Выбрать главу

Бачыла — ледзь намякаць стала на Ганну, насцярожыўся зноў. Слухаў нецярпліва. Вочы ужо не таропіліся ўніз, бегалі недзе па застаронку, не знаходзілі прыпынку. Чула: надакучаць стала яму; загаварыла карацей:

— І тое забуваць не трэба: Маня не пабегла к другому. Бацькам наперакор сказала: пайду. Беднасці не пабаялася. А тая, — Дзятліха з-за гневу ўжо траціла разважнасць, — тая, як быў нежанаты ды бедны, дак прызнаць не хацела. Адвярнулася. Да Карча пабегла! Лепшых знайшла! А як — пабагацеў ды хату паставіў, абжыўся — дак i сам добры стаў! Вазьмі ўжэ яе! Яна ўжэ пойдзе! На гатовенькае!..

Васіль так зіркнуў на яе, што яна замерла. Апаўшы раптам духам, зразумела, што зачапіла тое, чаго не трэба было.

Бачыла ўжо, што ён напружыўся ўвесь. Шыя ўжо не гнецца, пачырванела, жылы напяліся; плечы неспакойна варушацца пад сарочкай. Слухаць яе не хоча, двума словамі сапсавала ўсё. Асцярожна паспрабавала паправіцца:

— Я што… Я нічого i проціў яе… І яна, канешне — нічого не скажаш… І ёй не соладко… І, калі на тое, дак i не па ахвоце сваёй яна. Мачыха ўсё… Зноў жа, хто не хоча дабра сабе… Не са зла яна. Апяклася яна. Хто ж кажа проціў яе… І яна няшчасная… — Матка перавяла дыханне: як бы набіралася дужасці. Асцярожна павяла далей, не зводзячы ўжо з яго вачэй: — Толькі ж, сынок, — позно ўжэ. — Ён не зазлаваў, перамаўчаў ёй. Дзятліха пачула, што гэта дайшло. Яшчэ лагодней дадала: — Што було, тое було… Няхай шкода, а — не вернеш… Позно… — Нібы пазвала на помач старога: — Цяпер трэба за розум брацца. Дзед праўду кажа…

— На людзей глядзець сорамно! — прамовіў настроены нелагодна дзед.

Васіль, гатовы ўжо мірна кончыць гэту надакучлівую гаворку, загарэўся зноў:

— Дак вы не глядзіце!

— Як сто не глядзець?! — Дзедава барада абурана заварушылася. — Па ўсіх дварах, тым часам, толькі i плятуць!

— Няхай плятуць, у каго языкі свярбяць!..

— Праходу няма!

— Ат! — Васіль варухнуўся так, быццам паказваў: слухаць няма чаго.

— Разумны вельмі стаў! — закрычаў раптам дзед. — Слухаць нікого ўжэ не хоча! Усё яму ніпачом! Не хадзіце, не глядзіце! Не слухайце, што плятуць! Волі багато бярэш!.. Хопіць ужэ гайсаць! Не хлопец ужэ! Не жарабя! Жыць трэба ўжэ, як людзі!..

— От бо! — не вытрываў Васіль. Не апранаючыся, выскачыў з гумна, на прыгуменні азірнуўся, куды падацца.

Матка кінулася за ім: "Васілько!" — але ён адкаснуўся ад яе, падаўся за гумны.

— Васілько, світу вазьмі!

Ён затрымаўся, не гледзячы на яе, узяў світу. Люта ўсадзіў рукі ў рукавы, не зашпільваючыся, намерыўся ісці. Яна выскачыла наперад.

— Вярнуўся б мо? — Яна нясмела зазірнула ў вочы яму. — Чаго ты пойдзеш немаведама куды? Вярніся… — Ён адводзіў хмурны, невідушчы позірк. — Не зліся. Mo што i не так, дак — не зліся. Не са зла мы табе. З дабра ж… І на дзеда не зліся. І ён — з дабра…

Васіль нецярпліва крануўся, яна ўжо не затрымлівала яго. Бачыла: ні да чаго гаварыць яму, не паслухаецца. Толькі болесна глядзела ўслед, вачыма, поўнымі жалю i трывогі: каб не ўчыніў чаго паганага з сабой. Худая, высушаная надмернай працай i рознымі турботамі, з тварам, на якім пад шэрай, у глыбокіх маршчынах скурай выпіналася выразна кожная костка: шчокі, нос, падбародак, стаяла яна пад халодным ветрам i не чула нічога. Вецер рэзаў вочы, i яна прыплюшчвала ix, але не заплюшчвала зусім, не адварочвалася, глядзела ўсё ўслед. З трывогай, што не ціхла, чакала, як надзеі на радасць, што азірнецца.

Ён ішоў, падаўшыся ўперад, амаль не махаючы рукамі. Ішоў без якой-небудзь сцежкі, па куп і, напрасткі да чорнага алешніку; рушыў дзіўна проста, як бы ведаў куды. Раз-другі сйатыкнуўся аб купіны, няспрытна ступаў у ямкі, але рушыў i рушыў к алешніку. Ён так i не зашпіліў світы, i вецер раскідаў полы яе, але ён i на гэта не зважаў. Рушыў, нібы сляпы, нібы п’яны. І так i не азірнуўся.