Выбрать главу

Кружыліся за шыбкамі поле, ляскі, беглі вёскі. Вагон пругка пакалыхвала; спорны, імклівы стукат колаў унізе ўсё больш аддаляў роднае мястэчка. Новыя краявіды, новыя шыр, дарогі, снягі падбягалі, знікалі, змяняліся; у гэтым імклівым лёце ўвесь час не адступалі, кружыліся думкі. Ахвотна думаў пра добрае, цікавае — сесію, пленум, сустрэчы са знаёмымі, адганяў трывожнае, назольнае, што прымушала ныць сэрца. Адганяў, а потым лавіў сябе на тым, што зноў думае пра тое, што вярэдзіць душу. Пра Алеся, пра Галенчыка, пра Башлыкова, пра брата, пра будучыню сваю, у якой паявілася нядобрая невядомасць. Пра тое, як жыць i быць.

Брат. Саўчык. "Звязаны з класава чуждымі элементамі…" Чаму такое вялікае значэнне мае, хто твой брат? Чаму яно становіцца часам не меншым, а нават нібы большым, як тое — хто ты сам. Людзі ж не выбіраюць братоў сабе: гэта ён тады ўдала сказаў Башлыкову; не выбіраюць братоў, дзядзькоў, цётак, пляменнікаў; чаму загадзя, навек запісана, што адносіны з імі могуць быць толькі прыязныя; што яны — абавязкова! — неяк уплываюць на цябе. Яны на цябе, а не ты — на ix! Чаму ты абавязан адказваць не толькі за сябе, a i за ix — якіх у вёсках можа быць дзесягкамі. Канешне, тут у яго не хто-небудзь, а — брат. Родны брат. Гэта праўда. Але ж гэта, калі задумацца, яшчэ лепш гаворыць пра тое, як неразумна дабівацца дыстыляванай чысціні ў біяграфіі па часці сваякоў… Чаму такі клопат пра ідэальную біяграфію; часта куды большы, чым клопат пра ідэальнасць дзейнасці чалавека! Вазьмі таго ж Башлыкова: ідэальная біяграфія яго як бы ужо загадзя спісвае яму якія-небудзь грахі ў рабоце. Як бы ўжо чалавек з такой біяграфіяй сам па сабе ідэальны ва ўсім, ва ўсіх учынках… Хоць у жыцці часта бывае зусім наадварот… Чаму багата хто лічыць, што жыццё можа каціцца гладзенька, роўненька, як паравоз па рэйках! Чаму некаторым бачыцца ўсё такім просценькім, нямудрым, калі i дурню відно, якое яно няпростае, старое жыццё; асабліва ў крутыя, як цяпер, паваротныя часы! Чаму іншыя нават падазрона глядзяць на старанне разабрацца разумна, справядліва, не біць з пляча; чаму часта найбольш цэніцца просталінейнасць, якую невядома чаму завуць прынцыповасцю, хоць гэта найчасцей чэрствасць i неразумнасць. Ды яшчэ выдаюць ix за знак асаблівай "рэвашоцыйнасці", "адданасці"!..

За акном праляталі неспакойныя, ірваныя кудлы дыму з паравоза. Так жа рвана ішлі i думкі ў Апейкі — у развагі ўваходзіла цікаўнае, загадкавае: чаму гэта раптам выклікалі ў Мінск Белага, які ехаў тут днём раней? Потым зноў ішлі развагі пра Башлыкова: што — можа — просталінейнасць яго — ад маладосці, ад няведання жыцця; што пажыве — пераменіцца, не інакш. Жыццё таксама навучыць… З радасцю думаў пра Белага: от ён — чалавек ленінскай вывучкі!..

Усё больш адчуваў набліжэнне Мінска. І ужо як пра блізкае, абавязковае думаў пра тое, што зробіць тут за гэтыя дні. Самым першым нязменна было: сустрэцца з Алесем!..

3

У Мінск прыехалі ўвечары. Горад спаткаў россыпам агнёў на пуцях, у вулічных ліхтарах, у вокнах. Каля дзвярэй з вакзала ў горад сухарлявы чалавек у капелюшы пытаў, ці ёсць удзельнікі сесіі ЦВК. Праз некалькі хвілін Апейка, Аніся, яшчэ двое незнаемых дзядзькоў кацілі ўжо, святочна ўзрушаныя, аўтамабілем па святочна-прыгожых вуліцах сталіцы. Зіхцелі, беглі агні, зіхцеў, вясёлкава іскрыўся ў святле агнёў снег мільгалі постаці, вокны, пад’езды, урачыстая чырвань транспарантаў, пачэпленых цераз вуліцу; калі прыпыніліся, прагрукатала вялізнае, са светлымі вокнамі дзіва — Трамвай! — сказаў з захапленнем Апейка. Чулая радасць поўніла сэрца.

Апейка пазнаваў: ехалі па галоўных вуліцах — ІІ ліпеня, Савецкай, Ленінскай. Выйшлі на пляцы Волі каля гасцініцы "Еўропа". Аніся была не толькі ўсхваляваная, a i трохі разгубленая; хаваючы разгубленасць, увесь час паглядвала на Апейку, як бы чакаючы яго парады. Шафёр узяўся памагчы паднесці ёй чамаданчык; яна ўсё вінавацілася, што от i сама магла б паднесці, проста не ведала, куды дзець рукі. У гасцініцы ix спаткалі яшчэ больш ветліва, запісалі ўмомант, далі пакоі; далікатны, рухавы хлопец папрасіў адно не затрымлівацца, спусціцца сюды ж, каб ісці ў рэстаран абедаць.

Апейка злавіў Анісін позірк i сказаў, што зойдзе па яе, што прыйдуць сюды разам. Ветлівасць, чысціня, цішыня Апейку заспакойвалі, яшчэ ўзмацнялі настрой святочнасці, радаснай лёгкасці. Пакой быў добры, такі ж чысты, прывабны, як i ўсё тут: паўз сцены тры ложкі, нікеляваныя, з шарыкамі, пасярэдзіне — квадратны, засланы белым накрухмаленым абрусам стол. Усе ложкі былі вольныя, Апейка ўзяў сабе бліжні. На стале акуратна ляжала некалькі газет — паклапаціліся i пра гэта: ён узяў адну, "Правду", вочы адразу выхапілі: Пленум ЦК ВКП(б). "Аб выніках i далейшых задачах калгаснага будаўніцтва". Рэзалюцыя. Апейка нецярпліва прабег вачыма, пашкадаваў, што трэба ісці. Рашыў, што прачытае адразу, як вернецца… Пасля дарогі, недаспанай ночы асалодаю было плюхацца над белым умывальнікам, надзяваць чыстую сарочку, завязваць не вельмі звыклы гальштук. Калі глядзеў у люстра, раптам зноў, без прычыны, без думак, упаўзла трывога, неяк асабліва чутная, недарэчная сярод святочнай бесклапотнасці. Ён не паддаўся трывозе, адагнаў назольныя, гатовыя апанаваць думкі; але святочнай бесклапотнасці ўжо не было; чуў сябе зноў на неспакойнай зямлі. З неспакойнасцю глядзеў i за акно — за прыпарушанай трохі шыбкай былі званіцы пляца Волі, будынак ЦВК, голы скверык, ішоў ціхі сняжок; на ўспамін, асабліва блізкі цяпер, прыйшоў Алесеў воблік, клопат пра яго…