Выбрать главу

Калі пастукаў у пакой да Анісі, тая яшчэ збіралася. Яна выглянула цікаўна ў дзверы; заплятаючы касу, радасна сказала, што зараз збярэцца — "заходзьце", але Апейка не пайшоў: пачакае тут, у калідоры. Чакаць давялося нядоўга: праз хвіліну, заплеценая ўжо, з русявай касой, яна выскачыла зноў i ўвяла Апейку ў пакой. Была ў той жа шэранькай шаўётавай жакетачцы, у картовай спадніцы, у ботах, вялікіх i важкіх; але кругленькі твар быў такі вясёлы, цікаўныя вочкі блішчалі так молада, што Апейка сам павесялеў. Яго зразу ўцягнулі ў спрэчку: Аніся i суседка спрачаліся, надзяваць ці не надзяваць хустку; суседка гаварыла, што ў горадзе, у сталоўцы ці ў тэатрах, сядзяць без хустак, а Аніся пярэчыла — без хусткі нядобра: "Якась стыдно… Як усе адно неадзеты перад чужымі…" Вочкі яе, як ні хавала, бліскалі шчасцем, калі, завязаўшы хустку, раз, потым другі няёмка, знарок строга паглядвала ў люстра. То была нібы не проста кашаміравая зялёная хустка, a асаблівая краса, у якой твар цвіў, як адна з тых агністых кветак, што так хораша гарэлі на лісцяным зеляніве хусткі. То была самая вялікая Анісіна краса. Ці дзіва, што Іван Анісімавіч цвёрда, без знаку якоганебудзь сумнення падтрымаў Анісю.

— Ну от, звілі кубелца з Арынаю Цітаўнай! — гаварыла ў калідоры Аніся, ласкава, як бы прасіла прабачэння ў суседкі за тое, што не паслухалася. — Як дзве птушкі ў гняздзечцы! Зляцеліся з розных старой свету! А от — у адным кубелцы!.. — Давольная, зіркнула на Апейку. — Так што вы не думайце болей нічога за мяне! Цяпер — не прападу!..

Абыходлівы, белатвары хлопец з ЦВК толькі намерыўся правесці ix у рэстаран, калі з-за шкляных дзвярэй паказаўся нізкі, таўставаты дзядзька ў паліто з каракулевым каўняром i ў стаўбуновай каракулевай шапцы. Зачыніўшы дзверы, ён неяк смешна, няўклюдна пашаргаў чаравікамі ў галёшах, аціраючы рэшткі снегу, азірнуўся; убачыўшы Апейку i жанчын, падаўся проста да ix. Апейка пазнаў: Чарвякоў, старшыня ЦВК Беларусь

Ён проста, неяк па-вясковаму, падаў усім руку, схаладалую на ветры, мяккую i сціплую.

— Ну, як уладзіліся? — запытаўся найбольш у жанчын. — У якім пакоі? А, непаганы. Ціхі i цёплы". — Чарвякоў пацікавіўся Апейкавым нумарам, даведаўся, ці паабедалі.— Што ж ты, братка, морыш людзей голадам? — папракнуу хлопца так лагодна, весела, што ўсе засмяяліся.

— Аляксандр Рыгоравіч, прыехалі яшчэ… — хацеў быў далажыць хлопец, але Чарвякоў перапыніў:

— Пагаворым, братка, потым пра гэта. Людзі, братка, з дарогі. Галодныя…

Дзіўна добра было пасля яго говоркі: нічога нібы не сказаў асаблівага, a ў душы асталося светлае, лагоднае. Мабыць, ішло ад незвычайнай прастаты ў абыходжанні, натуральнасці i добрай зычлівасці ва ўсім, што ён казаў. У тым, як ён трымаўся, як гаварыў, не было i знаку той знарокавай, разлічанай "дэмакратычнасці", калi кіраўнік нібы падладжваецца, падрабляецца пад прасцяка; i робіць i гаворыць усё толькі таму, што так трэба. У тым, як трымаўся Чарвякоў, чулася, што ён трымаецца так таму, што інакш i не можа, што ён звык да гэтага, што яму няма ніякага клопату пра тое, як яму выглядаць між людзей. Усе неяк зразу пачулі: просты, вельмі добры чалавек; Апейка ж падумаў, што ў тым, як Чарвякоў трымаецца, як вольна i шчыра, ёсць троху i ад звыклага ўжо адчування, што яго ведаюць i любяць i будуць любіць…

Ужо калі вячэралі ў рэстаране, Чарвякоў, без паліто i без каракулевага стаўбуна, паявіўся зноў. Таўставаты, прыгорблены, з пацёртым паргфелем на жываце, агледзеўся, важка, няўклюдна патупаў каля стала, дзе сядзеў Апейка з жанчынамі. Крэслы былі ўсе заняты, ён, прыціснуўшы локцем партфель, узяў адно ад суседняга стала, сеў з імі. Яшчэ да таго, як ён уладзіў на каленях партфель, падышла спяшаючыся афіцыянтка, борзда пачала ставіць талерку, фужэр, лажыць відэлец, лыжку.