— Не, няхай скажа. Можа, што i людскае будзе, — запярэчыў той, што сядзеў на скрынцы. — Скажы. Ці напішы…
— Скажу.
Гаворка ўціхла. Трое маўчалі; Апейка адчуў, маўчалі таму, што ён ужо быў лішні ім. Хацелі аб нечым памеркаваць між сабою. А можа, гэта толькі здалося, можа, ім проста не хацелася ні гаварыць, ні думаць. Сказаў, што хоча спаць, што не спаў ноч. Узлёг на спінку лаўкі, стуліў галаву. Бачуў, як яны сталі адыходзіць.
Хацеў заснуць. А сну не было.
2
Падышоў хлопец, пакрыкваючы: худы, чарнявы, насаты, са скураной сумкай на жываце; пачаў прадаваць газеты, кніжкі. Апейка ўзяў газету, амаль абыякава папрасіў паказаць кніжкі; стаў перабіраць i неспадзеўкі натрапіў на знаёмы партрэт на вокладцы. "Алесь Маёвы. Вясеннія ветразі".
Апейка, амаль не лічачы, даў грошы за кніжку, вярнуўся на лаўку. Тут, уважліва, дапытліва, угледзеўся ў паргрэт: акуратна прычасаны, у вышыванай, святочнай сарочцы, з вясёлым i задуменным позіркам. З той жа дапытлівасцю i трывожнасцю разгарнуў кніжачку: першы верш быў знаёмы, чытаў ужо ў газеце; але Апейка адчуў яго нібы нанава: усё бачылася цяпер зусім інакш, як тыя тры ці чатыры месяцы, калі верш друкавалі ў газеце. Амаль дзіцячая, бязмежная радасць вясне, красаванню, якой быў поўны верш, адгукалася ў Апейку скрухаю, неспакоем. З незвычайна вострым адчуваннем гартаў ён лісток за лістком, убіраў верш за вершам i чуў, як скруха i неспакой не толькі не адступаюць, a ўсё важчэй кладуцца на душу. Перагарнуў апошнюю старонку з такім настроем, нібы чытаў пра няскладны лес даверлівага, шчырага хлопчыка, якога невядома за што крыўдзілі…
Вакзал ні на хвіліну не ападаў гоманам. Усё завіхалася буфетчыца, цурчала піва, стаялі з кухлямі ля акна друпя; Ігнат пра нешта гаманіў з двума прыяцелямі. Адзін з трох дзядзькоў, што сядзелі наводцаль, штосыді сказаў двум другім, стаў прабірацца, здаецца, да касы. Да жанчыны з клункамі, Ігнатавай маткі, падышоў малады мужчына ў ватоўцы, сказаў, што будзе вагон. "Багато вас тут?" — запыталася Аніся. Ігнатава матка сказала: "З нашаго сяла шэсць сем’яў. A ўсяго з раёна — паўсотня, не меней…"
Было што назіраць i слухаць. Апейка ўсё бачыў i чуў, але душу ціснулі тая скруха, трывожнасць, што асталіся ад кніжкі. Прыйшло на думку: кніжка выйшла, мабыць, да той гісторыі, да артыкула ў газеце; яе носяць, прапануюць таму, што ці прапусцілі артыкульчык, ці проста не звязалі, што напісаў яе той самы "нацдэмаўскі падбрэхіч". Думкі зноў доўга кружыліся вакол Алеся, турбавалі загадкамі, клопатам. Непрыкметна ва ўзрушаную галаву ўлез успамін пра гаворку з дзядзькамі; перабраўшы нанава тое, што яны казалі, падумаў: колькі зла добрай справе можа зрабіць адзін бязлітасны дурань! Зразу ж — нібы толькі i чакала гэтага — ускочыла, учапілася думка: a хіба няма такіх у тваім раёне! Такіх, якія сваім бесталковым наскокам бураць веру ў добрае, толькі калечаць справу!.. Адагнаў прыкрае, павёў думку да сесіі, на якую ехаў: што там будзе? Важная гаворка павінна быць. Вялікія справы пачаліся. Вялікія перамены ідуць. Жыццё ўсё набірае хаду, рэзка ідзе ўгару… Думкі перанеслі ў Маскву: там толькі што ішоў пленум ЦК партыі, які рашаў надзвычай важныя пытанні, сярод ix — пытанні калектывізацыі. Шкада — няма яшчэ тут сённяшніх газет: вось-вось павінны паявіцца ў друку рашэнні. Факт — тое, што рашыў пленум, будзе мець асаблівае значэнне для сесіі… У памяці прыйшло нядаўняе: артыкул Сталіна "Год вялікага пералому", што быў надрукаваны ў "Правде" 7 лістапада, да кастрычніцкай гадавіны. Апейка чытаў яго дома, тады ж, як прыйшла газета. Ён зноў, як i тыдзень назад, калі толькі чытаў газету, стаў думаць пра артыкул, які ўсё выклікаў нялёгкі роздум.
Сталiн аб’явіў, што калгасны pyx дабіўся небывалых поспехаў, што ў глыбіні сялянства адбыўся карэнііы пералом. У калгасным руху, пісаў Сталін, з’явілася новае: сяляне ідуць у калгасы ўжо не асобнымі групамі, a цэлымі валасцямі, нават акругамі. Kaлi i ёсць нездавальненне ў сялян, то — выходзіла з артыкула — адно тым, што ix не ўпраўляюцца забяспечваць машынамі i трактарамі. І тады, калi чытаў, i цяпер, калі ўспамінаў, Апейка асабліва думаў пра тыя развагі Леніна, якія былі вытрымкамі ў артыкуле i якія павінны былі як бы падмацоўваць некаторыя вывады артыкула. Развагі Леніна вылучаліся глыбінёй, нават кароткімі вытрымкамі яны памагалі Апейку развязваць тыя цяжкія вузлы, якія завязала жыццё. Яны, думкі Леніна, ва ўсім адпавядалі таму, што Апейка бачыў у жыцці; было відаць, як глыбока разумеў Ленін душу селяніна i цяжкасці, што стануць на шляху калгасаў. Ленін як бы папярэджваў ад паспешлівасці i лёгкасці. Той лёгкасці, якая, здавалася, чулася часам i ў артыкуле i бянтэжыла Апейку… Зноў думкі Апейкі кружыліся вакол ідэі — ствараць калгасы-гіганты. Сталін едка высмейваў "навуку", якая сумнявалася, што можна i варга ствараць зернавыя гіганты ў 40–50 тысяч гектараў. Ён непахісна спасылаўся на нейкую практыку. Апейку гэта ідэя захапляла размахам, але i тут, у каторы раз ужо, стрымліваў одум: як зрабіць гэта? Ці рэальна цяпер такое?.. Проста не мог уявіць, як гэта будзе, напрыклад, у яго раёне?