— Вы разам вучыліся? — Пайшлі ужо іншай вуліцай, таксама вузкай, але цішэйшай; можна было ступаць побач.
— Разам. На адным курсе.
— Як жа дайшло да ўсяго гэтага?
— Ён i раней казаў так. Спрачаўся з тым, што пісалі. Пра Пушчу i Дубоўку.
— З чым спрачаўся?
— Ну, з тым, што яны нацдэмы, ворагі. Казаў, што ім перашкаджае сялянская стыхія i арыгінальнічанне. Але што яны з часам выхаваюцца ў добрых пралетарскіх паэтаў. І што ім трэба памагчы, а не адштурхоўваць…
— І як ты лічыш — няправільна ён казаў?
— Ды мы i самі багата хто так думалі… Толькі — не вельмі гаварылі. Так, хіба ў кампаніі сваёй, сярод таварышаў… А яму гэтага мала. У яго што наўме, тое i на языку. На сходах яго дык асабліва цягнула на спрэчку.
— Гэта пагана, што ён на сходах — адкрыта?
— Не, хто кажа… — Хлопец на момант запыніўся, загаварыў разважліва: — Казаць можна. Але неабавязкова лезці з усім тым, што ты думаеш. Не тое што скрываць трэба, але трэба перш падумаць, які будзе толк з таго. І тое яшчэ знаць трэба: што калі прыходзяць на сход i гавораць нейкія рэчы, то, значыцца, гэта ўсё праверана i абдумана таксама. Людзьмі, у якіх ёсць фактаў пабольш, якія знаюць пабольш… І наогул не трэба лезці на сцяну, без толку!..
— Яго выключылі не на літфаку?
— У нас амаль усе галасавалі супраць выключэння. Яго выключылі потым — на бюро. A ў нас сабрал’ япічэ адзін сход: аб прынцыповасці i аб шкодных праявах на літфаку. Аб ім, можна сказаць. Праўда, яго ужо не было…
— Ён што — не перамяніў сваёй думкі?
— Перамяніў? — Хлопец хмыкнуў: — Ён потым знарок паказваў стойкасць сваю! — Па-юначы шчыра як бы пахваліўся сваёй практычнасцю: — Я яму казаўтрэба прызнаць памылку. Прызнаў бы — i ўсё было б добра. Інакш было б!
— Значыць, ён быў перакананы.
— Перакананы не перакананы, a калі трэба — то трэба было прызнаць. А ён — не! Усё па-свойму, дабіваўся ўсё сваёй праўды. І — дабіўся!
Больш Апейка не пытаўся. І спрачацца не стаў: адчуваў, што спрэчка прападзе попусту. Моўчкі, асклізваючыся, ішоў па крывых вулічках з ямамі, між драўляных, касабокіх хат з зялёным i чорным гонтам, з аканіцамі; вулічках, якія былі як сёстры юравіцкім, самай нязграбнай местачковай глухамані. Як i на юравіцкіх, амаль нідзе не было тратуараў. Каля аднаго, падобнага на іншыя, крывабокага дома хлопец адчыніў веснічкі, першы пайшоў на двор. Апейка мімаволі глянуў у акно: убачыў за цёмнай шыбай лапушысты вазон i свой цьмяны адбітак на шыбе.
На ганку патупалі, абабіваючы наліплую снегавую, з гразёю макрэчу, сумленна выцерлі боты. Увайшлі ў сенцы, ступілі ў хату.
— Дома Алесь? — звонка i весела сказаў хлопец, павітаўшыся.
Сухаватая, не вельмі ветлівая гаспадыня, што знарок перастаўляла табурэтку ля стала, з увагай акінула Апейку, як бы рашаючы: варта ці не варта казаць. Незычліва адказала: дома. Але хлопец яе не чуў; ён, не пытаючыся, расчыніў дзверы, уваходзіў у другі пакой.
— Забраўся чорт знае куды! — усё з той жа звонкасцю папракнуў ужо некага іншага. — Ледзь дацягліся! Прымай гасцей!
Убачыўшы Апейку, Алесь ад неспадзеўкі зніякавеў. Момант яшчэ сядзеў за сталом, потым схамянуўся, устаў, ніякава паціснуў руку. Павёў вачыма па пакоі — ці ўсё да ладу. Мітусліва падаў табурэтку, такую ж, як у тым пакоі, дзе гаспадыня, узяўся папраўляць кніжкі i сшыткі на стале, прыгладзіў не вельмі паслухмяную русявую чупрыну.
— Вуліцы, брат, — што коўзанкі! Коўзаешся ўвесь час — як кот на лёдзе!.. Што парабляеш? Вершы?
Хлопец нахіліўся над сталом. — Ага. Руская літаратура дзевятнаццатага стагодцзя. Вучымся, значыць! Пр-равільна!
Ён яўна строіў з сябе бывалага, баявога хлопца. Алесь не папраўляў яго i не падладжваўся: як бы i не заўважаў таварыша, які нібы не хацеў нічога разумець.
Сеўшы зноў за стол, Алесь зірнуў насцярожана на Апейку i ўжо не ўздымаў вачэй.
Але, чуў Апейка, жыў нялёгкім хваляваннем сустрэчы.
Таварыш яго, якім ні ўдаваў сябе бесклапотным, усё ж хутка ўлавіў, што Алесю не да яго балбатні, бадзёра аб’явіў:
— Што ж, я сваю функцыю выканаў
Ён весела паціснуў руку Алесю, са сталай стрыманасцю развітаўся з Апейкам. Праз момант звонкі голас яго прыбіўся з суседняга пакоя, хвацка стукнулі дзверы…
І калі асталіся адны, доўга яднала абодвух маўчанне. Апейка глядзеў з пяшчотаю, са спачуваннем, з увагаю: збоку здавалася — Алесь не змяніўся вельмі. Было ў твары, у постаці тое ж юнацка мілае, далікатнае, сарамяжае, з-за якога не зусім i верылася, што гэта ён, гэты далікатны юнак, так цвёрда трымаўся сумлення свайго, стаяў так перад небяспекаю. Можа, хіба толькі — цвёрдасць у падбародку, у шчаках, новая, не бачаная раней ці не заўважаная; ды i позірк недаступны, затоены. Не такі, як там, на полі…