Не адзін раз хацелася Сцяпану дакрануцца да яе рукі, пагладзіць супакойліва, сказаць ласкавае, добрае слова! Але з гэтым лезла, вярэдзіла душу важкая вінаватасць: нядобрай, грэшнай чуў гэту неадступную ласку да братавай жонкі. Дакараў, лаяў сябе: ведаў, што грэх i здрадніцтва — ласка да Ганны, a нічога не мог зрабіць, каб з гэтай бядою ўправіцца. Не адступала, тачыла душу развага: а чаму грэх, калі яна не любіць Яўхіма?
Не любіць Яўхіма. І ўсё ёй тут не люба. Вырвалася б з радасцю, пайшла б куды вочы глядзяць! І ён, Сцяпан, мог бы пайсці з ёй, куды зажадала б, — абы воля, абы прастор. Абы — разам… Няхай толькі слова скажа!..
Але яна не гаворыць гэтага слова, нібы i не заўважае нічога. Думае, мабыць, што ён проста брату прыяе…
Цяпер ёй так цяжка. Усю ўцеху страціла… Ёй так трэба цяпер апора, апора i — воля. Там, у другім месцы, нішто не напамінала б ёй пра бяду… А што, калі пайсці i сказаць ёй, каб не бедавала вельмі, супакоіць хоць трохі. А то яна — адна са сваёй бядою, мучыцца адна. Хоць думкі ёй адвесці ад бяды… Пайсці пасядзець удваіх — падтрымаць.
А ён падтрымаць можа — не малы ж ужо. Каб прыйшлося, дык i сам сабою жыць мог бы — зможа, калі прыйдзецца, сваім хлебам пракарміцца. Не прывыкаць рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а дзе трэба, то i граматай падрабіць зможа. Пражыве, калі што якое!.. І другім з ім жыць было б анігадкі — прыпяваючы маглі б жыць, не тое што з бацькам i Яўхімам! Ён-то не марнаваў бы работай без перадыху i не глядзеў бы па-воўчы…
А што, калі адважыцца i выказаць усё? Выказаць усё чыста — нашто ёй i яму цярпець немаведама для чаго! Таіцца, выжыльвацца дзень пры дні, душыцца, прасветліны не бачачы!.. Калі багата хто жыве інакш, на-людску, калі i ім жыць па-людску не закрыта дарога!.. Толькі адважыцца — i пачнецца новае, вольнае, жаданае… Бацька i Яўхім прыедуць, а ix i след прапаў — шукай ветру ў полі!.. Сцяпан аж устаў з палка, захадзіў па хаце, выйшаў на ганак — сэрца шалёна білася. Пайсці. Сказаць усё!..
Ступіў на яе ганак. Да яе дзвярэй. Але тут раптам апанавалі яго неадольная кволасць i нясмеласць. Ён стаў, прыслухаўся: можа, плача, тады ён увойдзе, стане суцяшаць — i скажа ўсё. Так было б лепш. Аднак плачу не было чуваць. Ён адышоў ад дзвярэй.
Некалькі разоў падыходзіў да дзвярэй, намерваўся ўвайсці i — стаяў нясмела. Не хапала адвагі. Лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Дзіўнае рабілася з ім: i ўвайсці сілы не было, i адступіцца, адарвацца ад дзвярэй — ніяк. Нібы ланцугом прыкаваны. Падыходзіў, адыходзіў, як прыкаваны, папракаў самога, здзекаваўся нават з сябе. Потым злосць узяла на сваю нерашучасць, стаў нібы смялей… Цяпер — ці ніколі! — адагнаў усё і, не разважаючы больш, не вагаючыся, адчыніў дзверы.
У цемры Сцяпан стаў, агледзеўся — дзе яна. Не так убачыў, як угадаў — на ложку ляжыць, але не пайшоў да яе. Пачакаў, думаў, што запытаецца, адгукнецца якнебудзь. Яна не адгукнулася. Тады нясмела, ціха стаў набліжацца да ложка — няўжо спіць?
Як грымела сэрца, калі спыніўся, нахіліўся над ёю — прыслухаўся, прыгледзеўся зблізку. Аж нібы жарам абліло ад гэтай блізкасці, затлумілася ў галаве. Яна не спала, глядзела, але — гэта вельмі бянтэжыла — хоць бы варухнулася! Як нежывая!
— Таб-бе… можа… пагано?.. — выціснуў Сцяпан.
Ганна не адказала. Збянтэжанасць яго не толькі не прыціхла, а яшчэ памацнела, ён стаяў, скрануцца не мог. Толькі чуў, як грыміць яго сэрца i тлуміцца ў галаве. Цяпер кволасці ўжо не было, ён гатоў быў на любую адвагу, але — вось жа бяда: навошта гэта адвага, што рабіць? Як бы раптам перастаў цяміць.
— Mo што… трэба?.. Дак я…
Яна, замест таго каб парадзіць, павярнулася моўчкі, легла тварам уніз. Сцяпан пастаяў, трэба было штосьці рабіць — дакрануўся да яе, асцярожна паклаў руку на плячо. Далонь яго апаліла, гарачыня ўмомант заліла ўсяго, аж млосна стала. Хацелася, як ніколі, прытуліцца да Ганны, абняць. Ледзь пракаўтнуў гарачы камяк, што стаяў у горле:
— Ганна…
Як ён шкадаваў, як любіў яе ў гэты момант, якое хараство, радасць якая, надзея таміліся, гарэлі ў ім, чакалі, спадзяваліся, імкнуліся! Ён жыў толькі імі, толькі ёю! Каб яна сказала яму ў той момант памерці, ён памёр бы, мабыць, шчаслівы! Ён быў гатоў для яе на ўсё!