Апейка зноў апынуўся ва універсітэцкім пакойчыку, пачуў злое: "Адкалоўся… Дакаціўся!.. Стаў прыслужнікам!.. Паслугачом нацдэмаўскага ахвосця!.." Нанава стаў перабіраць у памяці, што казаў Алесь пра Гартнага. Не падобна было, што хлопец затлумлены проста: вельмі ж цвяроза, разумна разважаў. Не, тут было не сляпое захапленне. Канешне, што да Гартнага, ён мог i не ведаць усяго; тагосяш на сходзе маглі не сказаць па якіх-небудзь прычынах, — чаго-небудзь, можа, пакуль нельга было пускаць шырока. Можна было дапусціць i такое, што Гартны перарадзіўся. Апейка не мог бы абсалютна паручыцца за Гартнага, але ў яго, з таго, што ён ведаў, не было i ўпэўненасці, што Гартны — вораг, што Алесь памыляецца. Мімаволі прыйшло ў думкі: ці не было тут, з Гартным, падобнага на тое, як "выкрываў" Галенчык яго, Апейку? Таксама ж прамова была "пераканаўчая", з "фактамі"! І тут ці не "факты" такога ж парадку i тая ж праўда?!. Памяць нагадала, — калі так проста было абвінаваціць у "контррэвалюцыйнай прапагандзе" адну з цэнтральных газет, то хіба ж не маглі так жа прышыць бірку "нацдэма", ворага, аднаму чалавеку? Тым больш што чалавек гэты мог быць i не зусім не вінаваты; хоць вінаваты зусім па-іншаму. Як бальшавік, што рабіў памылкі ў рабоце.
Адразу падумалася: колькі ў любога чалавека, асабліва з тых, хто на кіруючай рабоце, такога, к чаму можна пры ахвоце прычапіцца! Прычапіцца, крыва расталкаваць, перавярнуць усё дагары нагамі. І калі такое могуць зрабіць з чалавекам, які адданасць сваю даказаў даўно i ясна, то як жа тым, у каго такіх доказаў няма? У каго звычайная біяграфія, а то яшчэ i пляма якая — брат кулак ці яшчэ які чорт?
Лупіць з-за пляча, канешне, лягчэй, чым развязваць, разбірацца. Лупіць з-за пляча яно i больш "надзейна"; само па сабе відно — рэч "прынцыповая". Але ж сячы з-за пляча добра было, калі конь імчаў цябе насустрач ворагу, яунаму ворагу; тады, калі не было як разбірацца, калі трэба было дзейнічаць адразу. Сячы — гэта неабходнае ў вайну, супроць яўнага ворага. Але як сячы тут, дзе наступаюць не ланцуг на ланцуг, дзе свой i вораг разам, дзе добрае i злое пераблыталася, сплялося; дзе легка секануць шабляй не толькі па ворагу, a i па сваім? Чаму ж іншыя гатовы секануць па табе толькі за тое, што ты хочаш разабрацца, перад тым як узняць сваю шаблю? Што ты хочаш, перш чым рашыць, разблытаць, разгледзець таго, хто перад табой? Пільнасць, — пільнасць якраз i павінна быць зліта з уважнасцю, з імкненнем разабрацца ва ўсім добра!..
Апейка ўспомніў, што казаў Белы пра Бухімовіча, i падумаў: не памыліўся Белы; такі Бухімовіч, i праўда, можа быць як правакатар — са сваёй яўнай архіпільнасцю i тайным кар’ерызмам. Што, калі такія бухімовічы ды галенчыкі — пры ix галасістасці ды нахабстве — возьмуць сілу, калі не адзін, не два такія, пры цяперашніх акалічнасцях, возьмуць сілу, — чаго яны наробяць са сваёй архіпільнасцю? Пры такім парадку, калі вольна будзе нападаць на кожнага, хто захоча разабрацца, выключаць тых, хто намерыцца заступацца? Калі даць волю такім, каму хочацца — для справы, вядома! — надзвычайных мер i правоў? Каму не церпіцца секануць з-за пляча? Калі моўчкі дазваляць награваць "страсці".
Ён падумаў, што такія людзі i такія тэндэнцыі, калі ix не стрымаць, могуць зрабіць нетрывалым становішча ледзь не любога чалавека. Апейка тут жа запярэчыў сабе, што тэндэнцыя гэта жыве толькі таму, што пакуль мала праявілася: не заўважылі, як трэба, шкоду яе; калi ж толькі праявіцца, ёй дадуць бой. Прышчэмяць, як гадзюку, што ўпаўзла ў дом.
Яму верылася, што гэта — да пары, што прыйдзе пара, i недалёкая, — i з усім гэтым разбяруцца, як трэба. "Чаго ты хочаш? — спрачаўся ён сам з сабою, цвярозы, разважны. — Каб проста было ўсё? Не будзе проста. Складана будзе ўсё. Бо — складаны час. Вораг не той, што ў ірамадзянскую. Не тымі метадамі дзейнічае. Асцярожна, спадцішка. Затоены, пад друга маскіруецца. Усміхаецца, як друг. Не ўсякага зразу раскусіш. А трэба — выкрыць. Абясшкодзіць. Каб не ўсадзіў нож у спіну табе!.. Таму трэба пільнасць, надзвычайная пільнасць! І нічога не зробіш, іншы раз яна будзе перарастаць у падазронасць! І лагоды, далікацтва — не будзе! Барацьба не спрыяе далікацтву! Барацьба ёсць — барацьба! Барацьба патрабуе рашучасці, робіць жорсткім. Гэта — непазбежна… Нельга зваць да лагоднасці. Гэта аслабляе ў барацьбе! І гэта — пры барацьбе — проста немагчыма. Трэба быць цвёрдым, рашучым, напагатове заўсёды! Такі закон барацьбы. Азбука барацьбы. Ты добра ведаеш гэта. — Але нехта іншы ў Апейку i згаджаўся з першым, i спрачаўся: — Ведаю. Але той жа закон барацьбы кажа: адзін у полі — не воін. Помні, што побач плячо друга. Памагай таварышу, ён — паможа табе. Толькі з таварышамі ты — дужы, ты — баец!.."