Выбрать главу

Апейка запытаў, з якога яны раёна. Аказалася Клімавіцкага, слава пра які, i праўда, грымела па ўсёй рэспубліцы!

— І адкуль ён, толк той, будзе, — уступіў у гаворку той, што сядзеў на скрынцы. — Прыслалі таго Ярашчука калгас рабіць. А ён сам — не араў, не сеяў ніколі!

— І араць не будзе!

— Пэўне ж, не будзе. А камандуе! Яму абы хутчэй! Абы — укінуць ды — далажыць! Што заданне выканаў, арганізаваў усіх! Ды скарэй дадому ў горад, к жонцы цёплай сваёй!

— Дак хіба ж ён думаць будзе добра, што выйдзе з усяго заўтра!

— Ён-то не думае, а што ж — вы думаеце? — падчапіў строга Апейка. — Земля-ро-бы! Кінулі зямлю, поле, няхай — дзядзя арэ! Няхай дзядзя калгас падымае, народ корміць!

Яны не чакалі такога павароту. Апейка заўважыў, як адразу прыхавалі позіркі, аддзяліліся ад яго.

— Буў час, кармілі,— непрыхільна сказаў той, у цялячай шапцы. — І аралі, i сеялі, i кармілі.

— Ды не вельмі-то кармілі,— зноў пайшоў у наступ Апейка. Чуў — не ўгаворваць трэба, а наступаць цвёрда. — Няма чым асабліва хваліцца. І раней — не густа, а цяпер, калі заводаў столькі будуецца, калі гарады растуць, — i саўсім на галодны паёк паставілі б!

Барадаты зіркнуў з-пад цялячай шапкі:

— Паглядзім, як вас калгасы накормяць!

Апейка нібы чакаў гэтага:

— От іменна: глядзець будзеце! Друпя будуць араць, сеяць, біцца, паднімаючы гаспадарку ў сёлах, а вы — глядзець! — Ён сказаў таму, што ў цялячай шапцы. — Самі ўцякаеце, ды яшчэ за сабой людзей цягнеце!

— Нікого я не цягну! Я адшыў, можа, яшчэ пяцёх! Каб я хацеў, дак паўсяла мо пайшло б!

Яго таварышы ківалі: праўду кажа, самі пайшлі, i друпя прасіліся.

— Не адны мы, — як бы павінаваціўся той, што сядзеў на скрынцы. — Думаеце, тут, на вакзале, мала такіх. Палавіну, можа, а то i болей. Усе глядзяць, дзе б дзецца…

— Не усе. На віду заўсёды тое, што паверх плыве. Будзе каму i араць, i сеяць, хлеб рабіць. Карміць — у тым ліку i вас.

Апейка бачыў: не хацелі ўжо глядзець на яго. Былі як чужыя. Барадаты, у цялячай шапцы, не таіў злосці: яшчэ адзін указчык знайшоўся! Але Апейка не шкадаваў: была ўпэўненасць, што правільна так строга павёў гаворку. І ix няма чаго хваліць. Хоць ён i разумее i праўду, i боль ix, якіх дурната нейкага Ярашчука выгнала з родных двароў. Ярашчукова дурната ды i свой страх… Няхай ведаюць, што ёсць i іншая, большая праўда…

Але трэба i да ix справядлівым быць. Ёсць у ix свая праўда, ёсць. І няма чаго хаваць гэта. Ды i ці так папрокі трэба ім цяпер; парада — цвярозая, разумная — от што ім трэба найбольш!..

— Не пашанцавала вам, — сказаў ён мякчэй, як бы з одумам. Яны ўлавілі ў тоне яго гаворкі спачуванне, зірнулі на яго недаверліва, дапытліва. — Не пашанцавала. З Ярашчуком.

Усе трое прамаўчалі, але Апейка прыкмеціў: гэта — спадабалася. Зноў як бы бліжэй сталі. Толькі той, у цялячай шапцы, зіркаў недаверліва.

— Ярашчук, мабыць, ваша праўда, — дурань… — Апейка задумаўся, пачаў разважаць уголас. — Толькі ж тут i так можна падумаць: Ярашчук — то Ярашчук. Ярашчук — збоку прыклёпу… Ды i то, канешне, праўда: нядоўгі госць… Не сам уцячэ — дак выганяць. Раскусяць, што за птушка, — мятлой пагоняць! — Заўважыў у барадатага сумненне, запярэчыў цвёрда яму: — Пагоняць! Раней ці пазней — пагоняць!

— У том i дзело, што мо i пагоняць — ды позно!

— Позна не будзе! — Апейка гаварыў цвёрда, як бы ўсё ведаў загадзя, наперад. Ведаў: толькі так зможа пераканаць ix; калі — увогуле зможа пераканаць. — Але не ў тым соль… Ярашчук Ярашчуком, а калгас — калгасам… — Як сказаў нешта не абы-як важнае, зірнуў не абы-як, i з той жа цвёрдасцю: ведае цану таму, што кажа. Не на вецер кідае: — Калгас — што б там ні накруціў Ярашчук — сам сабою справа надзейная! От што — галоўнае!.. Цёмная яшчэ для многіх, новая, але — надзейная. Разумная. І сваё возьме!.. — Спакойна, упэўнена папярэдзіў: — Так што i тое глядзіце: як бы не пашкадавалі потым аб сабе…

Завязалася спрэчка пра калгасы, звыклая для Апейкі спрэчка, якую столькі разоў всу ужо дома i якую давялося зноў весці тут, "на перасадцы". Апейка не мог бы сказаць з пэўнасцю, што пераканаў ix ва ўсім. але каб задумаліся нанава, гэта ён, бачыў, дабіўся… Як i раней, стаяў на дарозе, палохаў усіх траіх Ярашчук. "Тут жа, каб i хацеў вярнуцца, дак з Ярашчуком — як жыць!"

— Калі буду бачыць каго-небудзь з вашых кіраўнікоў, скажу пра яго…

— Забяруць аднаго, другога прышлюць! — не ўзрадаваўся барадаты.