Выбрать главу

Поле было голае, панылае, як i ўсё ў гэты ветраны дзень, калі сонца i не праглядвала з-за нізкіх, даўкіх хмар. На шэрай, бруднай аднастайнасці вылучаліся адно лапінкі руні, на якія ён паглядваў праз завалоку думак, мелькам, без цікавасці адзначаючы, як яна ідзе ў другіх. Было клопатна i хораша, калі ўбачыў сваю паласу: яна ўся зелянела; кволыя сцяблінкі, калі стаў перад паласою, заварушыліся — нібы віталі яго, радаваліся яму. Ён, шастаючы лапцямі па чэзлай траве, пайшоў мяжою ўздоўж паласы, з цікаўнасцю, трывогай i радасцю ўзіраючыся ў рунь. Не, зямля гэта i цяпер не падманула: рунь была ўсюды дружная, моцная; ні аднаго зерняці, пэўна, не прапала. "Ето — расце! — свяцілася ў ім. Звыкла, з асцярожлівасцю, каб не ўракнуць, стрымаўся — Як Бог дасць снегу ды марозу i вясну добрую, дак уродзіць нешто! Будзе жыто! Толькі б Бог даў снегу, ды вясну, ды лето добрае! Штоб не вымерзло, не вымакло, не высахло, не дай Божа!" — як бы памаліўся ён.

"А зямля — болей бы такой зямлі! Усю такую б зямлю! Не дарэмно стары Лясун жыліўся так: було чаго шкадаваць! A ўсё ж такі не ўбярог! Аж плакаў, як аддаваў, a ўсё ж такі аддаў!.. Добрая, ды адно — мало! Кеб шчэ хоць столькі!.. — Прыйшоў на памяць той незабыты перамер, калі біўся з Яўхімам. — Адрэзалі б тады тут, ля цагельні! — ажыла даўняя бяда. — Дак — удзялілі кавалак!.. Скруціў Корч хітры; улез, казалі, у душу самога ўпаўнаважанага! Улез-такі, пэўне, бо вельмі ж ужо "абрэзалі" выгадно! І Міканор — "справядлівы" такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічого, шчэ, можа, справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун, лістам сцелецца! Толькі цяпер — не выкруціцца! Не выкруціцца!" — падумаў з уцехай.

"От бы тады — прырэзалі б ад іхняй, карчоўскай. Блізко ж саўсім. Мог бы аддаць усю тую, што пад Міхалевам. "Вазьміце, скажу, усю тую, а дайце тут. Штоб — маўляў — у адным месцы, штоб — зручно було!.." Aгe, дадуць табе, пабачыш — як свае вушы!.. Дадуць не дадуць — а папробуваць, канешне, трэба!" Згадалася апошняя гаворка з Міканорам пра калгас "Капаешся ў гразі, дабра свайго бачыць не хочаш!" Дабро! Пабачым, якое то яшчэ дабро!.. Прыдумалі: аддай усё сваё, памяняй на чужое! Аддай сваё иоле, дзе кожную сцяблінку, здаецца, сагрэў бы сам! Ішоў бы ад адной да другой ды хукаў бы, каб не мерзла! Аддай чужому, якому на яго напляваць! І сам рабі немаведама на каго, немаведама за што!.. Ідзіце, як вам так хочацца! А мы як-небудзь i так пражывём! Ды пабачым — хто шчэ лепей!.."

"Аддай поле, абагуль! Аддай поле — ето ўсё адно што — аддай душу! Папробуй, адарві душу!" — як бы казаў ён Міканору. Потым кінуў гаварыць яму; абабегшы позіркам паласу, падумаў ужо сам сабе: "Уся сіла чалавека — у зямлі. І сіла ўся, i радасць! Няма зямлі — няма, лічы, i чалавека!"

"Ганна!" — зноў уварвалася ў яго думкі. Ён мімаволі стаў. Нібы зачапіўся за штосьці. "Ну, от зноў!.. — ажыло знаёмае, нязбытнае. — Зноў — як спутаны. Дакуль жа ето будзе?!" З вінаватасцю перад Ганнай узяла злосць: "Не хацела тады, як можно було. За Карчом пагналася. Цяпер — думай тут!.. А што я ўдумаю, што?! Калі нічога прыдумаць не можно! Не можно ўжэ!" Ён растрывожана павёў вачыма па полі. Яно, здавалася, глядзела, чакала, спадзявалася; тысячамі сваіх сцяблінак, што варушыліся, хваляваліся, як жывыя. І раптам ён адчуў, як нязбытны цяжар спадае. Як вяртаюцца даўно не знаныя дужасць i яснасць. Поле, бяда яго i радасць! Яго сіла i надзея яго! Быў ён з імі i астанецца з імі! З імі толькі i жыць яму.

Не кіне ён ніколі поле гэтае, якім не нацешыўся, хату, у якой не жыў яшчэ; не кіне — каб i хацеў! Не можа кінуць; як не можа сам сябе загубіць!

"Ганна", — згадалася зноў, але так, як бы разышліся ўжо. Разышліся, ведаючы, што сустрэцца ўжо не давядзецца. Узяла маркота, жаль аб страчаным назаўсёды. "Не суджано, — нібы сказаў ён сабе, суцяшаючы. — Не судзілася тады, дак цяпер няма чаго думаць. Кончылася! Пра дзело трэба думаць, пра гаспадарку!.."

Ідучы зноў мяжою, чапляючыся лапцямі за чэзлае бадылле, тлумачыў сабе: "Мабуць, так ужэ век: што не можно, штоб усе было аднаму. Што трэба нечым паступацца… Дак i трэба паступіцца!.. Не малы! Не стрыкун! Хваціць ужэ балувацца!.. Мало, што даўпадобы! Прайшла пара!.. Пра дзело думаць трэба!.."

Цераз палосы з пожняю, цераз узаранае, цераз межы ён падаўся к узлессю, бліжэй да сяла. Зрэзаў вялікі кут, той жа хуткай, дужай хадою ўзболаткам, поплавам амаль напрасткі пайшоў к загуменню; абмінуўшы сяло, выйшаў к свайму гумну. Да самых поцемкаў, не аддыхваючыся, цупаў i цупаў цэпам. Ужо ў цемры зачыніў вароты гумна, але не пайшоў вячэраць: доўга гаспадарыў у хляве, цешыўся канём.