Непрыкметна, спакваля туга ціхла, але зусім не забывал ася: усё ж бачыла ўжо наперадзе няхай дзіўнага, але чалавека, жывога нібы i знаёмага. І чым больш уведвала пра яго, тым больш цікавіў ён, больш спачувала яму. Цікавасць i трывога аб ім дзіўна спляталіся з тугой аб сваёй бядзе, з тугой гipa нейкае нязнанае i заваблівае жыццё ў нязнаных, дзівосных кутках, куды, каб магла, паляцела б з радасцю, ад бяды, ад няпраўды, ад няўдачы сваёй…
З гэтым неспакоем сядзела яна i калі акно наперадзе зноў чыста забялела i заналілася ў хаце святло. Маратуга паляцець, уцячы кудысьці яшчэ пабольшала, запаліла, калі згадала Васілёў позірк, зноў вярнулася душою да таго, што з гэтага позірку зразумела. Яна, аднак, пастаралася адагнаць тугу сваю, стала прыглядацца, прыслухоўвацца да таго, што дзеелася вакол. Было відаць, багата хто быў як бы аглушаны бачаным, не мог ачомацца.
— Ядры яго маць! — выказаў захапленне Зайчык. — Зямля ў небо лезе!
— Які чорны, такі й праворны! — заявіла Сарока. — Цыган чысто!
— Салому са стрэх — нібыто — скармілі! Hi адной страхі!
Андрэй Руды папракнуў за цемнату людскую:
— Каўказ! Следавацельно, i горы. І каўказцы чорныя! І хаты такія! Сакля называецца. Аб етым неаднакратно пісаў Міхаіл Юревіч Лермантаў…
— Горы — нябось — не меншыя, як у Юравічах…
— Параўняў — та-скаць! Вераб’я з бугаём! На дзесяць вярстоў угару прэцца! Хрыбет!
— На дзесяць! Брашы!.. Як усе адно мераў хто!..
— Навукай даказано!
— От адчаянны, дзеткі, еты, што на кані! — зноў уплёў з захапленнем Зайчык.
— Адчаянны! І конік — нічого!.. Мне б такого!
— Умент бы ў Юравічы заскочыў!
— Дак ето — усё? — не то здзівілася, не то проста запыталася Грыбчыха. — Ці шчэ што пакажуць?
— Шчэ будзе! — супакоіў Сцяпан. — Самае цікавае!
Людзям была ахвота паглядзець гэтае цікавае, але той, што паказваў кіно, усё нешта стукаў у сенцах жалезнымі банкамі, мудрагеліў каля машыны. Ледзь дачакаліся, калі патухне зноў святло i задрыжыць-затрасецца белае акно на сцяне. І тут неспадзеўкі ўразіў яшчэ адзін цуд: горы раптам перавярнуліся, звіслі ca столі верхам уніз, неба i воблакі задрыжалі пад імі. І конь, як муха па столі, пабег дагары нагамі, i не чалавек ехаў на ім, а ён на чалавеку, на чорнай кашлатай шапцы. Ганна, як i ўсе людзі, была так здзіўлена тым, што бачыла дасюль, што i гэта ўзяла за дзіва, якое толькі не ведала, як разумець…
Дзеці ж адразу аж завішчалі ад радасці. Віск-смех ix стаў перадавацца дарослым, з якіх той-сёй, як i Ганна, стараўся яшчэ разабрацца, што ж дзеецца на сцяне, — смех, рогат усё дружнеў, дужэў. Неўзабаве ўся хата трэслася ад рогату, у якім на час зусім забылася адважная постаць чорнага конніка. Людзям было нават шкода, калі гэтае вясёлае відовішча на палатне раптам прапала, i вясёлы кіношнік, сам вельмі рады, што пацешыў людзей, стаў зноў корпацца каля машыны. Неўзабаве тыя ж горы i таго ж конніка ўсе ўбачылі як трэба — ён ехаў на кані, камяністай крывой дарогаю. Гэта было ўжо нібы не так цікава, але хутка гісторыя загадкавага каўказца зноў захапіла ўсіх…
У гэту ноч, засынаючы, Ганна бачыла то хаты, што ляпіліся адна на адну, то чорнага чалавека, які ляцеў на кані, цэліўся са стрэльбы, зноў i зноў бачыла Васіля, як стаяў з Маняю, як адвярнуўся ад яе, ад Ганны. Дзіўныя відовішчы кіно i тужлівай рэальнасці снляталіся, блыталіся: на момант убачыла сябе на кані ляціць, ляціць, аж дух займае. Легка, добра-добра шчаслівая, туліцца да адважнага чорнага конніка. Не, не да яго, да Васіля. Ляцяць, ляцяць удваіх з Васілём. Васіль, мілы мой!..
І тут жа абудзілася. Ледзь даўмела, дзе ляжыць, у памяць зноў унізалася: як убачыла Васіля, як ён адвярнуўся, i Ганна ледзь не застагнала. Каб адагнаць тугу, крыўду, боль, стала знарок згадваць тое, што бачыла ў кіно. Але i тут спакою не было. Душа балела па адважным конніку, марыла аб нейкіх адважных учынках, аб прасторы, аб волі. Паляцела б, не паглядзела б ні на што, — каб было з кім… Цудоўныя відовішчы, якія яшчэ жылі ў ёй, звалі, вялі яе ў свет цудаў. Але ўтрымаць у гэтым свеце не маглі доўга: зноў i зноў у мары яе ўрывалася згадка пра Васіля. Самая дарагая надзея гразілася цяпер самай горкай стратай…