Выбрать главу

Валодзька не адкручваўся, як раней, калі матка загадвала иазабаўляць малое, якое само чамусьці ляжаць ціха не магло. Калі ў хаце нікога не было, а Алёшка пачынаў гарланіць на усю хату, то Валодзька i без чыіх там загадаў падыходзіў да калыскі, забаўляў ці гушкаў хлопчыка. Не тое што кніжку, a i забавы цікавыя свае кідаў, каб супакоіць Алёшку. Іншы раз ён агукаў, як матка, i крывіўся смешна, паказваў рожкі i калі Маня была ў хаце; калі ёй было не да Алёшкі. Валодзьку хацелася, каб яна пахваліла яго: вось які ён, сказала б, добры, як памагае ёй, але яна нібы i не заўважала. І нават — Валодзька здзівіўся — зіркнула неяк нелагодна, быццам i недавольна была, што ён памагае. Знарок падышла да калыскі, адштурхнула яго, стала карміць малога, хоць той i не хацеў есці. А то вось, калі Валодзька ўзяўся забаўляць Алёшку, раптам кінула паласкаць пялёнкі ў начоўках ды так злосна рынулася да Валодзькі, што таго страх узяў.

— Чаго лезеш?! — закрычала, аж трасучыся ўся. Вочы яе былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. — Чаго чапаеш?!

Валодзьку здалося, што яна зараз ухопіцца за віхор яму. Ці ўчэпіцца злымі зубамі.

— Я пазабаўляць… хацеў…— Ён з асцярогі адступіўся ад калыскі, не зводзячы з Мані вачэй.

— Пазабаўляць! Ідзі забаўляй сучак па завуголлях! Забаўляка!.. Пазабаўляць хацеў!.. — Закрычала грозна: — Штоб не чапаў! Штоб блізко да яго не падыходзіў!

— Не б-буду… Я толькі…— хацеў ён растлумачыць, апраўдваючыся, але яна перарвала:

— Штоб блізко не падступаў!..

— Не буду…

З таго разу Валодзю было i шкода яе i боязна…

Дзед Дзяніс не кідаўся так, як Валодзя. Не было ўжо ў дзеда i збянтэжанасці, i абурэння, якія гналі яго з поля першы дзень, калі на дзеда абваліў неспадзяваную навіну Андрэй Руды. Дзед не кіпеў ужо, быў аж надзіва стрыманы i роўны. Быў ён яшчэ — нібы больш строгі i разважны. Худы, касцісты, з важкім чырвоным носам, хадзіў ён у дублёным кажусе i па двары, i па хляве ўжо нібы не так старэча, з нейкай дужасцю ў хадзе, з асаблівай годнасцю даваў загады, найбольш матцы; паводзіў сябе не як якая-небудзь дзесятая спіца ў коле, а як першы ў сям’і, гаспадар. Матка, беручы яго загады, хоць іншы раз i аглядвалася асцярожліва на Васіля, ківала дзеду згодна, слухалася. Васілю дзед амаль не загадваў, рэдка казаў i заўвагі, але гэта не мяняла значэння: дзед нібы паказваў, што не хоча звязвацца з гэтым неслухам. І што яму мала клопату, што думае гэтае дзіця. Трэба сказаць, што Васіль, хоць i не бегаў па дзедавых загадах, нічым не пярэчыў, што дзед, праўда, — старшы, не так сабе ўзяў гэта — кіраваць усімі.

Такое было не першы раз. І раней, калі ў сям’і ці ў гаспадарцы ішло што-небудзь крыва, дзед не глядзеў ціха са свайго сціплага месца ззаду, дзед выходзіў наперад i браўся за лейцы сам. У такія моманты дзед нібы згадваў, што ён не для таго тут, каб кашляць на печы ды дыміць люлькаю; бачыў нанава, што ён, а не маладыя стрыкуны гэтыя, самы сталы тут. Адзін сталы i адзін разважны. Момант нібы зваў дзеда ўзняцца над усімі, весці ўсіх, i дзед адгукаўся на кліч, уздымаўся i вёў іншых. Ці дзіва, што дзед станавіўся такі раздумлівы i паважны, што i хадзіў, i дзейнічаў з такой годнасцю…

Дзед Дзяніс не таіў, а знарок паказваў, што яму не падабаюцца ні Васілёў учынак, ні непарадак у гаспадарцы i ў хаце. Ён амаль не гаварыў ира гэта, не дакараў Васіля словамі: тое, як недавольны, дзед выказваў моўчкі. Нядобра зіркалі маленькія, выцвілыя вочы з-пад нейкіх натапыраных, кусцістых броваў, густа, непрыязна дыміла люлька; i кашаль пры Васілю быў ужо не той дабрадушны, як нядаўна, а нелагодны, злы нават. Яшчэ больш пра тое, што думае дзед пра Васілёў учынак, гаварылі сур’ёзнасць i строгасць, з якімі дзед гаспадарыў на двары, у хляве.

Усё ж ад гэтага не лягчэла. Маўчанне яшчэ нібы дадавала злога, i з кожным днём усё больш. Дзеду бачылася, што неслух гэты не разумее яго маўчання! Заўважаць не хоча! Усё нецярплівей жавалі сухія губы люльку, усё злей калолі вочкі з-пад натапыраных броваў.

— За розум пара ўжэ брацца! — не ўтрываў, нядобра павялеў дзед. Голас быў нацяты; відаць было, накіпела дзеду, але ён яшчэ стрымліваў сябе.

Васіль на дзедавы словы адно матнуў галавою — як ад назольнага авадня. Адвярнуўся нават.

Дзеда ўзяў гнеў. Загарэўся зразу:

— Слухаць трэба! Слухаць, што кажуць! Браць на вум!.. За розум брацца пара! Не дзіця ўжэ! Дак i дзяцініцца няма чаго! За розум трэба брацца!.. Кінуць глупство ўсякае пара!.. Кінуць!.. — Дзед некалькі разоў запар уцягнуў дым з люлькі, абурана закашляў: — Разумны вельмі стаў! Разумнейшы за ўсіх!.. Волі багато ўзяў сабе!.. Як жарабя, што на выган вырвалося! Усё яму ніпачом… — Заявіў цвёрда: — Разбалуваўся!