Выбрать главу

Калі ён падышоў да Універсітэцкага гарадка, ужо зусім развіднелася. Гарадок будаваўся; там, куды падышоў Апейка, ён быў абгароджаны дашчатым плотам; за агароджай чырванелі недакончаныя камяніцы адразу некалькіх будынкаў. Пры кожным з ix былі людзі, мноства людзей; на драўляных усходах, на рыштаваннях, каля самаробных блокаў: насілі, паднімалі на блоках складкі цэглы, цабры з цэментам, кпалі сцены. Будынкі, як i той, які Апейка бачыў раней, будаваліся з размахам: кожны даўжынёй ледзь не на цэлы квартал; увесь жа Універсітэцкі гарадок быў сапраўдным горадам у горадзе: агароджа будаўнічай пляцоўкі абкружала ні мала ні многа — некалькі кварталаў. Занятая будаваннем вялікай індустрыі, краіна не шкадавала ні рабочых, ні матэрыялаў, каб зрабіць моладзі ўсё, што трэба для вучобы, для асветы…

Апейка не адразу знайшоў той адзіны цагляны будынак на два паверхі, дзе — каля самай чыгункі — ціснуўся пакуль універсітэт. Сцены будынка знадворку былі калісьці пабелены, цяпер дождж размыў пабелку, вецер наляпіў вугальнага тару ды пылу, будынак выглядаў так нікчэмна, што Апейка i не падумаў бы, што тут можа быць універсітэт. Да таго ж i дабрацца да яго было няпроста: усё навокал абгарадзілі,— можна было падысці толькі па вузкім калідоры між платоў, з боку чыгункі. На шчасце, дапытваючыся універсітэта, Айейка натрапіў на студэнтку, ветлівую, бялявую дзяўчыну ў кажушку i ў хустцы, вельмі падобную на сваіх юравіцкіх равесніц. Дзяўчына ў кажушку i давяла Апейку да універсітэта; ветлівая, сарамяжая, з пачырванелым на холадзе вострым носікам, сказала, дзе можа быць сакратар камсамольскай ячэйкі,— хапатліва пабегла падшытымі валёнкамі на другі паверх. Апейка агледзеўся: тут, дзе хадзілі маладыя хлопцы i дзяўчаты з кнігамі, дзе з усіх сцен глядзелі то расклады заняткаў, то сценгазета "За бальшавіцкія веды", то аб’явы пра сходы, пра вечары, Апейку неяк асабліва ўзяло шкадаванне, што не давялося самому пабыць студэнтам. "Не патаўчэшся ніколі ў студэнцкай гурме… Hi клопатаў, ні радасцей гэтых не зазнаеш ужо… Акопы ды шпіталі ды газета пад сельсавецкай газоўкай — усё тваё студэнцтва… Паспяшаўся нарадзіцца: будзеш век невукам. Усё жыццё… — Апейка стрымаў сябе: — Нічога, стары. Друпя павучацца. Умей радавацца за другіх. Змена якая ідзе, бачыш — прыгожая, культурная!.."

У пакоі, які яму паказала дзяўчына, было два студэнты. Адзін — чорненькі, плячысты, у зацяганай, але адмысловай вельветавай куртачцы, другі — русявы з неяк па-дзіцячы мілым віхарком, у сацінавай сіняй сарочцы i пінжачку. Русявы, з віхарком, адказаўшы ц а нрывітанне, ветліва папрасіў Апейку пачакаць хвілінкуот толькі дакончыць гаворку з таварышам. Меркавалі пра спектаклі: для чагосьці выбіралі спектакль; адразу, як дамовіліся, чорненькі развітаўся, весела, хвацка стукнуў дзвярыма, i русявы цікаўна зірнуў па Апейку. Гэта i быў сакратар ячэйкі. Калі Апейка назваў сябе. сваю пасаду, ён зычліва падаў руку, ад душы паціснуў Апейкаву. Поціск быў дужы, чулася, што рука гэта ведала працу. Было i ў позірку яго светлых, нібы празрыстых вачэй штосьці вельмі добрае, зычлівае; i па гаворцы, i па манеры трымацца было відаць, што хлопец просты, шчыры. Гэтае ўражанне як бы дапаўняла тое, што каўнер касавароткі быў расшпілены; нібы паказваў: уся душа наросхрыст.

— У мяне да вас важная справа, — сказаў, як бы папярэджваючы, Апейка.

— Без важнай справы вы, пэўна, не зайшлі б сюды, — усміхнуўся зычліва хлопец. Ён як бы паказаў, што гатовы памагчы ўсім, чым можа.

— Я хачу даведацца, што на самой справе было з… — Апейка на момант запыніўся: як лепш назваць, — з Алесем Маёвым. Вы, канешне, ведаеце яго i яго ўчынак?

— Ведаю… — Апейка заўважыў, як у празрыстых вачах паявілася штосьці стрыманае, насцярожанае. Хлопец як бы адасобіўся. Запытаў:

— Вы — хто яму?

— Я вучыў яго…

Хлопец не зразумеў:

— Як — вучылі?

— Вучыў у школе. Настаўнікам быў у яго…

— А-а… — Уважлівыя вочы глядзелі, чакалі яшчэ нечага.

— Першыя вершы чытаў. І потым — сачыў, як можна было. Больш — па газетах… — Апейка тлумачыў спакойна, мякка, як старэйшы таварыш.

Хлопец дзіўна маўчаў. Быў ужо хмурны, вельмі сур’ёзны, як бы не хацеў пачынаць ці не ведаў, з чаго пачаць.

— Дык што ж было на самой справе?

— Што ж, раскажу, — сказаў хлопец раптам дзелавіта, цвёрда. — Толькі — коратка. Тут адна справа якраз чакае. Раскажу галоўнае… Гэта — непрыемная гісторыя. Непрыемная для ўсёй ячэйкі, для ўсяго універсітэта… Тут i наша віна, камсамольскай ячэйкі, не адмаўляюся. Прамаргалі, выпусцілі з-пад увагі. Камсамольца, таварыша аддалі, можна сказаць, самі ў рукі другіх. Самі не вялі выхаваўчай работы, вось тыя i выхавалі. Выхавалі па свайму ўзору i падабенству… Для нас гэта вялікі ўрок — i на сённяшні дзень i на заўтрашні…— Апейка, i ідучы сюды, i пачынаючы гаворку, яшчэ спадзяваўся на добрае, на тое, што ўсё акажацца калі i не зусім шчаслівым, то ва ўсякім разе не такім паганым, як ён трывожыўся; i вось кожнае слова студэнта пераконвала, што здарылася самае горшае. — Хлопец быў наш, — як бы білі Апейку словы шкадавання. — Быў наш. — "Чаму: быў наш?" — азвалася у Апейку нязгодаю, але ён стрымаў сябе. — Мы верылі яму. Спадзяваліся на яго як на камсамольца, таварыша! А от прамаргалі, i былы таварыш адкалоўся. Адкалоўся, а потым — пакаціўся ўніз. Дакаціўся да таго, што стаў прыслужнікам нацдэмаў. Паслугачом наццэмаўскага ахвосця! Паслугачом ворага!