Думаючы, згадваючы, Апейка прыкмячаў недавольна, што ў душы яго ўсё нейкае хваравіта ўзрушанае, чулае, што нават на звычайныя думкі адгукаецца яно неспакойным, вярэдлівым хваляваннем. Было нешта ад той узрушанасці, з якой ён сядзеў у рэстаране, толькі цяпер, на адзіноце, сярод цемры, усё гэта чулася мацней. Тут ён злавіў сябе на адчуванні, што аб чым ні думay, за ўсім чуў большае, больш важнае, больш трывожнае. Ён знарок чапляўся думаць пра іншае, спакайнейшае, стараўся не трывожыць сябе; але i думаючы пра іншае, ён не мог не чуць водсвіту таго, больш важнага i паганага.
Яно ўсё вісла над ім, навальвалася, гняло. Усё намагалася прарвацца ў думкі. Ведаючы, што ні да чаго добрага не дадумаецца з ім, Апейка гнаў яго, спадзеючыся, што ўсё абыдзецца, што прыйдзе патрэбная бяздумнасць, спакой. Трэба было спаць: выспацца перад не абы-якім заўтрашнім днём. Але спакой не ішоў.
"Цьфу ты, як хвароба! — вылаяўся ён. — Лезе ўсякае! Усякая непатрэбшчына!.. Знайшло час!.." Ён павярнуўся на другі бок, паспрабаваў яшчэ заснуць, але адчуў, што супакоіцца не зможа, i перастаў ужо гнаць тое паганае i трывожнае. "Галенчык… Пільны i непахісны Галенчык. Усё-такі напісаў!.. Белага адклікалі!.. Дабіўся!.. Значыцца, не скончылася. Значыцца, чысціць будуць яшчэ!.. І, значыць, можа яшчэ павярнуцца i інакш!.." Гэта ж яго шчасце, што там аказаліся Белы i Беразоўскі! А каб не Белы, а яшчэ адзін Галенчык? Ці ж цяжка было трапіцца яшчэ аднаму такому?.. Мяркуючы ж па тым, што казаў Белы, i тут ёсць свае галенчыкі. З большай сілаю… Вунь як ухапіўся павярнуць гісторыю з Зарэцкім! На цэлую партячэйку, на ЦКК адважна замахнуўся!..
Зноў убачыў, як зрушыла, нахілілася, коса папаўзла сцяна; стала потырч, упала ў цемру. Адолеў, адагнаў кволасць. "Глупства ўсё! Далікатныя нервы! П’яны хмель!.. Піць не трэба было! Не трэба!.."
Раптам ён нібы зноў пабачыў сябе ў пакойчыку з вазонамі, раскіданыя паперы на стале; Алесь як бы i цяпер сядзеў, звесіўшы галаву. "За што ж цябе гэта?" — "За веру…" Умомант, з незвычайнай яркасцю, уражлівасцю, урыўкамі, што ішлі без парадку, абы-як, зноў апанавала яго бачанае, чутае там. Памчалі, закружыліся, як бы радуючыся, што прарваліся, думкі пра Алеся, пра яго лес.
Чаму з ім так абышліся? Таму толькі, што сказаў тое, што думаў? У чым яго парушэнне камсамольскага статута? Парушыў дысцыпліну — не згадзіўся з думкай райкома? Але ж сіла наша — не ў бяздумнай дысцыпліне, сіла — у калектыўным розуме i — у калектыўным сумленні. Дысцыпліна павінна быць зліта з сумленнем, з перакананнем. Нават ваенная дысцыпліна лепш за ўсс, калі яна евядомая. Тым больш гэта трэба камсамольскай, партыйнай. Трэба пераконваць, даводзіць — асабліва там, дзе усе маладыя, зялёныя Чаму ж зразу — камандныя вокрыкі? Чаму зразу — пракурорскі прысуд? Зразу — выкідаць?!
Хіба тое, што ён сказаў, папярэчыць чым-небудзь генеральнай лініі партыі? Чаму ж — выкінулі?! Чаму так абышліся з сумленным, адданым нашай справе чалавекам? Чалавекам — вельмі каштоўным. Не толькі таму, што ён — иаэт, талент, a i таму, што — прыгледзеліся б — чалавек які! Іменна ж такія — з характарам, з моцным сумленнем, з цвёрдай прынцыповасцю — аснова ва ўсякай вялікай справе. Іменна яны — сыны i ўнукі тых, хто калісьці ішоў i на катаргу i ў ссылкі з-за сваіх перакананняў. Іменна такія могуць выстаяць у часіны трудных выпрабаванняў, выстаяць, не пахіснуцца; такія не будуць адседжвацца ў зацішку. Іменна яны, а не тыя, хто i цяпер, у мірны час, адседжваюцца, адмоўчваюцца, туляюцца, што гатовы, наперакор свайму заечаму сумленню, "разумна" глядзець на ўсё, больш за ўсё асцерагаючыся якой-небудзь рызыкі. Чаму прыстасаванец з душой слізня іншы раз больш даспадобы, чым характар сумленны, надзейны, але неспакойны? Ён сказаў, што — сумняваецца? Што ж — дакажыце, пераканайце яго, не пашкадуйце часу i клопату. Іменна ў такіх неспакойных, адкрытых, прынцыповых — сіла народа, сіла партыі. Жывая сіла.
Ён заступіўся за чалавека; а чаму ён не мог заступіцца, калі не ўпэўнен у тым, што той вінаваты? Хіба б лепш было, каб ён, не ўпэўнены, што чалавек — вінаваты, наперакор свайму сумленню, прамаўчаў бы? Каб ён — па сутнасці — зрабіў подлы ўчынак! Чаму ж ён, зрабіўшы подлы ўчынак, мог бы хадзіць між таварышаў, вучыцца, тады як, паступіўшы сумленна, апынуўся па-за таварыскай гурмой, стаў i не камсамол ьцам, i нават не студэнтам?.. Чаму — праўда, думаў Апейка, згадаўшы тое, што казаў Алесь, — абараняць цяжэй, чым абвінавачваць? Чаму — праўда — той, хто абвінавачвае, загадзя стаіць нібы вышэй? Нібы ўжо самім тым фактам, што можа абвінавачваць, нападаць — даказвае сваю адданасць! Чаму, — адкуль гэта ўзялося? — той, хто каго-небудзь абараняе, рызыкуе нібы паказаць сваю мяккацеласць, трапіць у апартуністы? Адкуль гэта ўзялося, як яно пранікла ў наша паветра: што прынцыповасць — гэта толькі, ці найперш, — выкрываць, абвінавачваць? A калі вінавацяць — невінаватага, сумленнага партыйца? Вінавацяць без пераканаўчых доказаў? Хіба ж гэта менш важна, менш прынцыпова — заступіцца за таварыша, падтрымаць яго? Хіба ж прамаўчаць, не падаць руку падмогі таварышу, на якога нападаюць без падстаў,— не беспрынцыпнасць сапраўдная? Яшчэ горшая! Падобная на здраду!..