Выбрать главу

Алесь, як бы штосьці раптам успомніўшы, стаў хутка корпацца ў паперах. Дрыготкімі ад хвалявання пальцамі выцягнуў лісток, спісаны яго почыркам. Дрыготкім ад узрушэння голасам загаварыў:

— У нас некаторым варта было б напомніць, што казаў гipa такія рэчы Ленін. Хоць кожны дзень напамінаць! — Ён стаў чытаць, выразна, як бы ўрачыста: — "Точные факты, бесспорные факты — вот что особенно… необходимо… если хотеть серьезно разобраться в сложном и трудном вопросе…" От што казаў Ленін! Нібы спецыяльна для такіх дзеячаў! — Ён з пашанай разгладзіў паперку, раптам зноў задумаўся: на чыстым юнацкім твары зноў паявілася клопатнасць. Потым зноў сказаў трывожна: — Аж страх бярэ — як легка цяпер некаторыя вешаюць людзям усялякія ярлыкі. Скажа — "вораг", "нацдэм", "прыслужнік фашызму", — i яму хоць бы што! Таму, хто хоча заступіцца за невінаватага, могуць так даць, што не рад будзе! А таго, хто ні за што абзаве ворагам нашага ж чалавека, — ледзь не хваляць!

— Калі цячэ рака, нясе яна i пену, — сказаў разважна Апейка. — І бруд таксама нясе. І ламачча гнілое. Усякага трапляецца ў ёй, сам знаеш… — Апейка стаў расказваць яму пра сваю чыстку, пра Галенчыка, пра Белага, Беразоўскага, Гайліса.

Алесь слухаў яго моўчкі i нібы няўважліва, думаючы пра нешта сваё. Яшчэ да таго як Апейка скончыў, за акном праплыла гаспадыня: хустка, плечы. Стукнулі дзверы, спачатку ў сенцах, потым у хаце.

Алесь загаварыў так, быццам думаў уголас:

— Хтосьці казаў: самае важнае — паставіць у час кропку. Гэта правільна. Самае важнае заўсёды — пачуццё меры. Любую разумную справу можна давесці да абсурду. Да злачынства нават… Асабліва ў такі час, калі ўсё ў заўтрашнім дні…

Гаспадыня прынесла, паставіла яшчэ бутэлечку гарэлкі, капусты i хлеба. Апейка сказаў, што піць больш не будзе; папракнуў Алеся за тое, што п’е. Той адказаў знарок бесклапотна:

— Гэта не часта…

— Трымацца трэба.

— Стараюся…

Яны яшчэ нямала гаварылі, найбольш ужо аб родных мясцінах, знаёмых людзях, успаміналі сустрэчы, перажытае. Між гэтых успамінаў Апейка па-бацькоўску параіў напісаць матцы i сястры — супакоіць ix. Пра што ні гаварылі, жыў у Апейку, не адступаў неспакой пра Алесеў лес: сказаў яму напісаць заяву ў ЦК камсамола — папрасіць пераглядзець усю гісторыю.

— Я напісаў…

— Не адказапі яшчэ?..

— Не…

Алесь правёў яго да гасцініцы. З гасцініцы Апейка адразу пазваніў Беламу, але таго не было. Ён пазваніў другі раз i таксама не застаў. Толькі на трэці раз Апейка пачуў голас Белага. Белы адазваўся прыхільна, але сказаў, што цяпер заняты вельмі i сустрэцца можа толькі праз паўтары гадзіны.

Роўна праз паўтары гадзіны Апейка сядзеў у пакоі Белага. Белы i тут трымаўся спакойна i проста: без якой-небудзь важнасці ці насцярожанасці, i разам з тым без той гасціннасці, якой іншыя кіраўнікі паказвалі свой дэмакратызм i якую Апейка вельмі не любіў. Ён пацікавіўся, як Апейка ўладзіўся ў гасцініцы. Сустрэўшыся з ім позіркам, Апейка чакаў ужо, што ён зараз захоча даведацца аб прычыне візіту яго, калі Белы раптам запытаў, ці чытаў Апейка рашэнні лістападаўскага пленума ЦК. Стаў расказваць пра тое, што Апейка ведаў пакуль толькі па чутках, пра справу Бухарына. Пленум, сказаў Белы, абмеркаваў новую заяву Бухарына, Рыкава i Томскага ад І2 лістапада, ацаніў яе як фракцыйны манеўр, падобны да трацкісцкіх.

— Бухарына вывелі з Палітбюро. Рыкава i Томскага папярэдзілі. Пры самай малой спробе зноў працягваць барацьбу супраць ЦК будуць прыняты аргмеры.

Ён не стаў тлумачыць значэння падзеі, ведаў, Апейка ўсё разумее. Апейка заклапочана памаўчаў, нібы паказваючы, што i не трэба тлумачыць. Правая апазіцыя зноў рашыла даць бой i пацярпела паражэнне. У маўчанні было i разуменне таго, што ўсе тры правыя лідэры — члены Палітбюро, кіруючыя дзеячы: Рыкаў — старшыня Саўнаркома, Бухары и — рэдактар "Правды", Томскі — старшыня ВЦСПС. Правыя зноў спрабавалі павярнуць партыю на свой лад…

Ён зірнуў на Апейку, нібы пытаючыся: які клопат прывёў сюды. Уважліва слухаў, пакуль Апейка расказваў пра Алеся, пра бяду яго.

Калі Апейка скончыў, стрымана, дзелавіта сказаў:

— Добра, я займуся гэтай справай. Што змагу, зраблю.