маршчыны на шыі, i жаль да старога запёк зноў.

Стаялi. Маўчалі. Шумеў адно вецер угары, часам даляталі галасы з сяла. І гаварыць не маглі, i развітвацца штосьці не давала. Як бы было яшчэ недагаворанае, няяснае.

— Не абіжай яе! — папрасіў раптам стары. — Еты гад есць яе… У сіняках век… — у голасе старога пачуўся адчай.

— Дак ці ж я… не хочу…

— Звядзе яе еты… нелюдзь…

Васіль схаваў вочы, угнуўся.

— Як бы ето… выручыць яе?

— Я думаў ужэ… Трудно ето… цяпер…

— Трудно!.. — стары пашкадаваў зноў— Завязалася.

— Завязалася!..

— Усе-такі ты — падумай… — папрасіў з болем.

— Падумаю…

Зноў маўчалі.

— Ну, бувай! — першы схамянуўся, выціснуў Ганнін бацька. Мякка, зычліва — як роднаму.

— Бувайце!..

Ужо ідучы ўзболаткам, Васіль учуў з сяла сабачы брэх: брахалі Карчовы вартавыя. Пачуў як бы нанава. Цераз пажоўклае куп’ё, цераз голы агарод з вязкай вецця на плячы даплёўся да гумна. Да поцемкаў малаціў, падмятаў на таку, веяў, быў у клопаце; i ўвесь час пяклі яго i вінаватасць, i жаль да Ганны, да бацькі яе, i турбота: што ж рабіць?! Думкі пра Ганну ішлі з нейкім новым наплывам пяшчоты i імкнення да яе…

Усе гэтыя дні Васіль стараўся не сыходзіцца ні з кім. Кожны дзень бачыў за плотам Дамеціка, Дамеціху, паказваў, што не заўважае; калі хто-небудзь з Дамецікавых браў ваду з калодзежа, Васіль павяртаў назад з пустым вядром. Неяк каля гумна ледзь не сутыкнуўся з Ганнінай мачыхай, адразу адвярнуўся, нібы спакойна пайшоў у гумно. Слухаў, ці не ідзе ўслед: здалёк здалося, што мачысе хацелася загаварыць з ім. Ткнулася была неяк зайсці Сарока, загаварыла лісліва, але ён няветліва адышоў, падаўся к хлявам. Паказаў, што не хоча растарэкваць з балбатухай гэтай.

Два разы пільны Васіль бачыў, як паўз гумно загуменнай дарогай праходзіў не хто іншы, Яўхім. Адзін раз Васіль назіраў за ім, пачуўшы блізка Яўхімаў голас: Яўхім ішоў з Ларывонам. Тады Васіль праз шчыліну між бярвенняў, з якой біла святло, заўважыў, як i раз, i другі, адказваючы Ларывону, Яўхім зірнуў к яго гумну, к двару — нібы шукаў яго. Васіль бачыў — глядзеў позіркам чалавека, які гатоў зарэзаць. Другі раз Васіль убачыў Яўхіма зводдалек — не стаў чакаць, пакуль той падыдзе, — як мог спакойна падаўся з гумнішча на двор. Ідучы, чуў на спіне ненавідны, затоена люты позірк.

Здавалася, Яўхім ірвецца схапіцца з ім. Шукае толькі зручнага выпадку.

Васіль, што не хацеў ні з кім бачыцца, менш за ўсё хацеў сустрэцца з Яўхімам. Не тое што баяўся: Васіль i еабе самому не паказваў, што можа баяцца: ёсць каго яму баяцца, Карча! — a ўсё ж сустракацца з ім аберагаўся. Нічога добрага не зычыла яму гэта сустрэча.