Выбрать главу

У думкі раз-пораз урываліся згадкі пра бачанае, чутае ўдзень: твары, гаворкі, вагонны лёт, бег снежных палёў за акном. Чуючы снежную свежасць пасцелі, неадступнае пакалыхванне, ён нейкі час ляжаў бяздумны, бесклапотны; было добра, лёгка. З лёгкім сэрцам ён i заснуў.

Прачнуўся ён яшчэ поцемку з той жа лёгкасцю на душы. Ад святла знадворку ў пакоі было шаравата; пабачыў — на абодвух ложках таксама ляжалі, на крэслах вісела вопратка. Апейка ціха адзеўся, абуўся, стараючыся не плёскаць вадою, памыўся пад кранам; асцярожна ступаючы, выйшаў у калідор. Рэстаран быў зачынены; ён знайшоў буфет, вузенькую баковачку, у якой нечакана было поўна заклапочаных людзей. Папіў чаю, зноў вярнуўся ў пакой, у якім, як i раней, заўзята храплі двое невядомых, апрануў паліго. Праз шкляныя дзверы выйшаў у сіняваты мінскі досвітак. Марозу амаль не было, у подыху ветру чулася трохі вільготнасць; у сіняватым, рэдкім поцемку ліхтары гарэлі цьмяна, няпэўна. Дзе-нідзе яны ўжо тухл i. У паветры чулася яшчэ начная ціхасць, што прыглушвала галасы i гукі; толькі галкі на голых дрэвах сквера дзёрлі горла, нібы стараючыся перакрычаць адна адну.

Адразу за вуглом атэля пачыналася Ленінская, адна з самых жывых вуліц Мінска; Апейка пругка i весела закрочыў на яе. На вуліцы было ўжо багата людзей i руху, Апейка ўвайшоў у гэты рух, як у паўзабыты, даўно не бачаны свет. Цікаўны, востры позірк яго кожны момант лавіў новыя праявы гэтага паўзабытага жыцця: абліччы, тое, што людзі неслі, абрыўкі гаворкі; дзверы, вітрыны, магазіны, што ішлі побач. Некаторыя магазіны былі ўжо адчынены; туды заходзілі i адтуль выходзілі, адтуль патыхала цяплом i хлебам ці зямлёю — надзейным знакам бульбы. Праз вокны Апейка бачыў людскi тлум, чэргі ля прылаўкаў. Паўз адзін магазін чарга доўга цягнулася i па грагуары: стаял i па хлеб. На многіх дзвярах былі яшчэ замкі, завалы, многія вітр Ы ны яшчэ драмалі ў цемры. Цёмна было ў кніжных магазінах, на раскладзеныя ў вітрынах кніжкі разам свяцілі цьмяныя ўжо ліхтары i ранішняя сінь; Апейка перад адной вітрынай стаў, пашукаў з надзеяй кніжачку са знаёмым партрэтам. Не знайшоў.

За доўгім дашчатым плотам будавалі дом; людзі рабілі ўжо: з ночы яшчэ там i тут над сценамі блішчалі лямпачкі, пачэпленыя на жэрдкі i на драты між жэрдак. Магло быць, што людзі рабілі тут i ўсю ноч, — будавалі i ўдзень, i ўночы. Дом быў падняты ўжо за трэці паверх, было відаць, што будыніна расце вялізная, са смелым размахам, вартая сталіцы i часу. Нават проймы вокнаў уражвалі нязвыклай шырынёй, як яшчэ адзін знак нязнанай раней смеласці.

Неўзабаве Апейка пачуў далекаваты, але дужы гул; зацята, аж выбіваючыся на віск, лезла ўгару недзе ад Свіслачы машына. Ён мімаволі стаў, углядваючыся ў той бок, чакаючы, востра ловячы кожны гук, кожную праяву: ён ведаў, ішло дзіва, якое славілі газеты i паэты i якое ён толькі мелькам убачыў учора з аўтамабіля — мінскі трамвай.

Апейка зводдалек пабачыў, як трамвай вылез з-за гары, паволі, важка выпаўз, стаў каля цэнтральнага сквера. Выпусціўшы купку людзей i забраўшы тых, што чакалі, ён пабег насустрач Апейку лягчэй, хутчэй, з грукатам i звонам, якія імкліва, няўхільна раслі i дужэлі. Ён прамчаў паўз Апейку з такім громам, такім ззяннем вокан, за якімі людзі выглядалі дзіўна святочна, што Апейкава сэрца напоўнілася гонарам за сваю сталіцу, за краіну; у грымотным лёце трамвая, ад якога аж здрыгалася зямля, Апейку пачуўся магутны індустрыяльны поступ краіны.

На Савецкай людзей пабольшала, i ішлі яны цяпер вельмі хутка; іншыя ледзь што не беглі. Не адзін, не два паглядвалі на гадзіннікі над тратуарам: набліжаўся самы пачатак рабочага дня ва ўстановах. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як i сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу.