Выбрать главу

— А я на што — не паедзе?

Глушачыха пашкадавала:

— Не да таго ёй. Не чапай…

— Скажы ёй, — строга загадаў Яўхіму стары. — Жджэм, скажы!

— Тато, вы, праўда, не чапайце! — заступіўся за Ганну i Сцяпан.

— Маўчы! Не ўтыкай носа!

Яўхім прашаргаў лапцямі ў хату. Калі ён убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу, але халадок, што даўно жыў між ix, звыкла стрымаў шчырасць.

— Хваціць ужэ. Што ўпало, тое прапало, сколькі ні бядуй… Дак i бедаваць няма чаго вельмі… Без пары ў магілу лажыцца.

Яна не сказала нічога. Шкадаванне раптам размякчыла яго. Яўхім сеў побач, йалажыў руку на яе плячо, прытуліў галаву. Яна не адгукнулася на гэты знак яго пяшчоты, не прыгарнулася. І не адхілілася, не скінула яго руку. Яго як бы i не было.

— Паедам, — пастараўся не заўважыць ён непрыхільнасці да яе, што абудзілася ў душы. — А то ты звядзешся тут, адна са сваімі думкамі… На людзях буць трэба…

Яна маўчала. Ён сказаў цвярдзей:

— Паедам.

Тады яна расчапіла губы, выціснула:

— Не паеду я.

— Бацько жджэ.

— Усё адно.

Па тым, як казала, пачуў: гаварыць больш лішне. Не паедзе. Зняў руку, падаўся на ганак. Стрымліваючыся, сказаў старому:

— Чуе сябе пагано, гаворыць…

Стары недавольна памыляў губамі i загадаў ехаць без яе. Ён узлез ужо на воз, калі Яўхім падаў думку, што трэба было б, каб хто-небудзь астаўся: каб часам не ўчыніла чаго над сабою! Думаў, здаецца, што бацька пакіне яго, але стары, раздражнёны, сказаў астацца Сцяпану.

— Да рана! — кінуў Сцяпану з воза. — Рано штоб на балоце буў!

Ён крыкнуў Яўхіму — ехаць хутчэй з двара.

6

Сцяпан не пайшоў у пакой, дзе была Ганна, — не наважыўся. Лежачы на палку ў бацькавай палавіне, толькі слухаў цішыню ў тым баку, дзе Ганна сядзела ці ляжала.

Сцяпану было шкада яе. Хоць i не бачыў i не чуў яе за сцяною, адчуваў Ганну так, нібы яна была з ім. Ведаў, як ёй балюча. Яму самому балела, як ёй.

Даўно-даўно спачуваў ёй Сцяпан — яшчэ з тых дзён, калі яна — асцярожная, старанная — толькі пачала хадзіць у ix хаце. Можа, нават — ад той яе першай спрэчкі з Яўхімам, калі да яе лез са сваімі п’янымі запяцаннямі Крывароты…

Сцяпан потым не раз заўважаў, як цяжка прывыкае яна да нязвычнага ёй парадку, прыжываецца ў новай сям’і. У ix нiколi не было асаблівых, шчырых гаворак, яна н i кол i нікому не скардзілася, таілася нават, што ёй цяжка, але i без гэтага ўсяго Сцяпан добра бачыў, як душылі яе работа без перадыху, панурасць, i скупасць, i прагпасць ix. Бачыў Сцяпан, што дзень пры дні, як з жалезнай клеткі, ірвалася яна адсюль, з ix хаты, да сваіх, на волю… Ірвалася, але хавала свае парыванні, стрымлівала, прымушала сябе трываць…

Яго i самога таміла тут. Самому нудна было — у роднай хаце — пасля таго як бацька не пусціў больш у Юравічы, сарваў з вучобы, калі ён, Сцяпан, толькі абвык, увайшоў, можна сказаць, у смак. Начамі ў духаце бацькавай хаты сніліся юравіцкія горы, школа перад самым схілам, за вокнамі якой шырока жаўцелі i шарэлі пяскі i сінелі хвойнікі запрыпяцкай грады. Сніпіся, як шчасце, што ўжо ніколі не вернецца, паходы з юравіцкімі таварышамі на вольную Прыпяць, дзе так міла плюскоча вада каля берага, дзе так прыемна бярэ за лыткі вадзяны халадок. Пасля той волі, прастору — ці ж лёгка яму ў гэтай цеснасці, нудзе, калі толькі i ведай — капацца ў зямлі, у гнаі, без радасці якой, без надзеі…

Ці ж мог ён не бачыць, што i ёй нялёгка, горка! У ix жа была, можна сказаць, адна доля-няволя — тое ж, што ён трагііў у бяду, заступіўшыся за яе, за Ганну, яшчэ нібыта радніла. Сцяпану, хоць ён не толькі не казаў ёй, але i не прызнаваўся самому ў гэтым, Ганна была самым блізкім, дарагім чалавекам. Ён быў давольны, калі яна цешылася чым-небудзь, смуткаваў, калі яна смуткавала.

Ён захапляўся спрытам Ганны, зачарована лавіў удалыя, калючыя яе слоўцы — які ў яе дасціпны, востры язык! Як яна, загарэўшыся, умела абсякаць Яўхіма, адразу, некалькімі словамі!

Якая яна харошая! Воч бы, здаецца, не зводзіў з яе мілага твару з прыгожымі смуглявымі выпінкамі шчок, з як бы ганарлівым носам, са зграбным, акуратным падбародачкам i гарачымі, выгнутымі вуснамі. А вочы яе, вішнёвыя, увесь час неспакойныя вочы, у якіх то смутак, то бляск насмешкі, то затоены боль, — што яны адны маглі рабіць са Сцяпанам!

Дзіўны бацька, не мог даўмець, чым яна ўзяла Яўхіма! Ды яна каго хочаш прывабіць, заваражыць можа! Скажы яна адно слова Сцяпану — i ён, здаецца, пойдзе за яе ў агонь i ў ваду!

Можа, не было б гэтага жадання, гэтай ласкі да Ганны, калі б было ёй добра, калі б бачыў, што душа яе поўна сваім шчасцем. Калi б не заўважыў, што i Яўхім, маўклівы, пануры, затоены ў горкай i злоснай недавольнасці, рэдка-рэдка калі гляне на яе радасным, замілаваным вокам! Чуў, не раз пераконваўся Сцяпан — не любіць яна Яўхіма, так толькі трывае. І ў Яўхіма якая любоў, калі ў той любові не столькі дабраты, колькі крыўды i спасцярожлівасці.