Выбрать главу

Усхапіўся зноў на золаку. Яшчэ i не ўднела добра, з сякерай кінуўся к новай хаце. Легка адкінуў ад другіх адну калоду, уладзіў, каб не круцілася, замахаў сякерай. Матка ледзь адарвала, каб паснедаў. Да паўдня часаў, дрэва аж звінела пад сякерай; а пасля полудня ўхапіўся зноў за цэп. І цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся.

Як перамяніўся чалавек.

3

Ганне ніяк не ўдавалася пабачыцца з Васілём. Некалькі разоў праходзіла яна па загуменні паўз яго селішча, чакала, але яго не было. Не было Васіля i на тых вячорках, куды хадзіла яна з кудзеляю.

Як надзеі на радасць, узрадавалася Ганна чутцы, што прыехала кіно.

Кіно было ўжо ў Куранях два разы, але першы раз Ганна даношвала дзіця перад родамі, a другі — малое было на руках; толькі з людскіх гаворак ведала яна, якое гэта дзіва — кіно. Вельмі вялікая ахвота была некалі, пасля тых людскіх гаворак, пабачыць кіно, але цяпер кіно прывабіла Ганну не так само сабою, як тым, што на яго сыдзецца многа людзей; ажыла, нецярпліва забруілася надзея — будзе, мабыць, i Васіль!.. Хоць бы здалёк пабачыць, вачыма перамовіцца…

Яўхім яшчэ пад вечар падаўся кудысьці: можна не баяцца, што прычэпіцца, затрымаць захоча. Ледзь накарміла жывёлу, хапаючыся — каб хоць не вярнуўся не ў час! — апранула каптан i стрыманай хадою ступіла на ганак. Выткнуўся, бы знарок, стары, прасіпеў нядобра:

— Куды ето?..

— От, пайду, пагляджу… — як адмахнулася ад яго.

Чула спіною, што глядзіць услед, але не азірнулася.

Ішла цвёрда, упэўнена.

Кіно павінны былі паказваць у Пракопавай хаце, адной з большых куранёўекіх хат. На гразкай вуліцы каля хаты, на двары, у поцемках i ў белым, аж рэзала вочы, святле, што ішло з вокан, тоўпіліся, варушыліся, здалося, усе Курані. Амаль адразу яе ўзрадавана гукнул! i яна азірнулася — ёй усміхаўся Сцяпан.

— Хадзем разам! — сказаў ён весела.

— Можно — разам, — не ўзрадавалася яна.

— За мной ідзі…

Было многа не толькі моладзі, але i старых, асабліва мужчын, — у двары прыйшлося проста прабірацца між чародак людзей. Сярод дарослых усюды шнырылі малыя. Гула гамонка, ускідваўся смех, вясёлыя воклічы.

"Як на вяселлі якім. Ці ў царкве, на вялікі дзень…" — падумала Ганна, таксама поўнячыся весялосцю.

— О тут е такая машынка, якая ток электрычны дае, — цешыўся, казаў Сцяпан. — Круціць яе трэба, штоб электрычнасць дала!.. — Ён засмяяўся: — Глядзі, сколькі ахвотнікаў пакруціць! Папасці ў кіно бясплатно!..

Калі Сцяпан i Ганна ўціснуліся ў сенцы, яна аж радасна прыжмурылася: да таго ж светла, такой яснасці i ўдзень у сенцах не бывае. Зірнула з павагай на лямпачку, што зырчала над расчыненымі дзвярыма ў хату. Ужо затым заўважыла яна поблізу ў сенцах дзіўную машыну з кругамі ўгары, пра якую Сцяпан сказаў, што гэта i ёсць — кінаапарат.

— Галоўны апарат, які паказуе ўсё… Усё ідзе адсюль, ад етаго апарата…

Яго дасведчанасць давала цяпер як бы перавагу, i ён трымаўся з Ганнай вальней i смялей, чым заўсёды. І не таіў шчасця. Яна ўпершыню бачыла яго вясёлым з тых дзён, як ён вярнуўся з няўдалых уцёкаў у камуну. Ганна ведала, што ён цяжка перажываў сваё выключэнне з камуны: кулацкі сын! — ведала, што толькі слёзы яго маткі прымусілі яго зноў вярнуцца з няпэўнага прыпынку — ужо ў Юравічах — дадому. Яна здзівілася, калі ўбачыла ўпершыню, як ён пасталеў за які-небудзь месяц. Век маўклівы, унураны, нейкі нязнана важкі, павольны. Штосьці ў ім нібы раптам згарэла, патухла. І вось — дзіва — зноў запалілася… Ён, аказваецца, мог быць i цяпер вясёлы, давольны…

Каля апарата корпаўся, штосьці папраўляючы, гладкі і, здалося, вясёлы незнаемы хлопец з русявымі, зачэсанымі назад валасамі. Тут жа быў i Андрэй Руды, важна заглядваў туды, што i хлопец, пытаўся ў яго.

Каб увайсці ў хату, трэба было купіць білет, якія прадавалі на століку перад дзвярыма. Сцяпан толькі ўзяў квіткі i пазваў Ганну ў хату, калі побач раптам выпнуўся расчырванелы, з вачмі, што прасілі i малілі, Хведзька:

— І я! І — мяне!..

Яго прапусцілі з імі. Хведзька ішоў, туліўся да Ганны, анямелы ад шчасця, ад белага святла. Але праз хвіліну пасля таго, як Ганна i Сцяпан умасціліся на ўслоне, рудаватага Хведзькавага чубка як i не было побач — знік недзе сярод сваіх равеснікаў, што круціліся, дурэлі на падпозе наперадзе, каля самага белага палатна.