Ён лагодна спыніў яе:
— Нічога не трэба… Хаця — піва пляшачку прынясіце. А больш не трэба. Я паабедаў нядаўна, зусім насыціўся… — Спытаючы смачна піва тоўстымі, усмешлівымі губамі: відаць, i выпіць, i пад’есці любіў усмак, — у ён неяк смачна, з асалодай казаў: — Сягоння з дарогі паспіце добра. A заўтра, браткі, пагуляйце дзень. Пагладзіце горад. Багата новага зрабілі. Красівы горад наш становіцца! Кра-а-сівы! Сталіца сапраўдная!.. Трамвай — бачылі? — пайшоў… Універсітэцкі гарадок, браткі, паглядзіце! Цэлы гарадок, горад — праўда! Будуем! Добры гарадок будзе студэнгам!.. Клініку будуем — паглядзіце!.. Будуемся!.. Паглядзіце, браткі!.. Адпачніце заўтра дзянёк. Добра пагуляйце. А паслязаўтра — рабіць будзем. Рабіць, aгa. Сесія будзе важная! Ва-а-жная!..
Папіўшы піва, надаваўшы парад, ён падазваў афіцыянтку, разлічыўся. Развітваючыся, прызнаўся раптам па-таварыску:
— Сам я таксама толькі што ў Мінску паявіўся. Учора толькі з Масквы, з пленума. Вялікія справы рашылі там!.. Вялікія!..
Яшчэ з паўгадзіны сядзеў за столікам наводдаль.
Апейка ў гэты вечар не пайшоў нікуды: карцела — у пакоі чакала газета. Калі ён вярнуўся, у пакоі, як i раней, нікога не было. Ён уладзіўся за сталом, разгарнуў шырокі ліст, адразу прынік да роўных, важных радкоў. Рэзалюцыя перш нагадвала пра рашэнне XV з’езда партыі аб калектывізацыі дробных гаспадарак, падводзіла вынікі таму, што ўжо зроблена. Апейка адзначыў мімаволі — "услед за бедняком у калгасы рушыла i серадняцкая мае а", "пераход да суцэльнай калектывізацыі раёнаў i акруг". Уступ быў сціслы i стрыманы, адразу за гэтым, як бы адказваючы на тое, што непакоіла яго, рэзалюцыя загаварыла аб тым, што бурны рост калгасаў выклікае разам багата складанага i цяжкага. Тут Апейкава ўвага брала ўсё асабліва востра: у строгіх словах адразу адчуў тую жывую бяду, якая назаляла, пякла ўвесь час. Як знаёмае, асабістае вярэдзіла душу тое, што чытаў далей: нізкі ўзровень тэхнічнай базы, дрэнная арганізацыя i нізкая прадукцыйнасць працы, востры недахоп калгасных кадраў, "амаль поўная адсутнасць неабходных спецыялістаў". Апейку была даспадобы праўдзівасць, з якой рэзалюцыя гаварыла пра цяжкасці: за гэтай адкрытасцю ён бачыў, што там, на пленуме, добра разумелі складанасць становішча i был i настроены дзелавіта, сур’ёзна. Нібы пацвярджаючы яго спадзяванне, рэзалюцыя тут жа, дакладна, фактамі, пункт за пунктам, стала паведамляць, што будзе рабіць партыя для таго, каб адолець цяжкасці, хутка пайсці далей. Гэтая частка, можа, найбольш захвалявала Апейку: чым далей, больш — i вельмі канкрэтна — бачылася, як багата будзе зроблена, якое вялікае, небывалае наступленне развінаецца. Апейку радавала i па-баявому настройвала добрая прадуманасць далейшага. З ухвалай адзначыў: пачынаецца будаўніцтва двух вялікіх трактарных заводаў, заводаў камбайнаў i іншых машын. Запомніў, як важную вестку, што ў вёскі, на дапамогу, павінна прыйсці моцнае папаўненне: 25 тысяч перадавых рабочых. Пільна ўбіраў у сябе, пібы слухаў аднадумцаў, калі чытаў пра набалелае: што трэба зрабіць каб падняць дысцыпліну ў калгасах; вылучыў — асабістую адказнасць кожнага за зробленае i матэрыяльную зацікаўленасць. Не вытрымаў, падкрэсліў: "Пленум ЦК перасцерагае супраць недаацэнкі цяжкасцей калгаснага будаўніцтва i асабліва супраць фармальна-бюракратычнага падыходу да яго i яго вынікаў…"
Калі дачытаў, сядзеў нейкі час задуменны: не адпускала прачытанае. Акрамя адчування агромністасці таго, што так жыва ўбачылася, турбавала важнасць моманту. Падумаў: не памыліўся, чакаючы, што будзе — важнае рашэнне. Як распарадак на наступленне… Чуццё не ашукала яго: рашэнням гэтага — лістападаўскага пленума суджана была асаблівая, надзвычайная роля ў тых нялёгкіх, крутых i шырокіх падзеях, што пачыналіся.
Праз думанне пра пленум прашылася будзённае: ці прачытаў ужо гэтае Башлыкоў, i калі прачытаў, то што выведзе з усяго? Тады адчуў стому, успомніў недаспаную ноч, устаў, згарнуў газету, паклаў у чамадан: трэба захаваць. Яшчэ поўны думак, стаяў каля акна, пазіраў на аснежаны пляц Волі, як бы пераконваючыся ў тым, што ён, праўда, у Мінску. Распрануўся, лёг — пачуў, што ўсяго яшчэ калыша з нядаўняй дарогі. Па звычцы стаў думаць пра заўтрашні дзень: што заўтра трэба зрабіць. Сярод клопатнай разнастайнасці думак вылучылася зноў, стала першай у чаргу тая, што ішла ад неспакою пра Алеся. "Зранку ж трэба зайсці ва універсітэт. Пабачыцца, высветліць усё… Зайсці абавязкова ў ячэйку, пагаварыць…" Потым у думкі ўвайшоў успамін пра сустрэчу з Чарвяковым: з ухвалай i павагай думаў пра шчырую ўважлівасць, чалавечнасць яго, якія выяўляліся i ў вялікіх справах, што былі вядомы раней, i ў такім нібы дробным, як сёння, у дробнай гутарцы. Для Апейкі заўсёды ўзорам была сціпласць, чалавечнасць Калініна, i ён падумаў цяпер: у Чарвякова ёсць гэтае ж, калінінскае. Недарэмна, як i Калініна, яго так любяць у народзе. Успомнілася, як адзін стары бальшавік казаў: у Лондане, у дні з’езда партыі, Ленін, зайшоўшы ў атэль, у нумар, дзе жыў дэлегат, праверыў, ці не вільготныя прасціны. Раптам згадаў, параўнаў: "Ленін прыходзіў. A Башлыкоў?.. Зайшоў бы, пацікавіўся?.." Адказаў самому сабе, добра ведаючы: "Не зайшоў бы. Палічыў бы, што — сакратару райкома… драбнавата!.." Падумаў: у некаторых маладых кіраўнікоў, асабліва ў тых, у каго не лішне культуры, — як нейкая хвароба — боязь прынізіць сябе. Боязь прастаты, сардэчнасці, таварыскасці; іншы раз — проста-такі недавер’е да звычайнай ветлівасці. Стрыманасць, халаднаватасць — як нейкі абавязковы закон паводзін. Адносін да ўсіх. Ад чаго гэта? Ад апаскі, што прастата, ветлівасць шкодзіць сур’ёзнасці, пільнасці?..