Выбрать главу

Непрыкметна ў думкі зноў унізалася свая трывога: чыстка, Галенчык — чым усё скончыцца? Што скажуць "вышэйстаячыя інстанцыі"? Бо ён жа, Галенчык, калі прыгразіўся, што будзе дабівацца свайго, то — будзе… Гэты слоў на вецер не кідае… Апейка супакоіў сябе: скончыцца добра, канешне. Разбяруцца, скажуць дурню, што трэба. Але ж ты от — разважай, злуйся попусту. З-за дурня, які адзін "адданы", адзін — "пільны"… Зазлаваў ужо на сябе: а не канешне i думаць пра яго! Кланяцца кожнаму дурню! Няхай звягае! А ты рабі сваё! Ёсць суддзя найвышэйшы — сумленне сваё!..

Думаў там, у Юравічах: ад’едзе — забудзе прыкрасці свае, рассеецца, аж от табе — "рассеяўся"! Праўда гэта: ад думак не ўцячэш! З думкамі стаяў у чарзе да акенца касы, каб закампасціраваць білет; з думкамі сядзеў зноў на лаўцы, да той пары, калі аб’явілі, што ідзе поезд, i пачалася мітусяніна, поўная бегу, галасоў, нецярплівасці. Гарката ад думак чулася яшчэ, калі на пероне, у людскім гомане глядзеў, слухаў, як сунецца, аддуваючыся белымі пыхкамі пары, чорны, важкі, нібы спатнелы, паравоз; як ідзе, адціскаючы людзей, крычыць: "Пастарані-ісь!" — чыгуначнік; як бразгаюць буферы, пакалыхваючыся, рушаць міма вагоны, вокны, дзверы з праваднікамі i правадніцамі.

Яны знайшлі ў цёплым, абжытым другімі вагоне два вольныя месцы, ca столікам i каля акна; уладзіўшы чамадан, Апейка ў акно бачыў, як яшчэ доўга не ападала мітусяніна на пероне; бачыў, як рушылі назад вокны вакзала, кран у пабеленай сцяне з надпісам "кипеток", доўпя будыніны складаў. Пайшла разнастайнасць хат, хлявоў, агародаў, закружылася, пагойдваючыся, поле. Было штосьці харошае, супакойлівае ў мерным грукаце колаў, у самім бегу цягніка — па нязвыклым яшчэ, заснежаным полі, з далёкімі i блізкімі лясамі i лясочкамі, з чарнатою блізкіх i далёкіх хат.

Калі Апейка адарваў позірк ад акна, вагон ужо зноў жыў звычайным, спакойным жыццём. За столікам па другі бок некалькі чалавек стукалі ў даміно; хтосьці за перагародкаю вучыўся іграць на гармоніку, недзе плакала дзіця. Побач зусім ён убачыў тую дзяўчыну, што чытала на вакзале; цяпер з ёю загаворваў стрыжаны чарнявы чырвонаармеец. Некалькі чырвонаармейцаў спакойна сядзелі ў суседнім купэ, усе ў шынялях i будзёнаўках, з вінтоўкамі, штыкі якіх былі насаджаны ўніз. Яшчэ двое такіх жа чырвонаармейцаў было відно далей. "Каманда. Ездзілі ці едуць на нейкае заданне…" Блізка быў селянін, малады, з барадою, нечым падобны да аднаго з тых, якія гаварылі з ім на вакзале; Апейка ўспомніў: "Думаеце, мала такіх тут на вакзале…" Падумаў, што i праўда, мусіць, нямала: кідаюць ад страху хаты, поле; a ці мала сярод ix патрэбных, неабходных нават, вёскам, асабліва цяпер… "Трэба б неяк спыніць, затрымаць у сёлах усё каштоўнае. Не даць, каб сяло траціла попусту людзей. Індустрыя, канешне, возьме сваё, багата возьмуць будоўлі. Але трэба зберагчы i для поля… Трэба змагацца з ix страхам. Цярпліва тлумачыць. Прывіваць веру… Адзін выхад…"

Яго паклікалі гуляць у даміно. Апейка сядзеў у шумлівай купцы дзядзькоў i хлопцаў, пакуль праз вагон не пайшоў стары, прастуджаны праваднік: "Бабруйск! Каму Бабруйск! Выходзьце!.." Адзін з прыяцеляў, ці Нс самы гарачы i галасісты, выглянуў, нібы не верачы пашкадаваў: "Прыехалі!.." Ён усё ж дагуляў партыю’ ужо на стаянцы; давольны выигрышам, скінуў чорныя костачкі ў мяшочак i ўрэзаўся ў чараду людзей, што ішлі ў вагон.

Апейка вярнуўся на сваё месца. Жыхары вагона проста на вачах мяняліся: новая змена з порсткім тупатам, штурхаючыся, хапаючыся, сапучы, разыходзілася па калідоры, па ячэйках, з чамаданамі, з клункамі, з мяшкамі. Чырвонаармейскай каманды ўжо не было; сядзеў толькі распрануты чарнявы — мабыць, адпускнік. Смеючыся, зазірнуў у кніжку, якую дзяўчына нібыта спрабавала чытаць. Апейка зноў глядзеў на мітусню на пероне, разглядваў новых пасажыраў, глядзеў, як цягнік прабіваецца праз блытаніну вуліц, вулічак, бляшаных ды гонтавых дахаў. Вочы мімаволі лавілі праявы чужога жыцця: сані з дрывамі, пры ix — дзве постаці: цёткагараджанка i вясковы дзядзька з пугаю; чародка дзяцей каля горкі — на саначках, з канькамі; забітая дошкай крама з крыва павіслай, адарванай з аднаго краю шыльдай.